Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Коласаўцы ў Нью-Ёрку: посьпех пад бел-чырвона-белым сьцягам (фота)


Галіна Прыгара, Нью-Ёрк У Злучаных Штатах праходзяць гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа зь Віцебску. Спэктаклі прайшлі ў Бостане і ў Нью-Ёрку.

У Нью-Ёрку коласаўцы далі два спэктаклі: "Арышт, альбо От цо да", і "Шагал, Шагал...".

Першай на сцэне гледачы пабачылі сымбалічную п''есу Сакрата Яновіча пра трагічны лёс Браніслава Тарашкевіча "Арышт" (рэжысэр Віталь Баркоўскі). Гледачу давялося прыгадаць гістарычны кантэкст, калі ў Заходняй Беларусі беларусы змагаліся супраць апалячваньня, адстойвалі сваю беларускасьць у турмах. Дый на тэрыторыі савецкай Беларусі таксама змагаліся ў турмах савецкага НКВД. Праходзілі людзі праз прыніжэньні і катаваньні, што і было адлюстравана на сцэне. Шмат якія маналёгі з вуснаў Браніслава Тарашкевіча пра нацыянальную годнасьць, самасьвядомасьць, Незалежнасьць ды дзяржаўнасьць Беларусі адсюль, зь Нью-Ёрку, успрымаюцца вельмі актуальна.

Гульня актораў спынялася воплескамі. Былі моманты, калі заля гатовая была ўстаць. Каля сцэны лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, а на вачах асабліва эмацыйных гледачоў-эмігрантаў былі сьлёзы.

Старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня Антось Шукелойць, які сам прайшоў за сваю беларускасьць праз НКВД, заўважыў у камэнтары "Свабодзе", што вельмі ўражаны спэктаклем “Арышт”. А Зянон Пазьняк (які ў свой час абараніў дысэртацыю па гісторыі тэатру) адзначыў надзвычай высокае майстэрства актораў. а таксама выдатную рэжысуру.

(Пазьняк: ) “Мае ўражаньні надзвычай добрыя. Я спадзяваўся горшага. Мне думалася, што нейкі можа быць рэгрэс. Але я ўбачыў тэатар высокай культуры, тэатар сталічнага ўзроўню, добрай гульні актораў і высокай рэжысуры. Асабліва што датычыць "От цо да" па Сакрату Яновічу. Выдатна! І ўсім вельмі спадабалася. Трэба сказаць, што публіка ў асноўным была сучасная эміграцыя, якая добра разумее і ўспрымае тэатар. Так што вельмі прыемнае ўражаньне засталося, а і аптымістычнае. Таму што калі разьвіваецца творчасьць, асабліва тэатральная, дык гэта гаворыць аб унутраным стане нацыі. Бо тэатар -- гэта нацыя, як правільна некалі сказаў расейскі драматург Астроўскі”.

Варта прыгадаць, што спэктакль "Шагал, Шагал..." атрымаў першую прэмію на тэатральным фэстывалі ў Эдынбургу. Гастролі адметныя і тым, што значную частку арганізацыйных клопатаў узяла на сябе беларуская дыяспара -- асабліва апекаваліся коласаўцамі Ала Орса-Рамана ды Вячка Станкевіч.

Беларусы ў Нью-Ёрку пасьля спэктаклю выказвалі спадзяваньне, што і акторы нагэтулькі ж засталіся задаволеныя побытам у Нью-Ёрку, як гледачы -- спэктаклямі.
Фрагмэнт спэктаклю “Арышт, альбо От цо да”
У залі былі прадстаўнікі розных пакаленьняў беларускай дыяспары.
“Коласаўцы” пад час сустрэчы зь нью-ёрскімі беларусамі ў царкве Кірылы Тураўскага
Фота Галіны Прыгары
XS
SM
MD
LG