Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Фралоў лічыць заяву А.Лукашэнкі папулісцкай


Альгерд Невяроўскі, Менск Знаходзячыся сёньня ў Лоеве Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня будзе здымаць сваю кандыдатуру на будучых прэзыдэнцкіх выбарах, калі яго аб гэтым не папросіць народ. Якім чынам народ можа папрасіць спадара Лукашэнку не балятавацца? Гэтае пытаньне наш карэспандэнт задаў аднаму з ініцыятараў правядзеньня народнага рэфэрэндуму, генэралу Валеру Фралову.

Валеры Фралоў ацэньвае сёньняшнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі як папулісцкую і ня верыць, што ён ня будзе ўдзельнічаць у выбарах нават калі аб гэтым папросіць народ:

(Фралоў: ) “Гэта папулісцкі лёзунг – суцэльная балбатня. Ён заўсёды кажа, што яго падтрымлівае народ. І калі кажа зьвернемся да народу – гэта чыста папулісцкія заявы, за якімі нічога не стаіць. Ёсьць жа людзі, якія яго падтрымліваюць. І гэта робіцца, мне здаецца, каб яны ўзбадзёрыліся і пачалі казаць у сваім асяродзьдзі: “Такі хлопец, трэба падтрымаць”. Каб была нейкая балбатня. Ён упэўнены, што народу ён ніколі ня дасьць магчымасьці меркаваньне па гэтым пытаньні выказаць”.

Генэрал Валер Фралоў разам са старшынём фонду “За новую Беларусь” Васілём Лявонавым і акадэмікам Аляксандрам Вайтовічам ёсьць ініцыятарамі правядзеньня ў Беларусі рэфэрэндуму, які мае на мэце зьмяніць Выбарчы кодэкс. Гэта значыць увесьці прадстаўнікоў кандыдатаў у выбарчыя камісіі, адменіць датэрміновае галасаваньне і пашырэць правы назіральнікаў. А таксама адмяніць кантрактную сыстэму працы і забараніць падвышэньне кватэрнай платы да таго часу пакуль сярэдні заробак у Беларусі не дасягне памеру 400 даляраў.

Паводле Валера Фралова цяпер у розных рэгіёнах ідзе набор групаў валянтэраў, а на 5 лістапада прызначаны арганізацыйны сход ініцыятыўнай групы па правядзеньні рэфэрэндуму.

Гл. таксама • А.Лукашэнка заявіў, што будзе ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах 2006
XS
SM
MD
LG