Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладых людзей засудзілі за беларускія сьцягі на канцэрце


Любоў Лунёва, Менск Сяброў “Маладога фронту” з Бабруйску Сяргея Лацінскага і Дзяніса Буйніцкага затрымалі ў мінулую суботу за бел-чырвона-белыя сьцягі на рок-фэстывалі ў Бабруйску. Сёньня іх судзілі.

Амаль двое сутак, выходныя дні, пакуль не працаваў суд, правялі маладафронтаўцы ў камэры ізалятару часовага ўтрыманьня.

Маці Сяргея Лацінскага ледзь угаварыла міліцыянтаў перадаць Дзянісу і Сяргею ежу. Сёньня яна не змагла трапіць на суд, бо ёй не казалі, дзе будуць судзіць яе сына.

Высьветлілася, што адміністрацыйную судзьдзю Тацяну Тарабуеву выклікалі ў ізалятар. Там яна судзіла каля трыццаці затрыманых за розныя правапарушэньні.

Судзьдзя Тацяна Тарабуева адразу пасьля вынясеньня прысудаў паведаміла Радыё Свабода, што ня можа дакладна назваць, якое пакараньне яна вынесла маладафронтаўцам. Яна спаслалася на тое, што ў камэры прысуды агалошвае, а потым сакратар мусіць іх надрукаваць і раздаць пастановы міліцыянтам.

Сяргея Лацінскага і Дзяніса Буйніцкага пакаралі двума суткамі арышту. Намесьнік старшыні “Маладога фронту” Валер Мацкевіч і ягоныя паплечнікі стаялі на ганку ізалятару і чакалі сваіх сяброў. Маладафронтаўцы абураюцца, што іх не пусьцілі на суд.

(Мацкевіч: ) “Нас абурае, што так нахабна судзілі нашых сяброў. Хлопцаў узялі за бел-чырвона-белыя сьцягі і на канцэрце. Калі мы ў міліцыянта спыталі, што зь імі будзе, то ён нам адказаў: “Лепш бы яны напіліся”.

Атрымліваецца, што за бел-чырвона-белыя сьцягі можна атрымаць некалькі сутак арышту, а калі нап’есься, то за гэта нічога ня будзе. Маці Сяргея Лацінскага таксама абурана, бо ёй так і не сказалі, дзе будуць судзіць яе сына. Яго судзілі брутальна — аднаго ў камэры і бязь сьведкаў”.

Сяргея Лацінскага і Дзяніса Буйніцкага 22 кастрычніка затрымалі на рок-фэстывалі ў Бабруйску за тое, што яны трымалі ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі. На канцэрт быў выкліканы магілёўскі АМОН. Менавіта амонаўцы і затрымалі хлопцаў. Іх абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Суд вызначыў, калі скончыцца тэрмін адбыцьця арышту Сяргея Лацінскага і Дзяніса Буйніцкага — 7-я гадзіна вечара 24 кастрычніка.
XS
SM
MD
LG