Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валожынская міліцыя затрымала каля трох дзясяткаў прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў (абноўлены)


Севярын Квяткоўскі, Менск Моладзь ехала трыма мікрааўтобусамі ў Горадню, каб узяць удзел у Моладзевым форуме. Сярод затрыманых — прадстаўнікі розных гарадоў Беларусі і розных арганізацыяў ды ініцыятываў: Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, Студэнцкага эўрапейскага форуму, скаўцкіх арганізацыяў ды іншых.

Паводле аднаго з затрыманых Васіля Лепша, ДАІ спыніла тры мікрааўтобусы недалёк Валожыну каля 9-й раніцы. Затрыманыя правялі ў мясцовым райаддзеле міліцыі каля чатырох гадзінаў. Васіль Лепеш пераказвае афіцыйную прычыну затрыманьня:

(Лепеш: ) “Прычына была такая, што праводзіцца спэцмерапрыемства ў сувязі зь нядаўнімі выбухамі ў Віцебску. І ёсьць такая інфармацыя, што на гэтай трасе будзе нешта адбывацца, зьвязанае зь віцебскімі падзеямі. І як перастрахоўку, нібыта, нас вырашылі затрымаць і праверыць”.

Мы паспрабавалі па гарачых сьлядах атрымаць камэнтар у валожынскай міліцыі, у аддзеле аховы грамадзкай бясьпекі.

(Карэспандэнт: ) “Добры дзень”.

(Міліцыянт: ) “Добры”.

(Карэспандэнт: ) “Вас турбуюць з Радыё Свабода. Скажыце, за што затрымалі групу маладых людзей?”

На другім баку кінулі слухаўку.

Пазьней у інтэрвію інтэрнэт-парталу “Хартыя’97” начальнік валожынскай міліцыі падпалкоўнік Сіняўскі патлумачыў дзеяньні міліцыі тым, што ў аўтобусах ехалі непаўналетнія без суправаджэньня бацькоў.

А вось меркаваньне Васіля Лепеша пра прычыны інцыдэнту:

(Лепеш: ) “Менавіта спынілі нашу машыну, усе астатнія праяжджалі безь перашкодаў. Рэчы не правяралі, хаця ў нас там поўныя торбы… Іх нават не цікавіла зьмесьціва нашых рэчаў. То бок, іх мэта была затрымаць, каб мы не даехалі да месца прызначэньня”.

У выніку затрыманьня групы ўдзельнікаў пад Валожынам Моладзевы форум у Горадні быў сарваны. Тлумачыць арганізатар мерапрыемства Сьвятлана Каралёва:

(Каралёва: ) “Зразумела, што гэта яшчэ адзін паказьнік таго, як складана арганізоўваць працэсы ў Рэспубліцы Беларусь. Форум будзе перанесены, бо задача форуму — кансалідацыя моладзевых арганізацыяў. А таксама пошук эфэктыўнага шляху ўзаемадзеяньня і працы ў Беларусі”.

Сьвятлана Каралёва ўзначальвае Нацыянальную раду моладзевых і дзіцячых арганізацыяў. Калі адбудзецца паўторная спроба зладзіць Моладзевы форум, пакуль невядома.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG