Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 24 кастрычніка


Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў

“Жыцьцё беларуса”, 1925 год:

“Калі на жыда нападуць нат’ бандыты і пад пагрозай сьмерці спытаюцца ў яго, “хто ты такі?” — ён адразу скажа, не баючыся сьмерці: “жыд”. Калі-ж які паліцэйскі, або там які паўпанак, спаткаўшыся з вясковым інтэлігентам — праваслаўным беларусам, так сабе ў гутарцы спытаецца ў яго: “хто ён такі?” — дык адразу будзець або: “рускі”, або: “ня ведаю”, або іншы раз нат!.. “паляк”… Наадварот: вясковы селянін, якога мала зачапіла расейская культура, адразу і проста скажа: “я беларус, а што табе ад мяне трэба?” Чаму інтэлігент адкажа ня так, як селянін?.. Таму, што ў душы інтэлігента на школьных лавах вытраўлялася яго нацыянальнае пачуцьцё”.

“Палеская праўда”, 1935 год. Перадрук “Правды” артыкула Я.Бранштэйна:

“З першых-жа дзён сваёй літаратурнай дзейнасці Купала адбіваў ідэалогію дробнага таварапрадуктара. Ухіл у бок нацыяналістычнай абмежаванасці, крахаборства, асветнага рэфармізма прыкмецен параўнальна ярка ўжо ў другой кнізе Купалы “Гусляр” (1910 г.). Гады рэакцыі і нацыянальнай адасобленасці аказаліся гібельнымі для таланта Купалы. Падпаўшы пад уплыў беларускага буржуазнага нацыяналізма, Янка Купала апынуўся перад ідэйным і творчым тупіком. Зачахла яго рэалістычная сіла, яе замяніў бяскрылы алегарызм, нацыяналістычнае стылізатарства, рамантычнае сюсюканне над “курганамі” мінулага замянілі фальклорную свежасць купалаўскай рэвалюцыйнай рамантыкі”.

“Вечерний Минск”, 1985 год:

“Кінатэатар “Кастрычнік”, 27 кастрычніка — творчая вечарына паэта Рыгора Барадуліна, ляўрэата прэміяў імя Янкі Купалы і Ленінскага камсамолу Беларусі. У вечарыне бяруць удзел: ляўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі паэт Уладзімер Някляеў, рэжысэр фільму “Вяртаньне ў першы сьнег” Вадзім Сукманаў і творчая група фільму. Дэманструецца новая мастацкая кінастужка. У фае экспануецца выстава кніг беларускіх паэтаў, працуе тэлестудыя кінатэатру”.
XS
SM
MD
LG