Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Саакашвілі запрасіў А.Мілінкевіча на сьвяткаваньне ўгодак Рэвалюцыі ружаў


Валер Каліноўскі, Менск Як паведаміла прэсавая служба адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад беларускай апазыцыі, прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі запрасіў Аляксандра Мілінкевіча 22—23 лістапада ў Тбілісі на сьвяткаваньне другой гадавіны грузінскай Рэвалюцыі ружаў.

Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ў афіцыйным запрашэньні, у прыватнасьці, піша: “Мы разумеем, што пакуль нашы суседзі не далучацца да дэмакратычнай супольнасці, антыдэмакратычныя ды імпэрскія захады заўсёды будуць пагражаць дэмакратыі і свабодзе”. Падчас сьвяткаваньня адбудзецца міжнародны форум з удзелам уплывовых эўрапейскіх палітыкаў. Прэзыдэнт Грузіі прапанаваў Аляксандру Мілінкевічу выступіць на форуме з дакладам.

Аляксандар Мілінкевіч ужо накіраваў падзяку кіраўніку Грузіі за запрашэньне, але пакуль ня вырашыў, ці паедзе ў Грузію.

(Мілінкевіч: ) “Безумоўна, запрашэньне ад прэзыдэнта краіны — гэта вялікая павага і вялікі гонар для мяне, гэта вельмі прыемна, я хацеў бы быць у Тбілісі і сустрэцца з прэзыдэнтам. У бліжэйшы час мы вырашым, ці ў графіку нашых паездак па краіне атрымаецца такі візыт. І калі я ня здолею паехаць, то паедзе хтосьці з кіраўнікоў кампаніі абавязкова”.

Спадар Мілінкевіч кажа, што асноўную ўвагу цяпер надае паездкам па Беларусі, паколькі тут надзвычай шмат працы. Цяпер ідзе арганізацыя цэнтральнага штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад апазыцыі і вызначэньне кіраўнікоў рэгіянальных штабоў у абласных і буйных раённых цэнтрах.

23 лістапада 2003 году грузінская апазыцыя, якую ўзначалілі Міхаіл Саакашвілі, Ніно Бурджанадзэ і Зураб Жванія, зьдзейсьніла ў Грузіі мірную рэвалюцыю. “Узброеныя” ружамі апазыцыянэры вывелі на бестэрміновы мітынг у Тбілісі дзясяткі тысяч грамадзянаў, незадаволеных уладай. У выніку тагачасны прэзыдэнт краіны Эдуард Шэварднадзэ падаў у адстаўку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG