Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохгадовае змаганьне сям’і Каральковых за права атрыманьня дачкой адукацыі на беларускай мове прынесла плён. У Горках навучаецца па-беларуску каля чатырох дзесяткаў дзяцей


Міхал Стэльмак, Менск У Горках трохгадовае змаганьне сям’і Каральковых за права атрыманьня адукацыі на беларускай мове прынесла плён. Іх ініцыятыву, нягледзячы на адмоўнае стаўленьне да яе мясцовых уладаў, падхапілі іншыя жыхары гораду. Тут зараз навучаецца па-беларуску каля чатырох дзесяткаў дзяцей.

Маша Каралькова вучыцца ў восьмай клясе горацкай школы №4:

(Маша: ) “Адчуваю камфортна. Калі нехта мне не дужа добрае кажа, то не зьвяртаю на гэта ўвагі. Так, нядрэнна вучуся. І падручнікі ёсць усе на беларускай мове. Мне падабаюцца такія прадметы як гісторыя, геаграфія. Потым літаратура, мова беларуская. Настаўнікі размаўляюць на беларускай мове. Усё як трэба. Настаўнікі ўсе добрыя. Мы сябруем”.

Маша Каралькова – адзіная ў Горках васьміклясніца, якая атрымлівае адукацыю на беларускай мове. Магчымасць навучацца па-беларуску яна атрымала ў выніку ўпартага змаганьня сям’і Каральковых з горацкімі ўладамі. Гэта было тры гады таму. Узгадвае бацька Машы Віктар Каралькоў:

(Каралькоў: ) “Мы, бацькі Машы, і Маша сама натуральна хацелі вучыцца на беларускай мове. Маша паўгады не хадзіла ў школу. Нам прапаноўвалі напрыклад ехаць жыць у вёску і там вучыцца. Казалі, што будуць вазіць Машу на аўтобусе ў вёску, у беларускую школу. А ў той вёсцы сьпіліся ўсе настаўнікі”.

Віктар Каралькоў – вядомы ў Горках актывіст дэмакратычнага руху. Ён сябра сойму Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ і лідэр мясцовай суполкі гэтай партыі. У адказ на ўпартае нежаданьне дачкі апазыцыянэра пайсьці ў расейскамоўную клясу на сям’ю Каральковых, паводле бацькі Машы, пачаўся жорсткі ціск дзяржаўных структураў:

(Каралькоў: ) “Былі ўсялякія розныя нажымы. І праз пракуратуру. І праз міліцыю, і нават ставілі пытаньне пазбавіць нас бацькоўскіх правоў. І ўсялякая іншая дурнота. Потым усё ж такі пачало рэагаваць Міністэрства адукацыі, прэм’ер-міністру мы пісалі”.

Урэшце рэшт Каральковы дамагліся для Машы права навучацца па-беларуску. Ня выключана, што ўлады саступілі таму, што ня верылі ў здольнасць дзяўчынкі вытрымаць экстрэмальныя ўмовы – індывідуальнае навучаньне. Маша ж даказала адваротнае. Трэці год яна, як і хацела, атрымлівае адукацыю па-беларуску:

(Маша: ) “Такія прадметы як матэматыка, геаграфію, гісторыю праходжу асобна. З настаўнікамі. Заходжу ў настаўніцкую, знаходжу настаўніка і мы шукаем кабінет, дзе можна папрацаваць. А тыя прадметы, што можна праходзіць разам з клясай, напрыклад, літаратуру, мову, я сяджу разам з клясай”.

Нягледзячы на індывідуальнае навучаньне, беларускамоўная Маша мае ў Горках шмат сяброў і сябровак. Тут ў яе, паводле слоў бацькі Віктара Каралькова, зьявіліся пасьлядоўнікі, толькі малодшыя:

(Каралькоў: ) “Тры гады таму, калі маша была ў пятай клясе, Маша была адна, хто хацеў вучыцца па-беларуску, то зараз у Горках у двух школах ёсць беларускае навучаньне. І агулам сорак дзетак. Гэта ніякія не апазыцыянэры. Ні лідэры, ні грамадзкія арганізацыі. Ні Таварыства беларускай мовы. Гэта шэраговыя людзі. Таму за тры гады наш капітал як бы папоўніўся ў 40 разоў. А калі яшчэ і бацькоў далучыць, то памножце і атрымаецца няблага. Каб у камэрсанта такі прыбытак у 40 разоў, то гэта вельмі добра. Абсалютна ўпэўнены, што ўлады і сыстэма адукацыі робяць выгляд, імітацыю, што беларуская мова самазьнішчаецца. Насамрэч, яны робяць усё магчымае, каб яе зьнішчыць. А імітуюць самазьнішчэньне. У гісторыі няма прыкладаў., што страцілі мову, але ўратавалі дзяржаўнасць. Такіх прыкладаў у гісторыі чалавецтва няма”.
XS
SM
MD
LG