Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наступны прэзыдэнт Беларусі ўвойдзе ў гісторыю як пераможца дыктатуры”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія слухачы “Свабоды” ў сваіх лістах у рэдакцыю спрабуюць адказаць на пытаньне: “Як хутка ў Беларусі могуць адбыцца палітычныя зьмены, і ці верагодныя яны ў блізкай пэрспэктыве?” Настаўнік Яўген Багуцкі зь Віцебску — адзін з тых, хто хуткіх зьменаў не чакае. У сваім лісьце ён піша:

“Не разумею, навошта вы нападаеце на Лукашэнку? Ён такі, якім сёньня хочуць бачыць прэзыдэнта большасьць беларусаў. Хацела б грамадзтва бачыць прэзыдэнта дэмакратам — Лукашэнка быў бы дэмакратам. Але ў тым і справа, што большасьць за цьвёрдую руку, за парадак, за дзяржаўны кантроль — і супраць розных лібэралаў і змагароў за правы чалавека.

Вядома, калі-небудзь Беларусь стане такой жа, як і іншыя, эўрапейскай дэмакратыяй. Наступны прэзыдэнт проста вымушаны будзе пайсьці гэтай дарогай. І, напэўна, ён нават увойдзе ў гісторыю — бо будзе лічыцца пераможцам дыктатуры. Але здарыцца гэта няхутка: сілаў і здароўя у цяперашняга прэзыдэнта хопіць яшчэ не на адзін год. Ці так ужо гэта кепска? Беларусь за гэты час умацуе свае дзяржаўныя інстытуты, навучыцца жыць самастойна, уласнасьць бязь дзікай прыватызацыі паступова за грошы пяройдзе ў прыватныя рукі… Урэшце, усё будзе, як і ў іншых эўрапейскіх краінах — толькі ня так хутка”.

Пытаньне пра палітычныя сымпатыі і антыпатыі беларускага грамадзтва даволі спрэчнае, спадар Багуцкі. Незалежныя сацыёлягі адказваюць на яго зусім ня так адназначна, як вы. Ці спрыяе аўтарытарны рэжым уздыму эканомікі і сацыяльнай сфэры? На нейкіх этапах — напэўна, так. Але, калі меркаваць па вялікіх гістарычных адрэзках, ніводзін аўтакратычны рэжым з цэнтралізаванай эканомікай ня выйграў суперніцтва з краінамі дэмакратычнымі і рынкавымі. І няма ніякіх падставаў сьцьвярджаць, што Беларусь тут стане выключэньнем.

Наш слухач Аляксандар Івановіч зь Менску, паглядзеўшы па тэлебачаньні, як у Слуцку праходзілі галоўныя беларускія “Дажынкі”, падзяліўся ў лісьце на “Свабоду” ўласнымі развагамі пра лёс вёскі:

“Мае сваякі нядаўна езьдзілі ў Клічаўскі раён Магілёўскай вобласьці. Расказвалі пра тое, што робіцца на палях у калгасах: салома ня вывезена, гніе; бульба не перакапана; кукуруза пасохла — ні на зерне, ні на сілас яна ўжо не прыдатная: яе падпаляць ды зааруць. Затое на Дажынках у Слуцку — суцэльныя пераможцы, дарагія падарункі, вялізныя прэміі. А колькі грошай пайшло на тое, каб прывесьці горад у парадак. І за чый гэта, цікава, кошт? Заўважыў я: як толькі мінуць Дажынкі, дык толькі і чакай, што падвысяцца цэны на хлеб, муку, крупы, макарону… Зь якой гэта прычыны, калі атрымалі такі цудоўны ўраджай? Ці ня хочуць за наш кошт кампэнсаваць вялізныя выдаткі? За камуністамі таксама былі перадавікі. Тым сялянам, хто са сваёй гаспадаркі прадаваў дзяржаве больш бульбы, мяса, малака, дазвалялі без чаргі купіць машыну, тэлевізар, халадзільнік. Народных грошай нікому не дарылі. Давалі падзякі, граматы”.

Ня думаю, спадар Івановіч, што хтосьці з замілаваньнем згадвае той час, калі тэлевізар можна было купіць толькі пры ўмове рэкорднай здачы дзяржаве мяса, а за права на пазачарговае набыцьцё аўтамабіля трэба было апярэдзіць у надоях і прывагах цэлую вобласьць. Дажынкі ў іхным цяперашнім выглядзе падабаюцца тым, хто сам у іх удзельнічае і атрымлівае дарагія падарункі і вялікія прэміі. Але гэта з году ў год адны і тыя ж асобы з заможных гаспадарак, дзе і новая тэхніка, і сучасныя тэхналёгіі, і высокія ўраджаі. А вось як рэагуюць на гэтыя Дажынкі іншыя людзі — ня менш працавітыя, але якім не пашанцавала апынуцца ў добрым калгасе? Паспрабуй, стань перадавіком, калі ў цябе старэнькі камбайн, калі ў калгасе няма грошай на ўгнаеньні і запчасткі.

Адам Зыль зь Менску ў сваім лісьце разважае пра тое, ці зьяўляюцца краіны Захаду і Расея гарантамі беларускай незалежнасьці. Слухач піша:

“Многія заходнія і расейскія палітыкі і аналітыкі кажуць, што народ падтрымлівае палітыку Лукашэнкі. Адкуль яны гэта ўзялі? У нас круглыя суткі па ўсіх СМІ чуеш ці Лукашэнку, ці тое, як яго ўсхваляюць. Усё чынавенства (і ня толькі яно) любую размову пачынае з абавязковых слоў: “как сказал президент”, “как указал президент”, “благодаря президенту”… Любое іншадумства караецца. Тут і вялізныя штрафы, і звальненьне з працы з “воўчым білетам”, і турмы, і нават зьнікненьні. Да ўсяго трэба ўлічваць і больш чым 200-гадовае панаваньне цароў, а потым — савецкай улады.

Даў бы Бог Беларусі 5—10 год дэмакратыі, свабоды выказваньня думак у СМІ, а потым ужо людзі вырашалі б лёсавызначальныя пытаньні. А так атрымалася, што з маўклівай згоды дэмакратычных краін на шыі Беларусі — пятля Масквы. А Расея, як ні круціцца, ня можа адысьці ад імпэрскіх амбіцыяў”.

Далей у сваім лісьце на “Свабоду” Адам Зыль зь Менску выказвае меркаваньне наконт таго, ці выгадны Расеі і Захаду незалежны статус Беларусі. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“У цяперашніх умовах і Расеі, і Захаду выгадней мець Беларусь незалежнай, дэмакратычнай, неўтральнай краінай. Няхай сабе прарасейскай, з дамовамі аб ненападзе з усімі суседзямі, зь невялікай арміяй. І расейскія межы ў такім разе будуць абароненыя лепш. Навошта ператвараць Беларусь у так званы “перадавы край” абароны Расеі? У выпадку (ня дай Бог!) вайны ад пярэдняга краю нічога не застанецца. Вядома, беларусаў “старэйшаму брату” не шкада. Але ж пра сябе яны павінны думаць. Некаторыя аналітыкі лічаць, што нават без вайны пяці працэнтаў незадаволеных дастаткова, каб у краіне не было спакою. А ў Беларусі ж такіх у шмат разоў болей. Ці патрэбна каму новая тэрыторыя галаўнога болю ў цэнтры Эўропы?”

Cтаўленьне заходніх краін да незалежнасьці і дэмакратычнай будучыні Беларусі заўсёды было пасьлядоўным, спадар Зыль. І наўрад ці справядліва абвінавачваць Захад у сёньняшніх праблемах краіны. Усе галоўныя карані гэтых праблемаў — у самой Беларусі, а не за яе межамі. Вядома, і заходнія, і ўсходнія суседзі хочуць мець на сваіх межах тэрыторыю стабільную, без канфліктаў, з устойлівай дзяржаўнай і эканамічнай сыстэмамі. Іншая рэч, што шляхі дасягненьня такой стабільнасьці Захад і Расея бачаць па-рознаму. Эўрапейскія дзяржавы і ЗША ўласным прыкладам паказваюць, што альтэрнатывы дэмакратычнаму ладу няма. У той час як Расею пакуль што задавальняе і аўтарытарная сыстэма кіраваньня ў Беларусі. Але канчатковы выбар урэшце павінна зрабіць само беларускае грамадзтва.

Наступны ліст даслаў нам Міхаіл Тоса з Наваградку. Пра сябе слухач паведамляе наступнае:

“Я фанатычны змагар за праўду і справядлівасьць. Ваюю ўжо 25 год, а толку — ніякага. Спачатку мяне ўціскалі камуністы, а цяпер бюракраты, якія, хутчэй за ўсё, тыя ж камуністы, толькі больш нахабныя і зладзюгі”.

Такія сумныя высновы слухач зрабіў на падставе сваёй шматгадовай перапіскі з рознага кшталту чыноўнікамі, у тым ліку самымі высокапастаўленымі.

“Яшчэ ў 1998 годзе я напісаў прэзыдэнту тры скаргі — на наваградзкую вэртыкаль і камунальную службу, якія несправядліва паставіліся да мяне. Тады я яшчэ верыў Аляксандру Рыгоравічу. Але на ўсе тры скаргі атрымаў фармальныя адпіскі. І вось здароўе я страціў, а нічога не дабіўся. Мяне проста зрабілі дурнем у райвыканкаме. Увогуле, я пераканаўся, што ўлада акружыла сябе рознымі зладзюгамі і прайдзісьветамі, хабарнікамі і нягоднікамі. Гаварыць Аляксандар Рыгоравіч умее, а вось вызваліцца ад прайдзісьветаў, якія круцяцца вакол яго — ня можа. Доўга іх шукаць ня трэба, дастаткова праверыць так званыя “царскія сёлы” вакол гарадоў. Хто іхныя гаспадары? Ды ўсё тыя ж людзі, якія намі кіруюць, альбо іхныя памагатыя”.

Тое, што чыноўнік пабудаваў дом, яшчэ ня значыць, спадар Тоса, што ён хабарнік і прайдзісьвет. Хоць у Беларусі на афіцыйным узроўні шмат гавораць пра “рынкавы сацыялізм” і сацыяльную роўнасьць, насамрэч расслаеньне грамадзтва на багатых і бедных ужо адбылося. І яно працягваецца. Вяртаньне назад, у эпоху, калі маёмасьць адбіралі ў багатых і спрабавалі падзяліць паміж беднымі, наўрад ці адбудзецца. Ні да якіх станоўчых вынікаў тая дзяльба не прывяла.

Людзі ад нараджэньня розныя — такімі стварыў іх Бог. Іншая рэч, што ў дэмакратычнай дзяржаве яны маюць роўныя магчымасьці, каб рэалізаваць сябе — у тым ліку і дамагчыся матэрыяльнага дабрабыту. А вось у колішнім СССР афіцыйная ідэалёгія многім пакаленьням савецкіх людзей спрабавала давесьці, што багатых быць не павінна, а бедным усё дасьць дзяржава. Багатых тады вынішчылі, але бедныя з гэтага багацейшымі ня сталі.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG