Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч адказвае на пытаньні слухачоў "Свабоды"


RFE/RL На гэтым тыдні нашыя слухачы далей задавалі пытаньні адзінаму кандыдату ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году Аляксандру Мілінкевічу. Аляксандар Мілінкевіч адказаў на некаторы зь іх.

Пытаньне: якой будзе палітыка ў сельскай гаспадарцы?

(Мілінкевіч: ) “Цяпер Нацыянальным камітэтам распрацоўваюцца сур’ёзныя дакумэнты. Але я папярэдне скажу: тыя калгасы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, якія працуюць з прыбыткам, – іх, безумоўна, ня варта штучна развальваць. А там, дзе гаспадаркі з году ў год ня маюць посьпеху, – у такім разе іх бессэнсоўна захоўваць. Трэба рабіць рэструктурызацыю.

Дзяржава павінна мець грунтоўную праграму падтрымкі фэрмэрства. Ня проста дэкляраваць: “Мы вітаем фэрмэраў!”, а зрабіць так, каб яны мелі вельмі танныя або ўвогуле беспрацэнтныя крэдыты, дапамагчы ім з тэхнікай... Даць зямлі, колькі могуць пацягнуць – у Беларусі яе хапае...

І хай розныя формы гаспадараньня канкурыруюць паміж сабой.

Беларусь можа вельмі прыстойна выглядаць на рынку Эўропы зь якаснымі прадуктамі, якія зробленыя без хімічных угнаеньняў па добрых тэхналёгіях".

Пытаньне адносна сацыяльнай праграмы адзінага кандыдата. Што рабіць з галечай?

(Мілінкевіч: ) "Сапраўды, галеча ў Беларусі, нягледзячы на прапагандысцкую шуміху, надзвычай вялікая. Самыя цяжкія ўмовы жыцьця сёньня ў невялікіх і малых гарадках, на вёсцы. І таму дзяржава павінна клапаціцца аб гэтых людзях. Будзе распрацавана сур’ёзная сацыяльная праграма падтрымкі гэтых катэгорыяў насельніцтва. Але ўсё ж такі, каб іх падтрымаць, павінна адбыцца сур’ёзнае рэфармаваньне эканомікі. Грошы зь неба ня падаюць, і калі ў эканоміцы мы зробім посьпехі, калі будзе не такая, як сёньня – “камандная” эканоміка, а стане вольная, то зьявяцца і грошы на падтрымку гэтых людзей”.

Пытаньне пра ільготы.

(Мілінкевіч: ) “Многія ільготы, якія раней існавалі, сёньня ліквідаваныя. І дзяржава павінна паклапаціцца, каб жыцьцё гэтых людзей не было ніжэйшым за планку магчымасьцяў існаваньня. Безумоўна, трэба ільготы вярнуць, асабліва чарнобыльцам, інвалідам... Гэта адно. Па-другое, дзяржава павінна – яшчэ раз скажу – думаць аб тым, як мець у бюджэце грошы на падтрымку гэтых людзей. Бо дэкляраваць лёгка, а сродкі зьяўляюцца толькі – яшчэ раз паўтару – пры посьпехах эканомікі”.

Нагадаем, што раней Аляксандар Мілінкевіч узяў удзел ў онлайн-канфэрэнцыі svaboda.org/forum.
XS
SM
MD
LG