Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тураўская лякарка прайграла справу аб аднаўленьні на працы


Казімір Яноўскі, Жыткавічы Галоўны лекар Тураўскага шпіталю Ірына Сяргейчык на амэрыканскую дапамогу арганізавала ў шпіталі рэабілітацыйны цэнтар, аднак адміністрацыя раённага мэдычнага аб''яднаньня звальняе яе з працы за неадпаведнасьць пасадзе.

Сёньня судзьдзя Жыткавіцкага раённага суду Алег Касьцючэнка адхіліў пазоў галоўнага лекара Тураўскага шпіталю Ірыны Сяргейчык наконт скасаваньня загаду адміністрацыі мэдычнага аб''яднаньня на звальненьне. Калі рашэньне суду ўступіць у сілу, спадарыня Сяргейчык, якая на амэрыканскую дапамогу арганізавала ў Тураве рэабілітацыйны цэнтар, застанецца бяз працы.

Кіраўнік Жыткавіцкага мэдычнага аб''яднаньня Канстанцін Грамак звольніў Ірыну Сяргейчык з пасады галоўнага лекара Тураўскага шпіталю яшчэ ў студзені. Зроблена гэта было на той падставе, што нібыта досьвед і веды спадарыні Сяргейчык не адпавядаюць пасадзе, якую яна займае. Да такой высновы схілілася атэстацыйная камісія, якую ачольвае сам кіраўнік мэдычнага аб''яднаньня.

Ірына Сяргейчык зьвярнулася ў раённы суд. Апошні прызнаў перадузятымі высновы атэстацыйнай камісіі. Адміністрацыю мэдычнага аб''яднаньня абавязалі сплаціць спадарыні Сяргейчык звыш 1 мільёна рублёў заробку за вымушаны прагул.

У чэрвені з удзелам амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Джорджа Крола ў Тураве быў урачыста адкрыты мэдычны рэабілітацыйны цэнтар, створаны на сродкі Эўрапейскага камандаваньня Збройных сілаў ЗША. Раённыя кіраўнікі публічна заяўлялі, што з адкрыцьцём цэнтру на новую ступень узьнімаецца аказаньне мэдычнай дапамогі жыхарам раёну.

Грант ЗША на стварэньне цэнтру быў атрыманы выключна стараньнямі Ірыны Сяргейчык:

(Сяргейчык:) “Калі б уся гэтая дапамога і плян рэканструкцыі быў ажыцьцёўлены ў цэнтральным шпіталі Жыткавічаў, я думаю, задума і ўся праца была б ацэненая на “ўра”. А кіраўнік быў бы за гэта ўзнагароджаны”.

У Жыткавічах паступілі іначай. Меней чым праз тыдзень пасьля адкрыцьця ў Тураўскім шпіталі рэабілітацыйнага цэнтру, адміністрацыя раённага мэдычнага аб''яднаньня аспрэчыла ў абласным судзе аднаўленьне Ірыны Сяргейчык на пасадзе галоўнага лекара. Справу вярнулі ў Жыткавіцкі суд на новы разгляд.

І сёньня, пасьля трохдзённага разбору, судзьдзя Касьцючэнка па сутнасьці прызнаў абгрунтаваным загад адміністрацыі мэдычнага аб''яднаньня аб звальненьні Ірыны Сяргейчык з пасады галоўнага лекара. Рашэньне судзьдзі спадарыня Сяргейчык і яе адвакат Міхаіл Матусевіч зьбіраюцца абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі.

***

Нагадаем, амбасада ЗША ў Беларусі днямі (17 кастрычніка) выступіла з заявай у адказ на дэзынфармацыю аб гуманітарнай дапамозе Тураўскай раённай бальніцы. Як гаворыцца ў заяве, 11 кастрычніка Беларускае дзяржаўнае тэлебачаньне паказала ў эфіры зманлівы, цынічны і недакладны рэпартаж аб дапамозе, якая была прадстаўленая Камандаваньнем узброеных сіл ЗША ў Эўропе абласной бальніцы Турава, што на Гомельшчыне.

Раней сёлета ў рамках Праграмы гуманітарнай дапамогі Камандаваньне ўзброенымі сіламі ЗША ў Эўропе прадаставіла гранты і ахвяраваньні на аднаўленьне рэабілітацыйнага цэнтра Тураўскага шпіталю. Шпіталь падаў заяўку на атрыманьне дапамогі, а ўсё абсталяваньне, гэтаксама, як і дызайн, былі вызначаныя адміністрацыяй шпіталя з улікам патрэбаў насельніцтва. Тады ж адміністрацыя запрасіла амбасадара Джорджа Крола наведаць шпіталь і ўзяць удзел у адкрыцьці новага цэнтру разам зь мясцовымі уладамі, а гэтаксама, каб перадаць дадатковыя ахвяраваньні ад імя амэрыканскага народу.

Як паведамляецца ў заяве амэрыканскай амбасады, Джордж Крол сустрэўся з супрацоўнікамі бальніцы, прадстаўнікамі мясцовай ўлады, а таксама з жыхарамі Турава і Жыткавіцкага раёна, якія асабіста выказалі яму сваю шчырую ўдзячнасьць за гэты сумесны гуманітарны праект.

Шляхам гэтага і іншых падобных ахвяраваньняў Злучаныя Штаты дэманструюць шчырае жаданьне й імкненьне ўсталяваць кантакты паміж людзьмі і дапамагчы ў задавальненьні канкрэтных гуманітарных патрэбаў Беларусі дзе і калі гэта магчыма, гаворыцца ў заяве амбасады ЗША.

Тады як рэпартаж Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня, таксама як і іншая зманлівая, недакладная і тэндэнцыйная інфармацыя, якую афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі распаўсюджваюць аб Злучаных Штатах, мае на мэце стварыць нэгатыўны імідж ЗША і дыскрэдытаваць канструктыўнае партнэрства і сяброўства паміж амэрыканскім і беларускім народамі, якое ўсталёўвалася гадамі.

Нягледзячы на кампанію дэзынфармацыі, Злучаныя Штаты застаюцца верным сябрам і надзейным партнэрам, адданым справе будаўніцтва трывалых сувязяў з высакародным, сьціплым і гераічным беларускім народам, які імкнецца пабудаваць моцную, незалежную, дэмакратычную і квітнеючую Беларусь, паведамляецца ў заяве Амбасады ЗША ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG