Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – Сусьветны дзень дзеяньняў за доступ да інфармацыі


Іна Студзінская, Менск Міжнародная няўрадавая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” апублікавала справаздачу 2005 году аб сытуацыі са свабодай прэсы ў сьвеце. Першыя радкі займаюць паўночна-эўрапейскія краіны – Данія, Фінляндыя, Ісьляндыя, Ірляндыя, Нарвэгія. Замыкаюць сьпіс Туркмэністан, Эрытрэя і Паўночная Карэя. Беларусь у гэтым сьпісе са 167-мі краінаў заняла 152-е месца.

Беларусь у рэйтынгу “Рэпартэраў бязь межаў” апусьцілася на 8 пунктаў – летась Беларусь была на 144-м месцы. Дарэчы, у траўні ў рэйтынгу іншай арганізацыі – «Freedom House», якая таксама сочыць за свабодай прэсы, Беларусь займала 185-е месца са 194-х. Такім чынам, за дзяржавай цьвёрда замацавалася слава “несвабоднай” у адносінах да СМІ. З краінаў былога СССР найбольш прывабна выглядаюць Эстонія – 11-е месца, Латвія -16-е, Літва – 21-е. Расея на 138-м месцы. Украіна ўзьнялася са 138-га месца да 112-га. Дарэчы, амаль усе постсавецкія краіны значна вышэй за Беларусь ў рэйтынгу, горш сытуацыя толькі ва Ўзбэкістане і Туркмэністане (адпаведна 155-е і 164-е месцы).

Гаворыць юрыст Цэнтру прававой абароны Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Тое, што пазыцыя Беларусі ў гэтым рэйтынгу пагоршылася, гэта зразумела. Ужо цяжка казаць пра існаваньне сыстэмы незалежных СМІ Беларусі менавіта як сыстэмы. Ужо вызначаныя галоўныя накірункі яе зьнішчэньня. Гэта ня проста закрыцьцё газэтаў. Гэта ўвесь комплекс захадаў: эканамічная дыскрымінацыя, цынічнае выкарыстаньне нормаў законаў для выкананьня палітычных загадаў. Таму няма чаму зьдзіўляцца, што мы знаходзімся побач зь Сярэдняй Азіяй. І слабае суцяшэньне, што хтосьці знаходзіцца яшчэ ніжэй за нас”.

Дарэчы, як і слабое суцяшэньне, што пагоршылася сытуацыя са свабодай прэсы і ў ЗША, якія скаціліся адразу на 22 пункты – да 44-га месца. Здалі пазыцыі і Канада, Францыя…

Беларускі рэжым названы ў дакладзе рэжымам “...які забівае свабоду”, які “плянамерна закрывае нешматлікія незалежныя СМІ, шляхам эканамічнага ўдушэньня, астранамічных штрафаў альбо выкарыстаньня цалкам непраўдзівых адміністрацыйных аргумэнтаў”.

Зьніжэньне рэйтынгу Беларусі “Рэпартэры бязь межаў” тлумачаць таксама арыштамі журналістаў, якія асьвятлялі акцыі апазыцыі (у красавіку, напрыклад, былі затрыманыя расейскія журналісты Міхаіл Раманаў і Аляксей Аметаў – яны атрымалі 8 і 10 сутак арышту).

Ня мае ілюзій наконт паляпшэньня сытуацыі са СМІ ў наступным годзе і галоўны рэдактар незалежнага тыднёвіка “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

(Старыкевіч: ) “Трошкі ўмоўныя гэтыя рэйтынгі. Ясна, што існуе мэтодыка, у кожнай арганізацыі свая, але чаму ў 2005 годзе сытуацыя стала горшай менавіта на 8 пазыцый, я не магу растлумачыць. Натуральна, яна абсалютна ня стала лепшай. Зачыненыя чарговыя выданьні, ведаем, што з “Народнай воляй” адбылося, яна фактычна пазбаўленая розьнічнага продажу. Колькі там у рэйтынгу краінаў? 167? У нас яшчэ ёсьць пэўная пэрспэктыва, ёсьць куды падаць. У гэтым сэнсе ад 2006 году я чакаю, на жаль, пагаршэньня ўмоваў для незалежнай прэсы”.

З журналістам Аляксандрам Старыкевічам цалкам салідарны і юрыст Андрэй Бастунец.

(Бастунец: ) “Тое, што цяпер адбываецца зь незалежнай прэсай – гэта ўжо ёсьць падрыхтоўка да наступных прэзыдэнцкіх выбараў – зьнішчэньне альтэрнатыўнага інфармацыйнага поля ў Беларусі. Дзеяньні ўлады заўсёды былі ў гэтым накірунку сыстэмныя, падрыхтаваныя і прадуманыя”.

Што тычыцца дзеяньняў уладаў, Андрэй Бастунец мае рацыю. Ідзе зачыстка альтэрнатыўнага інфармацыйнага поля. Ёсьць небясьпека, што на наступны год “Белпошта” не працягне дамовы з “Народнай Воляй” наконт падпіскі. Затое на станцыях мэтро ў сталіцы ўсталёўваюць плязмавыя тэлевізары, па якіх будуць трансьляваць у наўпроставым эфіры навіны Беларускага тэлебачаньня і СТВ. Па папярэдніх ацэнках, кошт праекту ацэньваецца ў 450 тысяч даляраў.
XS
SM
MD
LG