Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэмакратычныя прафсаюзы адмянілі акцыю пратэсту


Міхал Стэльмак, Менск Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў адмовіўся ад правядзеньня 22 кастрычніка ў Менску на плошчы Бангалор акцыі пратэсту супраць парушэньня ў Беларусі прафсаюзных правоў. Як паведаміў Радыё Свабода лідэр БКДП Аляксандар Ярашук, такое рашэньне прыняла рада гэтага прафсаюзнага аб’яднаньня.

Падставай для адмовы стала патрабаваньне сталічных уладаў заключыць дамовы на аказаньне паслуг з падразьдзяленьнямі міністэрстваў унутраных справаў, надзвычайных сытуацыяў, хуткай дапамогай ды іншымі дзяржаўнымі структурамі. Арганізатары акцыі мусілі папярэдне аплаціць паслугі гэтых структураў, квіткі занесьці ў Менгарвыканкам і толькі потым маглі пратэставаць. Паводле разьлікаў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, згаданыя паслугі каштуюць каля 5 тысяч даляраў. Як зазначыў спадар Ярашук, такой сумы ў прафсаюзнага аб’яднаньня цяпер няма.

Рада БКДП лічыць неабгрунтаванымі і незаконнымі фінансавыя патрабаваньні Менгарвыканкаму, зьвязаныя з правядзеньнем акцыяў пратэсту на Бангалоры. Вырашана абскардзіць гэтае рашэньне ў пракуратуры, а затым і ў судзе.
XS
SM
MD
LG