Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Лех Качыньскі яшчэ на пасадзе мэра Варшавы пачаў ствараць Беларускі дом..."


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія экспэрты згодныя, што абраньне Леха Качыньскага на пасаду прэзыдэнта Польшчы прывядзе да таго, што пазыцыя Варшавы ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам будзе больш жорсткай. На пытаньні нашага карэспандэнта Аляксей Дзікавіцкага наконт пэрспэктывы польска-беларускіх дачыненьняў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы адказваюць аглядальнік польскага радыё, адмыслоўца ў справах Беларусі Цэзары Галіньскі і экспэрт цэнтру Міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смаліньскі.

Партыя “Закон і справядлівасьць”, кандыдатам ад якой у прэзыдэнцкіх выбарах быў Лех Качыньскі, мае дамову аб партнэрстве зь Беларускім народным фронтам, сябры гэтай партыі неаднаразова наведвалі Беларусь, а сам прафэсар Качыньскі ў часе перадвыбарчай кампаніі казаў пра неабходнасьць больш жорсткай пазыцыі ў дачыненьнях з афіцыйным Менскам.

Паводле польскай Канстытуцыі прэзыдэнт найбольш магчымасьцяў мае якраз у сфэры замежнай палітыкі. Тады ці можна чакаць ад Леха Качыньскага ўжо пасьля выбараў больш актыўнай пазыцыі што да беларускіх пытаньняў? Гаворыць аглядальнік польскага радыё Цэзары Галінські.

(Галіньскі: ) ”Першых канкрэтных крокаў Варшавы ў гэтай справе будзе трэба пачакаць, прынамсі пакуль пераможца Качыньскі дамовіцца з пераможаным Тускам у справе стварэньня ўраду. Пры гэтым варта падкрэсьліць, што падыход да замежнай палітыкі, гэта адзіная рэч, у якой на 100% згодныя і прэзыдэнт Качыньскі і магчымы сьпікер Сэйму Туск. Нягледзячы на ўнутраныя разыходжаньні, якраз у зьнешняй палітыцы яны, магчыма, будуць старацца паказаць сваю еднасьць. Што да беларускіх справаў, дык Лех Качыньскі яшчэ на пасадзе мэра Варшавы пачаў ствараць Беларускі дом - незалежны цэнтар беларускай асьветы і культуры, які накіраваны на адкрыцьцё беларускіх элітаў Захаду.

У сваю чаргу Войцех Бародзіч-Смаліньскі з варшаўскага Інстытуту міжнародных дачыненьняў лічыць, што перадвыбарчыя заявы і рэальная палітыка пасьля выбараў – гэта розныя рэчы, таму ад прэзыдэнта Качыньскага ў беларускіх справах можна чакаць больш жорсткай пазыцыі, але не занадта радыкальных крокаў.

(Бародзіч-Смалінські: ) “Яна можа быць больш станоўчая, бо цяпер і прэзыдэнт і прэм’ер паходзяць з адной палітычнай партыі і ў іх больш магчымасьцяў для супрацоўніцтва. Сапраўды, гэта можа азначаць больш цьвёрдую пазыцыю, чым гэта было пры папярэднім урадзе і прэзыдэнце”.

У часе перадвыбарчай кампаніі, Лех Качыньскі заявіў нашаму радыё, што будзе гатовы на больш жорсткія крокі, чым толькі забарона на ўезд на польскую тэрыторыю для удзельнікаў з’езду СПБ у Ваўкавыску, прызнанага афіцыйным Менскам і непрызнанага Варшавай. Што гэта будуць за крокі, спадар Качыньскі не акрэсьліў, сказаўшы толькі, што гаворка ідзе пра тое, што Польшча – гэта транзытная краіна для Беларусі на шляху ў заходнюю Эўропу. Ці Качыньскі сапраўды будзе больш радыкальны ў беларускіх справах, чым ягоны папярэднік?

(Галіньскі: ) “Я думаю -- так, але першай задачай будзе стварэньне новага ўраду. Пабачым, хто ў гэтым урадзе зойме пасаду міністра замежных справаў. Калі гэта будуць адмыслоўцы ва ўсходняй палітыцы, то такіх крокаў сапраўды можна чакаць. Першым паказчыкам будзе пазыцыя ўраду што да амбасадара Тадэвуша Паўляка, які вярнуўся ў Беларусь - ці спыніць новы ўрад ягоную місію ў Беларусі ці не.”

Адметна, што яшчэ тры гады таму Лех Качыньскі заявіў нашаму радыё, што мае асаблівае стаўленьне да Беларусі, бо там у Баранавічах у міжваенны пэрыяд працаваў на чыгунцы ягоны бацька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG