Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка сустрэнецца з У.Чавэсам


Валер Каліноўскі, Менск Міністры замежных справаў Беларусі і Вэнэсуэлы паведамілі, што яны пачалі падрыхтоўку сустрэчы лідэраў двух краін Аляксандра Лукашэнкі і Ўга Чавэса.

У Беларусі зь візытам знаходзіцца цяпер міністар замежных спраў Вэнэсуэлы Алі Радрыгес Араке. Сёньня ён правёў перамовы са сваім беларускім калегам Сяргеем Мартынавым, заўтра мае наведаць канцэрн “Белнафтахім”, чакаецца і яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

У цэнтры ўвагі – арганізацыя двухбаковых сустрэч на вышэйшым узроўні. Сяргей Мартынаў паведаміў, што падрыхтоўка перамоваў Уга Чавэса і Аляксандра Лукашэнкі МЗС абодвух краін пачалася:

(Мартынаў: ) "Візыт можа адбыцца і ў Беларусі, і ў Вэнэсуэле ў залежнасьці ад графікаў двух прэзыдэнтаў. Больш дэталёва мы будзем гэта абмяркоўваць у далейшым. Мы будзем працаваць для таго, каб гэтыя сустрэчы адбыліся як мага хутчэй”.

Паводле спадара Мартынава, адна з прычын актывізацыі двухбаковых кантактаў Беларусі і Вэнэсуэлы, тое, што абедзьве краіны ажыцьцяўляюць незалежную зьнешнюю і падобную ўнутраную палітыку, маюць аднолькавыя погляды на будову сьвету.

Алі Родрыгес Араке нагадаў як найбольш удалыя кантакты беларускіх і Вэнэсуэльскіх дыпляматаў на 60-й сэсіі Генасамблеі ААН, і назваў падобнымі ініцыятывы лідэраў краін, якія прагучалі тады з трыбуны ААН.

На тым саміце ААН і Лукашэнка, і Чавэс выступілі з вострымі антыамэрыканскімі заявамі, а Вэнэсуэльскі лідэр прапанаваў перанесьці штаб-кватэру ААН у сваю краіну.

Міністар замежных справаў Вэнэсуэлы заявіў, што ён зьбіраецца многае зрабіць для збліжэньня двух народаў.

(Араке: ) “Я з задавальненьнем адзначаю, што ў пэрспэктыве ў нас могуць быць даволі важныя сфэры ўзаемадзеяньня, і мы пачынаем працу па арганізацыі візытаў на вышэйшым узроўні лідэраў нашых краін.”

Вэнэсуэла мае адны з найбольшых у сьвеце запасаў нафты і газу, аднак перамовы аб пастаўках вэнэсуэльскіх энэрганосьбітаў пакуль не вядуцца, хаця магчымасьці для такога супрацоўніцтва не выключаюцца. Беларусь спадзяецца на пастаўку ў Вэнэсуэлу сельскагаспадарчай тэхнікі і тэхналёгіяў.
XS
SM
MD
LG