Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былому старшыню Дзяржаўнага камітэту авіяцыі пагражае 8 гадоў


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня пачынаецца судовы працэс над былым старшынём Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдарам Івановым, які падазраецца ў службовых злоўжываньнях. Амаль год Фёдар Іваноў знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Да пасады галоўнага авіятара краіны Фёдар Іваноў кіраваў менскім заводам па рамонце самалётаў, лічыўся моцным гаспадарнікам. І раптам ўзначаліў усю грамадзянскую авіяцыю Беларусі, хоць ніколі не сядзеў за штурвалам. Прызначыў Іванова сам Аляксандр Лукашэнка, калі адправіў у адстаўку папярэдняга старшыню Дзяжкамавіяцыі, прафэсійнага лётчыка Рыгора Фёдарава. Але, мяркуючы па абвінавачваньню пракуратуры, новы міністар ня спраўдзіў надзеяў прэзыдэнта. Ён, нібыта, спрыяў атрыманьню выгаднага заказу на рамонт прэм’ерскага авіяляйнэра сваім знаёмым расейскім бізнэсоўцам, што нанесла дзяржаве страты на дзясяткі тысяч даляраў.

Цяпер Фёдару Іванову пагражаюць восем гадоў турмы. Іваноў, аднак, карупцыянэрам сябе не прызнае. Ён абвяргае, што меў нейкую выгаду ад кантракту з расейскай фірмай і нават заяўляў пра сваю адданасьць асабіста Аляксандру Лукашэнку.

Нагадаю, прыблізна тое ж казала ў судзе Галіна Жураўкова, былая кіраўніца справамі прэзыдэнта, якую сёлета суд прызнаў вінаватай ў крадзяжы больш за мільёну даляраў. У выніку Галіну Жураўкову хоць і асудзілі да 4-х гадоў зьняволеньня, але ў турму яна дагэтуль не патрапіла. Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць, што беларуская карупцыя глыбока ўкаранёная ў эканоміцы, дзяржаўным ладзе краіны, і гэтае становішча насамрэч не выпраўляецца.

(Раманчук: ) “Паколькі дзяржава ў нас павялічвае свой уплыў, паколькі чыноўнікі забіраюць сабе ўсё больш функцыяў, у першую чаргу, разьмеркаваньня і кантролю, а кантролю з боку незалежных мэдыяў і парлямэнту няма, таму і квітнее карупцыя. Імклівае падзеньне рэйтынгу краіны паводле ўспрыняцьця карупцыі ў сьвеце з 32-га да 107-га радку гэта красамоўна дэманструе. Тут мы безумоўныя лідэры”.

Ужо пасьля Жураўковай за карупцыю асуджаны экс-старшыня Белдзяржтэлерадыё Ягор Рыбакоў, чакае сваёй чаргі пайсьці ў суд былы дырэктар “Нафтану” Канстанцін Часнавіцкі, адпраўленыя ў турмы некалькі драбнейшых чыноўнікаў і дырэктараў. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднаразова пагражаў карумпаваным чыноўнікам самымі жорсткімі захадамі, але гэта не спрацоўвае. Чаму? Меркаваньне Яраслава Раманчука:

(Раманчук: ) “Каб такія захады працавалі, трэба каб у краіне было ваеннае становішча, каб побач з кожным чыноўнікам стаялі два гэбісты, каб была манаполія на зьнешні гандаль, была забароненая прыватная ўласнасьць. У нас чыноўнікі крадуць, улічваючы рызыку. Мне адзін распавядаў, што ў памер хабару ўкладае выдаткі, якія ён панясе ў выпадку арышту: “Ну пасадзяць, я выйду праз некалькі гадоў, затое мае мільёны застануцца са мной...”
XS
SM
MD
LG