Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Польшчы закончыцца перадвыбарчая прэзыдэнцкая кампанія


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Упершыню ў найноўшай гісторыі краіны абодвух кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, што выйшлі ў другі тур, падтрымлівае амаль аднолькавая колькасьць выбаршчыкаў.

Паводле дадзеных апошніх апытаньняў, лідэра лібэральнай партыі “Грамадзянская плятформа” падтрымліваюць усяго на 4-6% больш палякаў, чым мэра Варшавы, кандыдата ад партыі “Закон і справядлівасьць” Леха Качыньскга.

Цягам апошніх дзён перадвыбарчай кампаніі абодва кандыдаты наведвалі штодня па некалькі гарадоў, а таксама бралі ўдзел у бясконцых тэледэбатах. Нягледзячы на тое, што гэтым разам упершыню ў найноўшай гісторыі Польшчы, посткамуністы ня маюць свайго моцнага кандыдата ў прэзыдэнцкіх выбарах, тэмы, зьвязаныя з камуністычным мінулым краіны, прысутнічалі ў часе дэбатаў.

Лех Качыньскі закінуў Дональду Туску, што яго, хоць і не наўпрост, але падтрымлівае Аляксандар Квасьнеўкі, а таксама былы прэм’ер, посткамуніст Лешэк Мілер.

(Качыньскі: ) “Для мяне істотнае значэньне мае, хто належаў да папярэдняй сыстэмы, якая зрабіла столькі зла для Польшчы, а хто не” .

У сваю чаргу Туск, заявіў, што хоча перадусім аб’яднаць палякаў, але яго непакоіць тое, што Леха Качыньскага падтрымаў Анджэй Лепэр – палітык, якога яшчэ год таму Качыньскі называў марыянэткай посткамуністаў.

(Туск: ) “У Польшчы жывуць вельмі розныя людзі. Прыкладам, у першым туры мяне падтрымалі і беспрацоўныя і бізнэсоўцы, і я вельмі цешуся, бо гэта значыць, што людзі з рознымі праблемамі бачаць, што я намагаюся аб’ядноўваць, а не шукаць канфлікту там, дзе яго няма”.

Адметна, што Дональда Туска падтрымаў і былы прэзыдэнт Польшчы Лех Валэнса.

(Валэнса: ) “На дадзены час, на тыя ўмовы, якія мы цяпер маем, лепшым прэзыдэнтам быў бы Дональд Туск”

Апошнімі днямі пытаньні, зьвязаныя з замежнай палітыкай, у перадвыбарчых дэбатах амаль не зьяўляліся, аднак што да Беларусі, дык абодва кандыдаты неаднаразова запэўнівалі, што ў выпадку абраньня гатовыя да больш жорсткіх размоваў з афіцыйным Менскам.

У Польшчы прэзыдэнт абіраецца на 5 гадоў. Адна асоба ня можа знаходзіцца на гэтай пасадзе больш за два тэрміны. Прэзыдэнт - гэта галоўнакамандуючы, найважнейшая асоба ў дзяржаве, якая перадусім прадстаўляе яе на міжнароднай арэне. Што да гаспадарчай палітыкі, дык тут значна больш кампэтэнцыяў мае прэм’ер.

Пасьля таго, як Польшча ізноў стала свабоднай, у 1990-м годзе прэзыдэнцкія выбары выйграў лідэр “Салідарнасьці” Лех Валэнса, а потым, у 1995-м і 2000-м два разы запар перамагаў посткамуніст Аляксандар Квасьнеўскі, чые паўнамоцтвы канчаюцца сёлета ў сьнежні.
XS
SM
MD
LG