Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сацыёлягі сьведчаць: прапагандысцкая машына зьбірае жніво


Валер Каліноўскі, Менск Пры спрыяньні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (Вільня) у Беларусі ў верасьні было праведзенае сацыялягічнае апытаньне, якое выявіла нязначны рост рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. Апрача таго, выявілася, што дастаткова шмат апытаных пачалі разглядаць суседнія краіны Эўразьвязу – Польшчу, Літву, Латвію – як варожыя, а Іран і Паўночную Карэю як дружалюбныя для Беларусі. Сацыёлягі тлумачаць такія зрухі ў масавай сьвядомасьці ўплывам дзяржаўнай прапаганды.

З траўня па верасень рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі павысіўся на 5,6 адсотка і сягнуў 47 адсоткаў. Разам з тым амаль 58 адсоткаў апытаных заявілі, што патрэбна апазыцыя дзейнай уладзе, 50 адсоткаў хацелі б больш ведаць аб апазыцыі, палітычных партыях і іх лідэрах. А 17 адсоткаў рэспандэнтаў лічаць сябе ў апазыцыі да ўлады. 10 адсоткаў апытаных зазначылі, што з даверам адносяцца да Кангрэсу дэмакратычных сілаў і гатовыя падтрымаць вылучанага на ім кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі. Апытаньне праводзілася да самога Кангрэсу, так што, робяць выснову сацыёлягі, адзіны кандыдат апрыёры мае 10-адсоткавую падтрымку, рост гэтай лічбы залежыць ад дзейнасьці Аляксандра Мілінкевіча і ягонай каманды.

Сацыёлягі НІСЭПД зафіксавалі істотную зьмену вобразаў суседніх краін у вачох беларусаў. Амаль 30 адсоткаў апытаных заявілі, што Польшча ставіцца да Беларусі недружалюбна, больш за 20 адсоткаў такой жа думкі ў адносінах да Літвы і Латвіі. Найбольш нэгатыўныя ацэнкі ў беларускага электарату ў адносінах да ЗША: 56 адсоткаў рэспандэнтаў лічаць Злучаныя Штаты недружалюбнай краінай. Куба, Паўночная Карэя і Іран маюць нашмат лепшае стаўленьне з боку беларусаў. Сацыёлягі адзначаюць, што гэткія вынікі – наступствы прапаганды беларускіх дзяржаўных СМІ.

Гаворыць дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў:

(Манаеў: ) “Мы бачым, што ў такім апэратыўным пляне намаганьні дзяржаўнай улады прыносяць пэўны вынік. І ня варта гэтага недаацэньваць. Гэта і ў галіне сацыяльна-эканамічнай і ва ўласна палітычнай галіне. Гэтыя намаганьні хутчэй адводзяць беларусаў ад той пэрспэктывы, якая на пачатку 1990-х вырысоўвалася ў адносінах да беларусаў, – ад каштоўнасьцяў дэмакратыі, рынкавай эканомікі, незалежнасьці”.

Тым ня меней спадар Манаеў мяркуе, што рэсурсы для пераменаў у беларускім грамадзтве ёсьць. Як сьведчаць вынікі верасьнёўскага сацыялягічнага апытаньня, 15 адсоткаў апытаных вераць у тое, што Аляксандар Лукашэнка можа быць адхілены ад улады ў выніку каляровай рэвалюцыі, а 10 адсоткаў гатовыя ўзяць удзел у ёй. Амаль палова беларусаў мяркуе, што варта даць шанец камусьці іншаму, не Лукашэнку, кіраваць краінай. Гэта патэнцыйная энэргія пераменаў, якая можа вызваліцца, калі мільёны беларусаў ўбачаць зразумелую і прымальную альтэрнатыву, мяркуюць сацыёлягі зь НІСЭПД.
XS
SM
MD
LG