Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Як у Беларусі камэнтуюць перамогу Леха Качыньскага?


Альгерд Невяроўскі, Менск Лідэры дэмакратычнай апазыцыі і няўрадавых арганізацыяў Беларусі вітаюць перамогу Леха Качыньскага на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы. Яны спадзяюцца, што новыя польскія прэзыдэнт і ўрад пазьбегнуць памылак сваіх папярэднікаў, што стаўленьне да беларускіх уладаў стане больш жорсткім, а падтрымка беларускіх дэмакратычных сілаў узрасьце.

Адзіны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі ад дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што Лех Качыньскі і ягоная каманда ня будуць ускладаць спадзяваньняў на тое, што беларускі рэжым можна “перавыхаваць”:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што любы з кандыдатаў праводзілі б адносна Беларусі больш-менш блізкую палітыку. І гэтая палітыка будзе больш канкрэтная. І я думаю, што тыя сілы, якія прыходзяць цяпер да ўлады, ня зробяць тых памылак, што былі раней адносна Беларусі ў папярэдняга ўраду.

Я не лічу, што магчыма “выхоўваць” беларускую ўладу далучаючы яе да эўрапейскіх каштоўнасьцяў. Гэтая ўлада проста “невыхавальная”. І трэба падзяліць Беларусь на грамадзянскую супольнасьць, зь якой варта супрацоўнічаць, і ўрад зь якім, на жаль, шанцаў няма, бо ён сам сябе ізалюе”.

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч вітае перамогу Леха Качыньскага і лічыць, што ў Польшчы перамагла сапраўдная дэмакратыя:

(Шушкевіч: ) “Мне было абсалютна ўсё роўна, хто там пераможа. Я сёньня ўжо ведаю — там 57,4%, здаецца. Я вельмі цешуся, але мне здаецца, што хто б ні перамог у Польшчы нам добра — перамагла дэмакратыя. Я думаю, што гэта вельмі прынцыповы чалавек. Мне здаецца, што ён будзе адстойваць тыя прынцыпы, зь якімі ішоў на выбары. Таму трэба чакаць больш прынцыповай пазыцыі Польшчы, чым яна была да гэтага часу. Хаця яна была даволі прынцыповай”.

Партыя БНФ заключыла з партыяй “Права і справядлівасьць” братоў Качыньскіх адмысловае пагадненьне аб супрацоўніцтве. Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка лічыць вельмі важным тое, што ў Польшчы перамаглі сілы, якія паходзяць з даўняй “Салідарнасьці”:

(Вячорка: ) “У першую чаргу гэта прыход да ўлады ў Польшчы салідарнасьцёўскіх сілаў — палітыкаў салідарнасьцёўскай традыцыі. Калі казаць канкрэтна пра партыю “Права і справядлівасьць”, якую прадстаўляе Лех Качыньскі, якая перамагла і на парлямэнцкіх выбарах, то яе пазыцыя, як партыі салідарнасьцёўскай, безумоўна заснаваная на пэўных каштоўнасьцях. І мне здаецца, што зыходзячы менавіта з гэтага новая прэзыдэнцкая ўлада і будзе выбудоўваць адносіны з Лукашэнкам з аднаго боку, і зь беларускім дэмакратычным грамадзтвам з другога”.

Непрызнаная беларускімі ўладамі старшыня Саюзу палякаў Анжаліка Борыс таксама лічыць важным тое, што ў Польшчы перамаглі асобы з былой “Салідарнасьці”. Бо Беларусі цяпер вельмі патрэбная салідарнасьць Польшчы і Эўропы:

(Борыс: ) “Для нас вельмі важна тое, што і “Права і справядлівасьць” і “Грамадзянская плятформа” дапамагалі нам. І тое, што перамог Лех Качыньскі — мы былі да гэтага падрыхтаваныя. Для нас важна тое, што і Дональд Туск і Лех Качыньскі разумеюць нашу сытуацыю. Яны рабілі ўсё, каб нам дапамагчы. Я думаю, што гэта будзе працягваць і ўрад Польшчы. Усе гэтыя людзі — і Качыньскі і Туск выйшлі з “Салідарнасьці”. Таму яны будуць разумець, што сёньня Беларусь патрабуе салідарнасьці Эўропы”.

Гл. таксама • Афіцыйны Менск разьлічвае на супрацоўніцтва з новымі ўладамі Польшчы • Афіцыйныя вынікі ЦВК: прэзыдэнтам Польшчы стаў Лех Качыньскі • "Лех Качыньскі яшчэ на пасадзе мэра Варшавы пачаў ствараць Беларускі дом..." • “Качыньскі будзе больш жорстка адстойваць інтарэсы Польшчы ў Эўразьвязе”
XS
SM
MD
LG