Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень галадае за кратамі Мікалай Аўтуховіч


Сяргей Астраўцоў, Горадня Адвакаты рыхтуюць скаргу на меру стрыманьня ваўкавыскаму прадпрымальніку Мікалаю Аўтуховічу, які тыдзень сядзіць у гарадзенскай турме. Супраць яго распачата крымінальная справа паводле другой часткі артыкула 243 — за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, што пацягнула страты для бюджэту ў асабліва буйным памеры — 679 мільёнаў рублёў. На знак пратэсту супраць арышту Мікалай Аўтуховіч зь першага дня абвясьціў галадоўку. Для яго гэтая галадоўка — трэцяя сёлета.

Адвакат Надзея Станкевіч зноўку наведала ў турме Мікалая Аўтуховіча. Яна гаворыць, што стан яго здароўя пакуль здавальняючы, але галадоўка паслабляе вязьня, і калі ён устае з ложка, у яго кружыцца галава. Што датычыць мэдычнай дапамогі, дык арыштаваны мае абмежаваныя магчымасьці ў гэтым сэнсе, знаходзячыся за кратамі, зазначае адвакат.

Апошні дзень падачы скаргі на меру стрыманьня Мікалаю Аўтуховічу —наступны панядзелак. Надзея Станкевіч сказала, што адной скаргі замала, таму рыхтуюцца іншыя дакумэнты — адносна яго асобы, сямейнага становішча, работы, даведкі аб хваробах. Мікалай Аўтуховіч ваяваў на савецка-аўганскай вайне, мае баявыя ўзнагароды.

Як мне паведамілі у Ваўкавыску, яго жонка Алена Аўтуховіч часова зьехала, каб палепшыць сваё здароўе, пагатоў, што яна ня мела спадзяваньня на дазвол сустрэцца з мужам у турме. У іхняй сям’і ёсьць дачка Каця, якой 14 гадоў.

Супрацоўніца Аўтуховіча Людміла Парэмбская гаворыць, што яго арышт стаў шокам.

(Парэмбская: ) “Чалавек тыдзень чалавек не ясі, ён абвясьціў галадоўку, і самі разумееце — якое можа быць яго самапачуваньне і здароўе. Мы ўсе перажываем, людзі ў горадзе таксама абураныя — як так можа быць?”

Сярод гараджанаў нямала тых, хто спачувае арыштаванаму прадпрымальніку, гавораць Людміла Парэмбская. Што датычыць таксовак Аўтуховіча, тры зь іх спынілі працу: кіроўцы зьяўляюцца найманымі працаўнікамі ў прадпрымальніка, але ён цяпер за кратамі і ня можа запраўляць машыны палівам.

***

Мікалай Аўтуховіч за два гады правёў тры галадоўкі пратэсту, двойчы яго падтрымалі кіроўцы таксовак, таму акцыі рабіліся масавымі, у іх удзельнічалі больш за трыццаць чалавек. Першая галадоўка адбылася ў кастрычніку 2003 году, другая — увесну сёлета, апошняя — пры канцы верасьня. Прадпрымальнік пратэставаў супраць штрафных санкцыяў, накладзеных падатковай службай, а два гады таму і супраць арышту таксовак, якія яму належаць. Спадар Аўтуховіч таксама змагаўся за скасаваньне штрафных санкцыяў, якія дасягнулі амаль мільёну даляраў, у судах. Пры канцы верасьня Прэзыдыюм Вышэйшага гаспадарчага суду пастанавіў накіраваць справу прадпрымальніка на новы разгляд, і ён спыніў галадоўку. Аднак супраць яго распачалі крымінальную справу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG