Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У.Чавэс – новы антыамэрыканскі сябра А.Лукашэнкі?


Аляксей Знаткевіч, Прага Сёньня пачаўся двухдзённы візыт у Беларусь міністра замежных справаў Вэнэсуэлы Алі Радрыгеса. Гэта першы візыт у Беларусь кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Вэнэсуэлы ад часу ўсталяваньня дыпляматычных адносінаў паміж дзьвюма дзяржавамі.

Як паведаміў міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, пасьля сустрэчы з Радрыгесам, міністры абмеркавалі магчымасьці сустрэчы лідэраў двух краінаў. Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса “можа адбыцца і ў Беларусі, і ў Вэнэсуэле ў залежнасьці ад графікаў двух прэзыдэнтаў. Мы будзем працаваць над тым, каб гэтая сустрэча адбылася як мага хутчэй,” – сказаў Мартынаў.

Былы палкоўнік дэсантных войскаў Уга Чавэс кіруе Вэнэсуэлай ад 1998 году. Ён набыў скандальную вядомасьць сваімі рэзкімі антыамэрыканскімі заявамі. Чавэс перажыў спробу перавароту і ўсеагульны страйк апазыцыі.

Апошнім часам у заходняй прэсе раз-пораз імёны Чавэса і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ставяць побач, як прыклады дыктатараў.

Аглядальнік газэты “Наша Ніва” Лёлік Ушкін, які нядаўна правёў тыдзень у Вэнэсуэле, называе параўнаньні беларускага і вэнэсуэльскага рэжыму некарэктнымі. На ягоную думку, параўнаньне роўню дэмакратыі ў дзьвюх краінах на карысьць Вэнэсуэлы:

(Ушкін: ) “Гэта абсалютна не дыктатура, і я гэта прынцыпова падкрэсьліваю. У краіне існуе парлямэнт, у краіне існуе свабода прэсы, у краіне 4 незалежныя тэлеканалы, якія ад ранку да вечара паліваюць Чавэса брудам. Калі б вы паглядзелі, што пішацца там у "Еl Nacional" альбо "Universal'' – гэта лідэры мясцовай дэмакратычнай прэсы – яны пішуць абсалютна ўсё што заўгодна і няма ніякіх праблемаў з уладай”.

Спадар Ушкін кажа, што ў Вэнэсуэле цяпер вельмі шмат замежных інвэстыцыяў, у тым ліку расейскіх і амэрыканскіх. Ён, аднак, скептычна ставіцца да пэрспэктываў эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай, зьвяртаючы ўвагу на тое, што Вэнэсуэла ў асноўным канцэнтруецца на эканамічным супрацоўніцтве з краінамі свайго рэгіёну.

(Ушкін: ) “Я думаю, што гэта больш сымбалічны такі візыт, які, на жаль, ня скончыцца нічым канкрэтным. Бо я лічу, што Беларусі не хапае кантактаў з Лацінскай Амэрыкай”.
XS
SM
MD
LG