Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Jungle World”: праграма “Нямецкай хвалі” выклікала крытыку ў Маскве


Алена Струвэ, Менск З 3 кастрычніка нямецкае радыё “Deutsche Welle” распачало сваё штодзённае перадаваньне на Беларусь, якое адразу ж выклікала крытыку ў Маскве. Паводле кіраўніцы новага праекту “Нямецкай хвалі” Карнэліі Рабіц, мэта новых праграм – пашыраць свабодную і незалежную інфармацыю для жыхароў Беларусі. Што ж да памочніка расейскага прэзыдэнта ў пытаньнях сувязяў з Эўразьвязам Сяргея Ястржэмбскага, то ён называе перадачы “Нямецкай хвалі” элемэнтам арсэналу халоднай вайны. Як піша нямецкая газэта “Jungle World”, новая і даволі спрэчная праграма бонскага радыё апынулася ў надзвычайным палітычным кантэксьце.

Як піша нямецкая “Jungle World”, спрэчка пра тое, якая замежная ўлада павінна сказаць сваё істотнае слова ў Беларусі, доўжыцца паміж Нямеччынай ды іншымі заходнімі краінамі, з аднаго боку, і Расеяй, з другога, ужо ня першы год. Пакуль у Беларусі адчуваецца палітычная дамінанта вялікага ўсходняга суседа, аднак і Нямеччына хоча мець свой уплыў у гэтым рэгіёне.

Ад мінулай восені, калі ў часе правядзеньня парлямэнцкіх выбараў празаходняя беларуская апазыцыя аказалася бездапаможнай у процістаяньні з прарасейскім беларускім кіраўніцтвам, спрэчка пачала набіраць новыя авароты, піша газэта. Галасы нездаволенасьці прагучалі, вядома, і ў Нямеччыне. Як і заўсёды у тых выпадках, калі размова закранае Беларусь, выдзяляўся голас Ганса-Георга Віка. Гэты чалавек, які ня проста зрабіў выдатную кар’еру палітыка, дыплямата ды кіраўніка выведкі. Паводле “Jungle World”, спадар Вік мае рэпутацыю выдатнага стратэга ў пытаньнях вызваленьня ад так званага расейскага ўплыву на постсавецкай прасторы. Менавіта Віка нямецкі ўрад накіраваў у 1993 годзе ў Грузію ў якасьці кансультанта Шэварнадзэ. У 1997-м, калі пачаўся адкрыты канфлікт паміж Лукашэнкам і Захадам, Віку была прапанаваная праца кіраўніка кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску. У 2001-м пасьля пратэстаў з боку афіцыйнага Менску нямецкі амбасадар быў вымушаны пакінуць Беларусь, нагадвае “Jungle World”.

Летась, пасьля парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, Ганс-Георг Вік прадставіў заходняй грамадзкасьці свой плян дэмакратызацыі “апошняй дыктатуры ў Эўропе”. Сэнс гэтае праграмы, коратка кажучы, у тым, што трансфармацыйныя працэсы ў Беларусі трэба рыхтаваць па-за яе межамі.

Паводле падлікаў спадара Віка, фінансавая падтрымка беларускай грамадзянскай супольнасьці з боку Эўразьвязу мае штогод складаць каля 14,2 мільёна эўра. Адзін з пунктаў праграмы прысьвечаны пытаньню стварэньня альтэрнатыўных інфармацыйных крыніц для Беларусі. Размова сярод іншага ідзе й пра новае замежнае вяшчаньне на гэтую краіну і пра радыёперадавальнікі, якія знаходзіліся б непадалёк ад беларускіх межаў. Як піша “Jungle World”, нямецкія прапановы, хоць і не без супраціву, але сустрэлі падтрымку ў кіраўніцтве Эўрапейскага Зьвязу. На падтрыманьне беларускай грамадзянскай супольнасьці Брусэль выдаткаваў сёлета ў жніўні 8,7 мільёна эўра. 138 тысяч ад гэтае сумы атрымала “Deutsche Welle” як радыёстанцыя, тэхнічна найбольш падрыхтаваная для рэалізацыі такіх праектаў.

Тым часам, піша “Jungle World”, новыя перадачы з Бону выклікалі крытыку ня толькі ў Маскве. Падставай для дыскусіяў ў пэўных колах эўрапейскіх ды беларускіх палітыкаў стала расейская мова перадаваньня. Аўтар артыкулу ў бэрлінскай “Tageszeitung” напісаў пра тое, што русіфікацыя – адна з мэтаў беларускага дыктатара – і што стваральнікі новых радыёперадач памыляюцца, выбіраючы расейскую мову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG