Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі падазраваных у арганізацыі віцебскіх выбухаў: “справа сфабрыкаваная”


Ігар Карней, Менск Аляксандар Лукашэнка, знаходзячыся на юбілейных урачыстасьцях у Лоеве, заявіў, што затрыманыя два выканаўцы верасьнёўскіх выбухаў у Віцебску, якія прызналіся ў злачынствах і цяпер даюць паказаньні. Сваякі затрыманых братоў Мурашкаў, 23-гадовага Віталя і 25-гадовага Юрыя, перакананыя: прызнавацца хлопцам няма ў чым, а ўся справа супраць іх сфабрыкаваная.

Родныя затрыманых паводле падазрэньня ў арганізацыі двух выбухаў у цэнтры Віцебску Віталя і Юрыя Мурашкі перакананыя: сьледзтва кіруецца толькі адной, вельмі спрэчнай вэрсіяй.

Паводле сваяка Мурашкаў, Аляксандра Балабулічава, бацька Віталя і Юрыя працаваў майстрам у рамонце гадзіньнікаў. Два гады таму ён памёр, аднак дома засталася вялікая колькасьць запчастак — у прыватнасьці, гадзіньнікавыя мэханізмы. Аналягічнымі прыстасаваньнямі, як мяркуе сьледзтва, 14 і 22 верасьня прыводзіліся ў дзеяньне самаробныя бомбы.

Спадар Балабулічаў лічыць: падобныя паралелі вельмі нацягнутыя, аднак сьледзтва імкнецца за іх зачапіцца, паколькі справа знаходзіцца на кантролі кіраўніка краіны. Учора, паводле Балабулічава, братам было прад’яўленае афіцыйнае абвінавачаньне.

(Балабулічаў: ) “Адна з адвакатаў сказала, што ім прад’явілі абвінавачаньне. Што будзе далей, пакуль невядома, ніхто нічога не гаворыць. Адвакаты пачнуць працу толькі ад панядзелка, інфармацыі сьледзтва, хутчэй за ўсё, раскрываць ня будзе. Невядома, ці можна будзе штосьці казаць самім адвакатам — яны, дарэчы, на кантакт і так не ідуць.

Рэч у тым, што зьявіўся нейкі невядомы сьведка, на якога, зь ягоных словаў, сьледзтва аказвала моцны ўціск. Трое сутак яго ў камэры зьбівалі і нібыта прымусілі падпісаць паказаньні на Віталя і Юру. Гэты сьведка потым сьцьвярджаў, што адмовіцца ад паказаньняў, паколькі быў ціск, усё было супрацьзаконна. Але, відавочна, гэта мела вырашальную ролю, каб прад’явіць абвінавачаньні. Хоць усе, хто ведае хлопцаў, перакананыя ў іх невінаватасьці”.

Абодва браты Мурашкі — выпускнікі Віцебскага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Юры працуе на тэлезаводзе “Віцязь”, Віталь гандлюе на рынку. 24 верасьня ў Віталя было вясельле, і сябры перакананыя, што ўжо гэта сьледзтва магло ўзяць на ўлік — у перадвясельныя клопаты сям’і наўрад ці мог укласьціся выраб бомбаў. Брат жонкі Віталя, Аляксандар Балабулічаў, расказаў, што пасьля затрыманьня братоў у кватэрах сваякоў было праведзена зь дзясятак ператрусаў. А маці дагэтуль не дазваляюць сустрэцца з сынамі.

(Балабулічаў: ) “Віталь з жонкай пераехалі на іншую кватэру, і 30 верасьня ён пайшоў да маці забраць прыналежнасьці для галеньня. І тут якраз прыйшлі зь ператрусам. Ад 30 верасьня мы яго ня бачылі, як і Юрыя. Былі яшчэ ператрусы 1 кастрычніка і 9-га (бо можна трымаць толькі дзесяць сутак). Відавочна, ніводная экспэртыза не пацьвярджалася (які на звычайным чалавеку можа быць тол ці порах?). Падчас апошняга ператрусу ўзялі сьлясарныя інструмэнты, кусачкі, бляху і працягнулі тэрмін затрыманьня да дваццаці сутак. Такім чынам, былі тры ператрусы ў маці, тры — на кватэры, дзе Віталь з жонкай пражылі пяць дзён, і тры ператрусы ў прыватным доме бабулі ў прыгарадзе Віцебску. Маці сказала, што быў яшчэ 18 кастрычніка чацьверты ператрус, на сыходзе дваццатых сутак затрыманьня. Забралі напільнікі”.

Паводле дзяржаўнай абаронцы Кацярыны Аўчыньнікавай, напярэдадні Генэральная пракуратура прад’явіла абвінавачаньні братам Мурашкам на падставе артыкулу Крымінальнага кодэксу “Замах на жыцьцё двух і больш чалавек”. У пракуратуры адмаўляюцца штосьці казаць пра хаду сьледзтва. Вядома толькі, што справай займаецца сьледчы пракуратуры Аляксандар Расолька, які знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Віцебску і, мяркуючы па ўсім, шчыльна працуе з Мурашкамі. Прынамсі, Аляксандар Лукашэнка падчас сёньняшняй сустрэчы з жыхарамі Лоева адзначыў: “Яны думалі, іх ня знойдуць, аднак іх вылічылі хутка, і цяпер яны даюць паказаньні”.

Падчас выбухаў самаробных прыстасаваньняў 14 і 22 верасьня больш за паўсотні віцяблянаў з асколачнымі і чэрапна-мазгавымі траўмамі зьвярнуліся па дапамогу ў шпіталі абласнога цэнтру. Раненьні атрымалі пераважна маладыя людзі, якія сабраліся на дыскатэцы ў летняй кавярні. На гэты момант усе пацярпелыя выпісаныя і небясьпекі для іх жыцьця няма. У абодвух выпадках самаробная бомба была замаскаваная пад піўную бляшанку.

***

Дадатковыя падрабязнасьці перадае Браніслава Станкевіч зь Віцебска:

(Станкевіч: ) "Пра затрыманьне падазраваных братоў Мурашкаў у Віцебску ведалі яшчэ 19-га кастрычніка. Аднак зьвесткі пра чарговае затрыманьне пасьля амаль месяцу бясплённых пошукаў невядомых злачынцаў былі ўспрынятыя як чарговая міліцэйская ініцыятыва для справаздачы начальству.

Першая інфармацыя пра тое, што міліцыя нібыта затрымала вінаватых у выбухах братоў Мурашкаў, зьявілася на форуме віцебскага інтэрнэт-парталу www.vitebsk.by.

З паведамленьня ўдзельніка форуму пад мянушкай Chikatilo вынікала, што 19-га верасьня міліцыянты ўжо затрымалі братоў Мурашкаў, падазраваных у арганізацыі выбухаў у Віцебску, бо ў іхнай майстэрні былі знойдзеныя рэшткі выбуховага рэчыва, а ў кампутары – схемы выбуховых прыстасаваньняў ды інструкцыі, як паводзіць сябе на допытах.

Абодва браты Мурашкі маюць вышэйшую адукацыю, скончылі Віцебскі дзяржаўны тэхналягічны унівэрсытэт. Адзін з братоў працаваў на Віцебскім прыборабудаўнічым заводзе, і, верагодна, нейкія дэталі з гэтага прадпрыемства былі знойдзеныя на месцы выбуху.

Паводле зьвестак інфарматара, браты, верагодна, маюць псыхічныя захворваньні.

Гэтае паведамленьне на віцебскім форуме не выклікала амаль ніякага рэзанансу: на яго адгукнуліся ўсяго два ці тры чалавекі. Сёньня інфармацыя пра затрыманьне братоў Мурашкаў цалкам закрытая: афіцыйных зьвестак пра гэта не даюць ні ў міліцыі, ні ў абласной пракуратуры".
XS
SM
MD
LG