Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штаб адзінага кандыдата аб''ядноўвае кадры і рэсурсы апазыцыі


Валер Каліноўскі, Менск Апазыцыйная кааліцыя на будучых прэзыдэнцкіх выбарах завяршае фармаваньне цэнтральнага штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча і пачынае фармаваньне рэгіянальных штабоў.

Віктар Карнеенка, намесьнік кіраўніка перадвыбарчага штабу адзінага кандыдата зазначыў, што на гэты момант важнейшымі зьяўляюцца кадравыя пытаньні. Цэнтральны штаб амаль сфармаваны: спачатку ён будзе складацца з 15 супрацоўнікаў, а ў час кампаніі – да 30. Нядаўна на арганізацыйна-мэтадычную працу ў штаб прыйшоў Аляксандар Бухвостаў, паведаміў Віктар Карнеенка:

(Карнеенка: ) “Цягам апошніх трох дзён цэнтральны штаб працуе над падборам кадраў на рэгіянальных кірунках, гэта ў першую чаргу абласныя і “куставыя” штабы і далей раённыя”.

Сам спадар Карнеенка як намесьнік кіраўніка штабу адказвае за арганізацыйную працу, падбор і адукацыю будучых сябраў выбарчых камісіяў ад апазыцыі, назіральнікаў і валанцёраў, а таксама за правядзеньне масавых акцыяў.

(Карнеенка: ) “І асобны блёк – мы думаем зрабіць грамадзкія прыёмныя адзінага кандыдата з мэтай арганізацыі зваротнай сувязі з насельніцтвам: што турбуе людзей, якія б яны зрабілі прапановы. Мы будзем яшчэ да выбараў дапамагаць людзям вырашаць канкрэтныя праблемы”.

Іншы намесьнік кіраўніка штаба Аляксандар Дабравольскі адказвае за інфармацыю і агітацыю:

(Дабравольскі: ) “Нашая галоўная задача – дапамагчы людзям разабрацца, якая будзе Беларусь пасьля таго, як адбудуцца перамены, дапамагчы ім зразумець, што гэта будзе вельмі добрая краіна, у якой яны могуць забыцца пра зьдзекі, страх, у якой будуць людзей паважаць”.

Аляксандар Дабравольскі кажа, што будуць выкарыстаныя ўсе існуючыя інфармацыйныя каналы, але галоўнымі будуць непасрэдныя сустрэчы на месцах.

За міжнародныя і ўнутраныя камунікацыі каманды адзінага кандыдата адказвае яшчэ адзін намесьнік кіраўніка штабу Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “Пэрсанальныя прызначэньні гэтыя не маюць на ўвазе, што кожны сам па сабе будзе ўсё гэта рабіць. У кожным сэктары павінны браць удзел кааліцыйныя сілы”.

Спадар Вячорка мяркуе, што цяпер дзейнасьць усіх партыяў будзе скіраваная на карысьць адзінага кандыдата, і таму тое, што ён паралельна кіруе БНФ, агульнай справе не перашкодзіць.

Прадстаўнік Партыі камуністаў Беларускай Валер Ухналёў прызначаны кіраўніком справамі штабу адзінага кандыдата, ён адказвае за матэрыяльнае, транспартнае забесьпячэньне, памяшканьні, а таксама за службу бясьпекі:

(Ухналёў: ) “Трэба каардынаваць тыя рэсурсы, якія цяпер маюцца ў партыяў, няўрадавых арганізацыяў. Новых рэсурсаў пакуль няма, і невядома, калі яны будуць, і ці будуць увогуле”.

Спадар Ухналёў зазначыў, што цяпер праводзіцца інвэнтарызацыя наяўных рэсурсаў апазыцыйнай кааліцыі, і ён мяркуе, што гэтыя задачы ўдасца пасьпяхова выканаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG