Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Tagesspiegel: сытуацыя са СМІ ў Беларусі пагаршаецца далей


Алена Струвэ, Менск Нямецкая Tagesspiegel камэнтуе распаўсюджаны арганізацыяй “Рэпартэры бязь межаў” ўсясьветны рэйтынг свабоды прэсы ды піша пра сытуцыю са СМІ ў некаторых постсавецкіх краінах. Паводле выданьня, сытуацыя ў Беларусі значна пагоршылася, а ва Ўкраіне значна палепшылася. Больш падрабязна з публікацыяй вас пазнаёміць наша карэспандэнтка.

"Ворагам свабоды друку” называюць Аляксандра Лукашэнку ў міжнароднай журналісцкай арганізацыі “Рэпартэры бязь межаў”. Сёлета ва ўсясьветным рэйтынгу свабоды прэсы Беларусь апынулася на 152 пазыцыі – побач з Зымбабвэ, якой кіруе дыктатар Робэрт Мугабэ.

Што да суседняй зь Беларусьсю Украінай, то ў параўнаньні зь мінулым годам яна зрабіла якасны зрух наперад і заняла 112 пазыцыю. “Тут маецца пэўны прагрэс”, кажа прэсавая сакратарка “Рэпартэраў” Катрын Эвэрс. Паводле яе словаў, адрозна ад Беларусі цэнзуры ва Ўкраіне больш не існуе, хаця многія тамтэйшыя журналісты выкарыстоўваюць самацэнзуру, паколькі не прызвычаіліся да новай сытуацыі.

Тым часам, сытуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі стала яшчэ горшай, піша "Tagesspiegel". Выданьне прыводзіць словы рэдактара зачыненай гарадзенскай газэты “Биржа инфармацыи” Алены Раўбецкай адносна таго, што прэзыдэнт Лукашэнка арганізаваў “сапраўды крыжовы паход супраць незалежных СМІ”. Як сьведчыць гарадзенская журналістка, Лукашэнка баіцца другой “аранжавай рэвалюцыяй”. Улады канфіскуюць у недзяржаўных мэдыяў кампутары, ініцыююць судовыя працэсы.

Толькі дзякуючы ганарарам за артыкулы, якія надрукаваныя ў польскім выданьні "Gazeta Wyborcza", гарадзенскі журналіст Анджэй Пісальнік зможа аплаціць рахункі, якія выставіў КГБ, піша "Tagesspiegel". Сёлета Пісальніку ўжо неаднойчы прыходзілася плаціць штрафы за свае камэнтары ў газэце "Glos znad Niomna", якая выдаецца для польскай меншасьці. У ліпені ў часе адмысловай апэрацыі КГБ па захопу рэдакцыі журналіста Пісальніка нават арыштавалі. З гэтае нагоды беларускі прэзыдэнт заявіў: ” Яны спрабавалі дэстабілізаваць нашую краіну”.

Шэраг іншых нямецкіх выданьняў паведамляюць пра ўчорашняе затрыманьне гарадзенскага журналіста Андрэя Пачобута, а таксама пра забойства ягонага калегі Васіля Гроднікава з “Народнай волі”. Трагічнае здарэньне адбылося літаральна праз год пасьля гібелі супрацоўніцы менскай газэты “Салідарнасьць” Веранікі Чаркасавай, справа якой па-ранейшаму застаецца нераскрытай, перадае “Der Spiegel”.

Камэнтуючы справаздачу “Рэпартэраў бязь межаў”, нямецкія аглядальнікі пішуць, што рэйтынг Беларусі ў галіне свабоды слова зьнізіўся ў зьвязку з узмацненьнем перасьледу незалежных беларускіх журналістаў з боку лукашэнкавага рэжыму. Паводле агенцыі DPA, гэты рэпрэсіўны рэжым на падставе самых розных бюракратычных патрабаваньняў сыстэматычна зачыняе апошнія незалежныя выданьні і робіць магутны ціск на ўсю беларускую прэсу.
XS
SM
MD
LG