Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску адкрылася выстава твораў з караткевіцкага пленэру


Браніслава Станкевіч, Віцебск Гэты пленэр, прысьвечаны сёлетнім 75-м угодкам Уладзімера Караткевіча, праходзіў з 1 да 10 ліпеня ў Аршанскім раёне. Творы ўдзельнікаў – знакамітых, а таксама маладых мастакоў – склалі экспазыцыю, якую сёньня ўпершыню ўбачылі жыхары Віцебску.

Экспазыцыя твораў удзельнікаў пленэру імя Ўладзімера Караткевіча адкрылася сёньня ў віцебскай выставачнай залі Саюзу мастакоў. Яе зладзілі супольна тутэйшая філія Саюзу мастакоў, вядомае на Віцебшчыне грамадзкае аб”яднаньне “Культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча” і Цэнтар сучаснага мастацтва.

Выстава мае назву “... І ўбачыш – Радзіма”. Гэта словы з эсэ Ўладзімера Караткевіча “Рша камен”, прысьвечанага ягонай малой радзіме – Воршы. Але першымі гледачамі выставы сталі сёньня жыхары Віцебску, бо з гэтым горадам таксама зьвязана частка жыцьця пісьменьніка.

Гаворыць выканаўчы дырэктар пленэру і адзін з арганізатараў выставы Вадзім Баршчэўскі.

(Баршчэўскі: ) “ Караткевіч быў вельмі цесна зьвязаны зь Віцебскам, ён адмыслова для віцебскага тэатру імя Якуба Коласа пісаў п’есу, ён сюды прыяжджаў, ён тут жыў. І таму мы вырашылі адкрываць выставу тут. Усяго было ў нас 49 удзельнікаў пленэру, сярод іх былі літаратары і мастакі. Зь іх 27 – гэта мастакі, удзельнікі сёньняшняй выставы. Выстава супольная – і маладыя, і сталыя мастакі. З маладых шмат хто вылучаецца добрымі такімі працамі, а сталыя – гэта ўвогуле нашы “мэтры”".

Сярод старэйшага пакаленьня ўдзельнікаў выставы такія знаныя на Беларусі мастакі як Алесь Марачкін, старшыня віцебскай філіі Саюзу мастакоў Алег Скавародка, Мікола Таранда з Воршы ды іншыя. На думку мастака Яўгена Шатохіна, яны шмат у чым паспрыялі працы маладых мастакоў у часе пленэру, і гэта таксама адбілася на якасьці новай экспазыцыі.

(Шатохін: ) “Гэтыя сталыя, дарослыя мастакі праводзілі майстар-клясы з моладзьдзю, ішоў працэс навучаньня, абмен досьведам. Для моладзі было вельмі цікава з такімі людзьмі размаўляць, спрачацца, можа, нават”.

Адкрытая сёньня выстава сталася творчай справаздачай мастакоў. А што да ўдзельнікаў літаратурнае майстар-клясы караткевіцкага пленэру, то зь іхнай творчасьцю можна будзе пазнаёміцца, паглядзеўшы адмысловы альманах– каталёг, які ўжо рыхтуецца да выданьня. У ім будуць рэпрадукцыі карцін і літаратурныя творы, напісаныя ў часе пленэру.

Мяркуецца, што альманах убачыць сьвет напярэдадні 75-х угодкаў Уладзімера Караткевіча, якія будуць адзначацца сёлета 26-га лістапада. Выстава ўдзельнікаў караткевіцкага пленэру на той час таксама ўжо будзе перавезеная ў Воршу, на радзіму пісьменьніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG