Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Імпартныя" цыгарэты будуць выпускаць у Менску


Юлія Шарова, Менск Айчынныя тытунёвыя фабрыкі павінны выпускаць болей ліцэнзійных цыгарэтаў замежных марак, лічыць Мінгандлю. Адначасова чыноўнікі кажуць пра магчымасьць павялічыць квоту на вытворчасьць цыгарэтаў для прадпрыемства “Тытунь-Інвэст”. Цяпер фабрыка спыніла сваю працу, бо квоту на гэты год яна ўжо выбрала.

Менскае прадпрыемства “Тытунь-Інвэст” было створанае менавіта для насычэньня цыгарэтамі ўнутранага рынку. Экспартам уласнай прадукцыі яно не займаецца, таму і залежыць ад квотатаў на вытворчасьць, памер якіх вызначае ўрад. На сёлета гэта было 5 мільярдаў цыгарэтаў, квота выбраная ўжо тры тыдні таму. Цяпер завод стаіць і нясе вялікія страты, кажа начальнік упраўленьня збыту Дзьмітры Ракуцкі:

(Ракуцкі: ) “Цэлы завод спынены, выпуск цыгарэтаў спыніўся. Больш за шэсьцьсот працаўнікоў вымушаныя пайсьці на вакацыі. Натуральна, сумы калясальныя”.

На прадпрыемстве спадзяюцца, што ўрад сёлета павялічыць ім квоту на вытворчасьць. Паводле спадара Ракуцкага, “Тытунь-Інвэсту” трэба атрымаць дазвол на выпуск яшчэ 2 мільярдаў штук — проста каб не прастойваць. Увогуле магутнасьці прадпрыемства разьлічаныя на выпуск 8 мільярдаў цыгарэтаў за год.

Агульная квота на вытворчасьць цыгарэтаў для дзьвюх беларускіх тытунёвых фабрык — 17 мільярдаў штук. 12 мільярдаў у гарадзенскай фабрыкі “Нёман”, якая цяпер мае вялікія праблемы з рэалізацыяй сваёй прадукцыі. Ці не аддадуць частку ейнай квоты “Тытунь-Інвэсту”?

Намесьнік начальніка ўпраўленьня рынку спажывецкіх нехарчовых тавараў Міністэрства гандлю Аляксандар Целярук у інтэрвію “Свабодзе” заявіў, што такой патрэбы няма. Дастаткова проста павялічыць квоту для менскай фабрыкі.

(Целярук: ) “Рэч у тым, што вызначылася тэндэнцыя разьвіцьця імпартазамяшчальнай вытворчасьці, таму я мяркую, там нічога страшнага. Бо “Монтэ-Карла” і “Магну” яны пачалі рабіць. У пэрспэктыве ў той ды ў іншай фабрыкі выпуск іншых марак цыгарэтаў імпартных. Таму, калі гэта ўсё пачнецца, можна будзе й павялічваць квоту”.

Паводле спадара Целярука, Беларусь — ці не адзіная краіна, якая імпартуе цыгарэты. Усе астатнія наладжваюць на сваіх фабрыках вытворчасьць цыгарэтаў на ліцэнзіях вядомых замежных марак. Разам з тым, лічыць прадстаўнік Міністэрства гандлю, выпуск новых айчынных гатункаў цыгарэтаў на фабрыцы “Нёман” сябе не апраўдаў: цыгарэты “Прэм’ер” і “Магнат” значным попытам не карыстаюцца, спажывец усё адно шукае імпартныя маркі.

Квота на імпарт цыгарэтаў на 2005 год склала 2,6 мільярда штук. На наступны год ейны памер складзе 1,5 мільярда.
XS
SM
MD
LG