Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць пра небясьпеку птушынага грыпу менчукі?


Іна Студзінская, Менск Наша карэспандэнтка наведала фірмовую краму Смалявіцкай птушкафабрыкі “Жар-птушка”.

(Карэспандэнтка: ) “Цяпер распаўсюджваецца шмат інфармацыі пра пагрозу птушынага грыпу. Вы тут працуеце прадавачкай. Можа, заўважылі, што наведнікаў менш стала?”

(Прадавачка: ) “Не. Пакупнікоў шмат, як і раней”.

(Карэспандэнтка: ) “А самі вы не апасаецеся гэтай небясьпечнай хваробы?”

(Прадавачка: ) “Не. І прышчэпкі ня робім. Да нас жа не дайшоў яшчэ грып! Першымі даведаемся, калі што”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы не апасаецеся птушынага грыпу?”

(Спадар: ) “Ды не. Я думаю, што птушыная міграцыя Беларусі не закране. У прынцыпе, казалі, што ў Швэцыі знойдзеная мёртвая качка, якая хварэла на птушыны грып. Але, я думаю, такога пашырэньня, як на поўдні Расеі, у нас ня будзе”.

(Карэспанэнтка: ) “Вы чулі, што цяпер такая небясьпечная хвароба ў сьвеце ёсьць — птушыны грып?”

(Спадарыня: ) “Так, гэта я ўжо чула. І вельмі баімся мы, я ужо зрабіла прышчэпку”.

(Спадарыня: ) “Не баюся, не”.

(Спадар: ) “А я курыцу ня ем. Я ем ялавічыну, сьвініну”.

(Спадарыня: ) “Павінна быць культура ў гатаваньні ежы. Дошчачку, на якой рэжаш, рукі — усё, да чаго гэта птушка дакраналася ў сырым выглядзе, трэба мыць. А потым, калі згатуеш, можна сьмела есьці. Калі выконваць гігіенічныя патрабаваньні, можна не баяцца”.

(Карэспандэнтка: ) “А прышчэпкі робіце?”

(Спадарыня: )”Я пакуль не, не рабіла. Я дрэнна прышчэпкі пераношу”.

(Дзяўчына: ) “Ну, чаму не баюся? Вельмі баюся. І да нас можа прывезьці хто-небудзь”.

(Спадарыня: ) “А я не апасаюся, я ўпэўненая ў нашай сыстэме аховы здароўя. Відаць, робяць нейкія прышчэпкі супраць птушынага грыпу”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы самі зрабілі прышчэпку?”

(Спадарыня: ) “Не. Ужо два гады не раблю. Лічу, што ў мяне дастаткова моцнае здароўе, каб справіцца. Ужываю шмат вітамінаў, правільна харчуюся”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы чулі пра птушыны грып?”

(Спадар: ) “Так, чуў. Але перакананы, што нам ён не пагражае. Да нас ня дойдзе. Я ўпэўнены, што дзяржава зробіць усе захады, каб не дайшоў”.

(Дзяўчына: ) “Вельмі баюся, але спадзяюся, што да нас ня дойдзе, нас пранясе”.

(Бабуля: ) “Такіх грыпаў не было раней. Адкуль ён узяўся, невядома. Пры маёй маладосьці не было такіх хваробаў”.

(Спадарыня: ) “Я такой хваробы ня ведаю, шчыра кажучы. Ня ведаю”.

(Бабуля: ) “Не баюся я курынага грыпу, таму што нашы куры здаровыя”.

(Спадарыня: ) “Не задумвалася над гэтым. Яшчэ пакуль спакойна ў нас. Але прышчэпку думаю зрабіць абавязкова”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы не баіцеся птушынага грыпу, якім цяпер сьвет запалоханы?”

(Спадарыня: ) “Не, не баюся, да нас ён ня дойдзе”.
XS
SM
MD
LG