Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

22 кастрычніка 1937 году НКВД расстраляў беларускага пісьменьніка Лукаша Калюгу


RFE/RL Падзеі 21 кастрычніка

21 кастрычніка 1919 году ў Менску, тады яшчэ не савецкім, пачала выходзіць штодзённая газэта “Беларусь”. Яна працягвала традыцыі “Нашай Нівы”, імкнулася згуртаваць беларускія партыі й рухі вакол ідэі незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. На яе старонках друкаваліся лепшыя беларускія літаратары: Янка Купала, Якуб Колас, Максім Гарэцкі, Францішак Аляхновіч, Уладзіслаў Галубок ды шмат хто яшчэ. Гэзэта “Беларусь” пісала пра неабходнасьць стварэньня беларускага войска, беларускай школы, беларускай гаспадаркі. Пасьля таго, як бальшавікі захапілі Менск у 1920 годзе, газэта «Беларусь» спыніла сваё існаваньне.

21 кастрычніка 1878 году прыйшоў на сьвет адзін з найбольш значных беларускіх гісторыкаў Уладзімер Пічэта. Пічэта нарадзіўся ў Палтаве. Пасьля сканчэньня Маскоўскага ўнівэрсытэту й працы ва Ўкраіне, ён перабраўся ў Беларусь. Тут у Менску ён стаў адным са стваральнікаў Беларускага ўнівэрсытэту й ягоным першым рэктарам, быў абраны акадэмікам Акадэміі Навук Беларусі. Пасьля яго арыштавалі й выслалі ў Расею. Але заступніцтва вучоных Эўропы ўратавала яго ад сьмерці. Хоць у Беларусь Уладзімер Пічэта больш не вярнуўся. Працаваў ва Ўзбэкістане і Расеі, дзе й памёр у 1947 годзе.

Сярод іншых знакамітых людзей, што нарадзіліся 21 кастрычніка ў розныя гады, згадаем сёньня швэдзкага хіміка Альфрэда Нобэля, які вынайшаў дынаміт і заснаваў самую прэстыжную ў сьвеце Нобэлеўскую прэмію; амэрыканскага джазмэна-трубача Дызы Гілеспі і беларускага паэта Івана Муравейку, які напісаў шмат вершаў для дзяцей.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

22 кастрычніка 1937 году савецкія карныя ворганы расстралялі аднаго з найбольш таленавітых беларускіх пісьменьнікаў даваеннае пары Лукаша Калюгу. Самыя вядомыя ягоныя аповесьці “Ні госьць ні гаспадар” і “Нядоля Заблоцкіх”. Застаўся пасьля Калюгі і недапісаны раман “Пустадомкі”. Арыштавалі пісьменьніка ў 33-м, калі яму было ўсяго 24 гады, і больш на свабоду ён ня выйшаў.

22 кастрычніка 1941 году была створаная Беларуская Народная Самапомач – дабрачынная арганізацыя ў акупаванай немцамі Беларусі. БНС зьбірала ахвяраваньні, аказвала матэрыяльную дапамогу людзям, плянавала стварыць аўтаномны беларускі ўрад са сваім, незалежным ад немцаў, войскам.

22 кастрычніка 1870 году нарадзіўся Іван Бунін, сусьветна вядомы пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі. Старажытны род Буніных паходзіць ад Сымона Бунікоўскага, беларускага шляхціца, які ў 15 стагодзьдзі патрапіў у маскоўскі палон і застаўся ў Расеі.
XS
SM
MD
LG