Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя вынікі ЦВК: прэзыдэнтам Польшчы стаў Лех Качыньскі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Польшчы абвешчаныя афіцыйныя вынікі другога туру прэзыдэнцкіх выбраў, паводле якіх перамог мэр Варшавы, кандыдат ад правацэнтрысцкай партыі “Закон і справядлівасьць” прафэсар Лех Качыньскі. Ягоны канкурэнт, лідэр лібэральнай партыі “Грамадзянская плятформа”, магчыма, зойме пасаду сьпікера Сэйму.

Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтарвыбаркаму, за Леха Качыньскага прагаласавалі 54% палякаў, а за Дональда Туска – 46%.

(Рымаж: ) "Такім чынам у прэзыдэнцкіх выбарах перамог Лех Качыньскі", – заявіў старшыня Цэнтарвыбаркаму Фэрдынанд Рымаж.

Але сьвяткаваньне ў выбарчым штабе мэра Варшавы пачалося яшчэ ўчора ўвечары, пасьля таго як былі пададзеныя вынікі экзыт-полаў

Інфармацыя аб тым, што ў выбарах перамог Качыньскі была нечаканасьцю ня толькі для штабу Дональда Туска, які выйграў першы тур, але, як падавалася і ўласна для пераможцы.

(Качынські: ) “Ёсьць адчуваньне задаволенасьці і думкі аб тым, што ніколі не вядома, што здарыцца ў жыцьці. Былі часы, калі я думаў, што мая палітычная кар''ера ўжо скончылася”.

Лех Качыньскі – юрыст, прафэсар, быў адным са стваральнікаў і лідэраў “Салідарнасьці”, палітвязьнем, потым кіраўніком канцылярыі прэзыдэнта Валэнсы, дэпутатам Сэйму, міністрам юстыцыі і ўрэшце мэрам Варшавы. Лех Качыньскі мае імідж кансэрватыўнага палітыка і зацятага змагара з карупцыяй.

Між тым Дональд Туск, які пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў, зьвярнуўся да сваіх паплечнікаў з кароткай прамовай, заявіўшы, што зрабіў усё што мог, каб перамагчы.

(Туск: ) “Усе тыя палякі, якія паверылі ў тое, што перамены да лепшага магчымыя, паказалі сваю вялікую сілу. Незалежна ад таго, якія будуць канчатковыя вынікі выбараў, мы будзем далей разам працаваць на карысьць нашай айчыны”.

Паводле кіраўніка ягонага выбарчага штабу Гжэгажа Схэтыны, перамагчы Леху Качыньскаму дапамог лідэр партыі “Самааабарона” Анджэй Лепэр, які ў першым туры атрымаў 15% галасоў, а потым заклікаў сваіх прыхільнікаў галасаваць за мэра Варшавы.

(Схэтына: ) “Вялікі ўплыў на вынікі выбраў мела падтрымка Анджэя Лепэра – гэта ён хросны бацька перамогі Качыньскага”.

Паводле адмыслоўцаў, перамагчы Леху Качынскаму дапамог таксама больш актыўны ўдзел ягонай партыі ў прэзыдэнцкай кампаніі, а таксама тое, што ягоны штам змог стварыць імідж Туска-лібэрала, які дбае толькі пра заможных палякаў.

Такім чынам упершыню ад 1990 году ў Польшчы склалася сытуацыя, калі прэзыдэнт і прэм’ер-міністар краіны належаць да адной палітычнай партыі, якая, акрамя гэтага мае і найвялікшыя фракцыі ў абедзьвюх палатах парлямэнту – Сэйме і Сэнаце.

Лех Качыньскі пачне выконваць абавязкі прэзыдэнта напрыканцы сьнежня.

Гл. таксама • Як у Беларусі камэнтуюць перамогу Леха Качыньскага? • Афіцыйны Менск разьлічвае на супрацоўніцтва з новымі ўладамі Польшчы • "Лех Качыньскі яшчэ на пасадзе мэра Варшавы пачаў ствараць Беларускі дом..." • “Качыньскі будзе больш жорстка адстойваць інтарэсы Польшчы ў Эўразьвязе”
XS
SM
MD
LG