Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як да небясьпекі птушынага грыпу ставяцца на Менскай птушкафабрыцы?


Ганна Соусь, Менск Наша карэспандэнтка правяла вулічнае апытаньне ля Менскай птушкафабрыкі імя Крупскай. Яна зьвярнулася да работнікаў птушкафабрыкі і да наведнікаў фабрычнай харчовай крамы з пытаньнем: ці засьцерагаюцца яны ад птушынага грыпу?

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці засьцерагаецеся вы ад птушынага грыпу?”

(Спадар: ) “Абавязкова. Робім прышчэпкі, усе запар”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы кім працуеце на фабрыцы?”

(Спадар: ) “Дваццаць дзевяць гадоў працаваў кіроўцам, а цяпер грузчыкам у краме працую”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці баіцеся вы птушынага грыпу? Ці можа ён трапіць у Беларусь?”

(Спадар: ) “Мяркуючы па тэлерэпартажах, дык увогуле складаная сытуацыя. Кажуць, у мінулыя стагодзьдзі такая сытуацыя была. Так што гэта, напэўна, горш за Чарнобыль”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці робіце прышчэпкі ад грыпу?”

(Спадар: ) “Абавязкова. Інакш не дапускаюць да працы”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы мяркуеце, ці ёсьць небясьпека, што птушыны грып трапіць у Беларусь?”

(Спадар: ) “Калі зь пералётнымі птушкамі, то можа быць. Трэба глядзець на межах”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы працуеце на птушкафабрыцы… Ці не баіцеся птушынага грыпу?”

(Спадарыня: ) “Якраз іду прышчэпку рабіць. Горад выдаткаваў сродкі, і нам усім робяць прышчэпкі ад грыпу”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы мяркуеце, ці можа птушыны грып трапіць у Беларусь?”

(Спадарыня: ) “Складанае пытаньне. Мне падаецца, што ня так гэта істотна. Мне падаецца, што гэтае пытаньне больш раздутае, чым на самай справе яно існуе”.

(Карэспандэнтка: ) “А робяць абсалютна ўсім супрацоўнікам прышчэпкі?”

(Спадарыня: ) “Так. Робяць усім”.

(Карэспандэнтка: ) “А сем’ям супрацоўнікаў?”

(Спадарыня: ) “Сем’ям — не. У нас сем’ямі пераважна і працуюць, таму мы практычна ўсім і робім прышчэпкі ад грыпу”.

(Спадар: ) “Чаго яго баяцца? Няхай ён нас баіцца. Чаму мы павінны баяцца нейкага грыпу птушынага ці петушынага…”

(Карэспандэнтка: ) “Вы працуеце на птушкафабрыцы?”

(Спадар: ) “Не, я прыяжджаю сюды, каб набыць корм для жывёлаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці засьцерагаецеся вы ад птушынага грыпу?”

(Спадарыня: ) “Па сутнасьці, не. А што рабіць? Толькі прышчэпкі… Я проста сюды ў краму прыйшла”.

(Карэспандэнтка:) “А як вы мяркуеце, ці можа птушыны грып трапіць у Беларусь?”

(Спадарыня: ) “Будзем спадзявацца, што не. Але ўсё што заўгодна можа здарыцца”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці засьцерагаецеся вы ад птушынага грыпу?”

(Спадар: ) “Не. Мы ўсе тут зрабілі прышчэпкі. Мне сёньня зрабілі. Няма ніякай небясьпекі. У нас усе дызкамэры падрыхтаваныя для гэтага. Так што нічога страшнага”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці не баіцеся, што птушыны грып трапіць у Беларусь?”

(Спадарыня: ) “Я не баюся, але ўсё магчыма. Цяпер нам могуць розныя гадасьці зрабіць, цалкам верагодна, што могуць прывезьці тыя, хто ня любяць нашага Лукашэнку”.

(Спадарыня: ) “Мы не баімся. І курэй набываем, і яйкі, і кілбасы, і сасіскі. Усё ямо з фабрыкі”.
XS
SM
MD
LG