Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Польшчы перамог мэр Варшавы Лех Качыньскi


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава На гэты час вядомыя вынікі галасаваньня з 90% выбарчых участкаў Польшчы. Паводле дадзеных ЦВК, за кандыдата ад правацэнтрысцкай партыі “Закон і справядлівасьць” Леха Качыньскага прагаласавалі каля 54,5%, а за Дональда Туска – каля 45,5% палякаў.

Гэта даволі нечаканы вынік, бо напярэдадні выбараў, паводле ўсіх апытаньняў, лідэрам быў Туск.

Адразу пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў выбараў, у штабе Леха Качыньскага пачалася эўфарыя, а сам пераможца сказаў:

(Качынські: ) “Польшча патрабуе згоды, заснаванай на праўдзе. З заклікам прыйсьці да такой згоды я зьвяртаюся да нашых калегаў у партыі “Грамадзянская плятформа”, зь якімі мы разам ствараем урад. Хачу таксама зьвярнуцца да Дональда Туска са словамі шчырай павагі і сымпатыі”.

Сказаў Лех Качыньскі. У выбарах, паводле папярэдніх дадзеных, галасавалі крыху больш за 50% палякаў, якія маюць права голасу.

Чым жа адрозьнівалася сёлетняя прэзыдэнцкая кампанія і якая прынцыповая розьніца паміж праграмамі Дональда Туска і Леха Качыньскага? Галоўнае адрозьненьне ў тым, што сёлета левыя сілы, посткамуністы, ня мелі дастаткова моцнага кандыдата. Дональд Туск і Лех Качыньскі – гэта палітыкі, якія раней былі актывістамі “Салідарнасьці”, і абодва маюць правыя перакананьні. Туск, аднак, больш лібэральны палітык, а Качыньскі схіляецца ў бок пра-сацыяльнай палітыкі дзяржавы.

У любым выпадку, паводле польскай Канстытуцыі, найбольш паўнамоцтваў прэзыдэнт мае ў справах, зьвязаных з рэпрэзэнтацыяй краіны на міжнароднай арэне. Тут Туск выступае за ўсталяваньне добрасуседзкіх дачыненьняў з Нямеччынай і Расеяй, пры падтрымцы саюзу з ЗША, у той час як Качыньскі, у першую чаргу, выступае за ўзмацненьне сувязяў на лініі Варшава-Вашынгтон.

Якое стаўленьне ў пераможцы выбараў, Леха Качыньскага да сытуацыі ў Беларусі? Гэтае стаўленьне даволі адназначнае – Качыньскі лічыць, што ў Беларусі груба парушаюцца правы чалавека, і таму заходнія краіны, перадусім Польшча, павінны ўсяляк спрыяць падтрымцы дэмакратычных сілаў у Беларусі.

Нагадаю, што некалькі тыдняў таму, адказваючы на пытаньне нашага радыё, Качыньскі заявіў, што калі стане прэзыдэнтам, дык ня толькі будзе здольны забараніць усім дэлегатам ваўкавыскага зьезду СПБ уезд на польскую тэрыторыю, але і “пайсьці далей, беручы пад увагу тое, што для Беларусі Польшча – гэта транзытная краіна на шляху да заходняй Эўропы”. Што дакладна гэта значыла, Лех Качыньскі адмовіўся ўдакладніць, але аб гэтым мы зможам даведацца, магчыма, ужо праз два месяцы, калі Качыньскі пачне выконваць абавязкі прэзыдэнта.

Старшыня польскага Цэнтарвыбаркаму Фэрдынанд Рымаж заявіў, што афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Польчшы будуць вядомыя сёньня ў другой палове дня.
XS
SM
MD
LG