Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць эканамісты і юрысты пра справу Мікалая Аўтуховіча?


Алесь Дашчынскі, Менск Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч трымае ў турме галадоўку пратэсту супраць дзеяньняў уладаў. Паводле крымінальнай справы, Аўтуховіча абвінавачваюць у недаплаце падаткаў на суму 679 мільёнаў рублёў. Справа распачатая паводле другой часткі артыкулу 243, які прадугледжвае зьняволеньне ад трох да сямі гадоў і таксама канфіскацыю маёмасьці. Як ставяцца да санкцыяў улады адносна гэтага прадпрымальніка эканамісты і праваабаронцы?

Вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што Мікалай Аўтуховіч — не адзіны беларускі прадпрымальнік, які трапіў у падобную сытуацыю.

(Злотнікаў: ) “Што тычыцца нашага заканадаўства, то за любую дробязь могуць быць вельмі суровыя пакараньні. Гэта ня толькі адносна Аўтуховіча. Я ведаю многа прыкладаў, калі за нейкія ненаўмысныя, невялікія парушэньні даюцца вельмі вялікія штрафы альбо нават турма. У нас гэта “расстрэльнае” заканадаўства. Па-другое, дзяржава ставіцца да прадпрымальнікаў вельмі жорстка”.

Адмыслоўцы таксама адзначаюць заблытанасьць беларускіх нарматыўных актаў. І ў гэтую пастку даволі лёгка патрапіць ня толькі прыватніку, але і дзяржаўнаму гаспадарніку. Але справу Мікалая Аўтуховіча незалежны юрыст і эканаміст Сяргей Балыкін называе паказальнай.

(Балыкін: ) “Тут наша дзяржава імкнецца паказаць усім падаткаплатнікам, што яна можа зрабіць з тым, хто паспрабуе неяк змагацца з сыстэмай і неяк адстойваць свае правы. Пастаўлена мэта перад падатковымі інспэкцыямі ў першую чаргу напаўняць бюджэт зь любых крыніцаў, любымі нейкімі сродкамі, нягледзячы нават на закон”.

Праваабаронца Алег Гулак нагадвае, што падобныя падатковыя ці мытныя санкцыі адносна прадпрымальнікаў — зьява распаўсюджаная. Нездарма нават А.Лукашэнка вымушаны быў падпісаць указ аб удасканаленьні парадку вызваленьня прадпрымальнікаў ад эканамічнай адказнасьці. Але такое рашэньне прымаецца выключна кіраўніком краіны.

(Гулак: ) “Увогуле сыстэма санкцыяў проста зьверская. Выбрацца з гэтых праблем ужо немагчыма. Гэта вельмі распаўсюджаная зьява. Мы ведаем сытуацыю і ведаем, што адбіцца праз суды вельмі цяжка, калі накладзена спагнаньне. А калі ёсьць канфіскацыя аўтамабіля ці тавара на мяжы, то там увогуле рэдка калі зможаш даказаць сваю праўду. Суды не зьяўляюцца незалежнымі. Складанае заканадаўства, не сыстэмнае, не пасьлядоўнае. Вельмі шмат абмежаваньняў, якія цяжка не парушыць, і за фармальныя парушэньні — вялікая адказнасьць”.
XS
SM
MD
LG