Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі гігант быў прададзены амаль за 5 мільярдаў даляраў


Юры Дракахруст, Прага Сёньня найбуйнейшае ўкраінскае мэталюргічнае прадпрыемства “Крыварыжсталь” было прададзенае на акрытым дзяржаўным аўкцыёне за 4 мільярды 800 мільёнаў даляраў. Пераможцам стала ўсясьветна вядомая міжнародная сталеліцейная кампанія “Mittal Steel”. У 2004 годзе “Крыварыжсталь” была прададзеная асобам, набліжаным да тагачаснага прэзыдэнта Леаніда Кучмы, за суму, у шэсьць разоў меншую, чым цяпер.

У змаганьні за “Крыварыжсталь” сышліся два ўсясьветныя сталеліцейныя гіганты – "Mittal Steel", базаваная ў Нямеччыне, і француская кампанія "Аrcelor".

"Аrcelor" аб’ядналася для ўдзелу ў аўкцыёне з украінскім індустрыяльным саюзам Данбасу. Трэцім удзельнікам была базаваная ў Днепрапятроўску кампанія "LLC Smаrt".

Хада аўкцыёну трансьлявалася па ўкраінскім тэлебачаньні. Урад прызначыў стартавую цану – 2 мільярды даляраў, але ў выніку гандлю яна ўзьляцела больш чым ўдвая. І вось – фінал.

(Аўкцыяніст: ) "Яшчэ раз нагадваю, што на продаж прапануецца пакет акцыяў Акцыянэрнага таварыства "Крыварыжсталь". Удзельнік нумар тры з цаной 24 мілярды 200 мільёнаў грывень. Тры! Прададзена ўдзельніку нумар тры".

Кампанія "Mittal Steel" атрымала, фактычна, увесь пакет акцыяў прадпрыемства – 93,02%. “Крыварыжсталь” вырабляе пятую частку ўкраінскай мэталюргічнай прадукцыі. Летась прадпрыемства прадала сталі амаль на 2 мільярды даляраў.

Дзьмітры Парфёненка, намесьнік кіраўніка Фонду дзяржаўнай маёмасьці Ўкраіны, пасьля аўкцыёну паведаміў журналістам пра тыя абавязкі, якія ўзяў на сябе пакупнік заводу:

(Парфёненка: ) "Вы ведаеце, якія жорсткія фіксаваныя ўмовы, якія наступныя абавязкі ўскладаюцца на пакупніка. Гэта абавязкі і ў эканамічнай сфэры, і інвэстыцыйнай сфэры, гэта і сур''ёзны сацыяльны блёк, які дае сацыяльныя ільготы і гарантыі супрацоўнікам прадпрыемства. І нарэшце, гэта абавязкі пакупніка ў прыродаахоўнай дзейнасьці. Дай Бог ім усё гэта выконваць. А са свайго боку скажу, што Фонд дзяржаўнай маёмасьці будзе ўсё гэта жорстка кантраляваць".

Летась “Крыварыжсталь” быў прададзены ўсяго за 800 мільёнаў даляраў зяцю прэзыдэнта Кучмы Віктару Пінчуку і данецкаму алігарху Рэнату Ахмэтаву. Віктар Юшчанка называў тую прыватызацыю “рабаўніцтвам” і абяцаў перагледзіць яе, калі прыйдзе да ўлады.

У чэрвені сёлета леташні продаж быў ануляваны і завод быў вернуты дзяржаве. Гэта дало магчымасьць украінскаму ўраду паўторна прадаць яго на справядлівых умовах.

Прэзыдэнт Юшчанка расцаніў сёньняшні аўкцыён наступным чынам:

(Юшчанка: ) "Тое, што адбылося сёньня, сьведчыць, што Ўкраіна здольная правесьці сумленную прыватызацыю, забясьпечыць усе праўныя працэдуры. Украінская ўлада адбылася. Украінская нацыя атрымала залужаны камплімэнт за тыя пакуты, за тое зьнявераньне, якія яна мела ў працэсе прыватызацыі на працягу шмат гадоў".

Варта адзначыць, што частка сродкаў, атрыманых ад аўкцыёну, будзе вернутая ранейшым уладальнікам, якія купілі “Крыварыжсталь” летась.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG