Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Птушыны грып у Эўропе – як ваеннае ўварваньне Чынгізхана


Вячаслаў Ракіцкі, Прага “У Эўропе сытуацыя з птушыным грыпам разглядаецца як ваеннае ўварваньне Чынгізхана. Газэты і тэлеканалы паказваюць мапы са стрэлкамі, якія адлюстроўваюць міграцыйныя маршруты птушак, і з чырвонымі плямамі на месцах небясьпекі.” Так пачынае газэта “Вашынгтон Пост” свой артыкул пра сытуацыю з птушыным грыпам у Эўропе. Са зьместам публікацыі вас пазнаёміць наш карэспандэнт.

Апошняя чырвоная дзяржава на мапе Эўропы – Македонія, якая ўсьлед за Турэччынай і Румыніяй выявіла хворую на грып свойскую птушку. Верагодна, што яна заразілася ад пералётных птушак.

У чацьвер Эўрапейскі Зьвяз зрабіў чарговыя прафіляктычныя захады, пашырыўшы забарону на імпарт мяса птушкі і пяра з Расеі, дзе выяўленыя новыя выпадкі птушынага грыпу. Фэрмэры 25 краінаў Зьвязу перамяшчаюць свойскіх птушак у хлявы, каб пазьбегнуць іх кантактаваньня зь дзікімі птушкамі на адкрытым паветры.

У Азіі ўжо памерлі болей як 60 чалавек, уключна з жыхаром з Тайлянду, пра сьмерць якога паведамлялася ўчора. Аднак, у Эўропе пакуль няма выпадкаў сьмерці людзей. Менавіта таму міністар унутраных спраў Швайцарыі Паскаль Кушпэн скрытыкаваў, як ён выказаўся, гістэрыю вакол птушынага грыпу, заявіўшы, што чалавек ня можа проста так захварэць ад птушкі, патрэбна, каб вірус відазьмяніўся.

Тым часам, кіраўніцтва Эўрапейскага Зьвязу назвала птушыны грып “глябальнай пагрозай” і заклікала да “міжнароднага скаардынаванага адказу”.

І хоць эфэктыўнасьць антывірусных лекаў усё яшчэ спрэчная, эўрапейскія краіны яго набываюць у вялікай колькасьці.Так, Францыя прыдбала 15 мільёнаў дозаў антывіруснага леку Таміфлю на выпадак успышкі эпідэміі, а таксама ўжо назапасіла 100 мільёнаў масак на твар. Таксама Італія замовіла некалькі мільёнаў Таміфлу. Урад Італіі загадаў, каб уся свойская птушка, якая прадаецца ў краіне, абавязкова пазначалася, адкуль яна паходзіць. І пакупнік сам вырашыць, купляць гэты імпарт ці не. Прапаноўвалася забараніць паляваньне на дзікіх птушак, аднак, паляўнічыя запярэчылі, і пакуль што ўведзеная забарона толькі на выкарыстаньне жывых птушак як прывабы.

Спажыўцы таксама адрэагавалі на небясьпеку. Так, паводле Нацыянальнага Зьвязу птушкагадоўлі Італіі, продаж куранят упаў на 40 працэнтаў. У Францыі Фэдэрацыя гандлю і разьмеркаваньня паведаміла, што за тыдзень было ў сярэднім па краіне прададзена мяса птушкі на 20 працэнтаў меней. А парыскія мясьнікі, зь якімі размаўляў карэспандэнт “Вашынгтон Пост”, увогуле заявілі, што яны цягам апошніх двух тыдняў прадаюць удвая меней, чым раней. Аднак, гэта пераважна тыя, хто гандлюе сырым мясам. Тыя ж, хто прадае бутэрброды з птушыным мясам ці смажаных куранят, асаблівых зьмен у запатрабаваньнях кліентаў не заўважылі.
XS
SM
MD
LG