Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Законьнікаў атрымаў прэмію Барыса Кіта


Ганна Соусь, Менск Беларускаму паэту і грамадзкаму дзеячу Сяргею Законьнікаву сёньня ў Менску ўручаюць прэмію імя Барыса Кіта. Напярэдадні імпрэзы зь ляўрэатам пагутарыла наша карэспандэнтка.

Сяргей Законьнікаў прызнаўся, што вельмі шчасьлівы атрымаць прэмію імя знакамітага беларускага навукоўца Барыса Кіта.

(Законьнікаў: ) “Маю гонар з гэтым слаўным беларусам, выдатным навукоўцам, проста чалавекам сябраваць. Ня так даўно я дазнаўся, што такі слаўны чалавек жыве ў Франкфурце-на-Майне. Барыс Уладзімеравіч запрасіў мяне да сябе, і з таго часу мы сябруем, ператэлефаноўваемся, лістуемся. У мяне ёсьць розныя прэміі — Дзяржаўная прэмія Беларусі, міжнародная, Польшчы і Ўкраіны. Але гэта асаблівая прэмія, яна носіць імя таго беларуса, якога я вельмі паважаю. Ён паказвае, як можна ў самых неспрыяльных умовах зьберагчы павагу і любоў да сваёй Айчыны і нават за мяжой рабіць усё для таго, каб гэтая Айчына стала незалежнай”.

Прэмія імя Барыса Кіта была заснаваная ў 2001 годзе ў Нямеччыне. Барыс Кіт зьяўляецца актыўным сябрам арганізацыі беларуска-нямецкіх сустрэч, створанай пры Свабодным унівэрсітэце Бэрліна прафэсарам Ёганэсам Шлётцам. Першай прэмію імя Барыса Кіта атрымала прафэсар катэдры беларускай філялёгіі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтва Лідзія Савік, дасьледчыца жыцьця і дзейнасьці Барыса Кіта, аўтарка шматлікіх публікацыяў і кніг пра знакамітага беларуса.

(Савік: ) “Я лічу, што гэта вялікая падтрымка для беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Сяргей Законьнікаў як выдатны паэт і грамадзкі дзеяч, неабыякавы да нашых балючых праблемаў Адраджэньня, атрымлівае прэмію за сваю паэзію і мастацкую творчасьць. Па-першае, Законьнікаў напісаў паэму пра паэта Барыса Кіта. Да таго ж, Сяргей Законьнікаў — апошні рэдактар нашага нармальнага “Полымя”, ён тады надрукаваў успаміны Барыса Кіта ў запісах Васіля Быкава”.

Ляўрэатамі прэміі імя Барыса Кіта гэтаксама былі паэт Алег Мінкін, карэспандэнт Радыё Свабода Валер Каліноўскі, акадэмік Радзім Гарэцкі, пісьменьнікі Вольга Іпатава і Ўладзімер Арлоў.
XS
SM
MD
LG