Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

А. Дабравольскі: “Канстытуцыйны акт Саюза Беларусі і Расеі – гэта пыл у вочы”


Валер Каліноўскі, Менск 20 кастрычніка камісія пад кіраўніцтвам Барыса Грызлова і Уладзімера Канаплёва вырашыла да 15 лістапада перадаць праект Канстытуцыйнага акту на разгляд Вышэйшага дзяржсавету так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Афіцыйна паведамляецца, што далей праект будуць разглядаць нацыянальныя парлямэнты і выбаршчыкі на рэфэрэндумах, якія могуць прайсьці ў 2006 годзе. Як адрэагавалі на гэтую навіну апазыцыйныя беларускія палітыкі?

Адзін зь лідэраў АГП Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы, нават калі ён будзе ухвалены, у сапраўднасьці ніяк не зьменіць сытуацыю ў Расеі і Беларусі:

(Дабравольскі: ) “Усё гэта пыл у вочы і больш нічога. З юрыдычнага пункту гледжаньня, скажу як юрыст, – гэта поўны нонсэнс, калі ёсьць дзяржава, у якую ўваходзяць дзьве незалежныя дзяржавы”.

Тое ж, што Расея актыўна падштурхоўвае Беларусь да прыняцьця Канстытуцыйнага акту, сьведчыць пра тое, што Крэмль мае іншыя інтарэсы, якія не дэкляруюцца ім наўпрост, па-ранейшаму жадаючы інкарпарацыі Беларусі:

(Дабравольскі: ) “Небясьпека тут ёсьць, таму што калі стрэльба вісіць на сцэне, то калісьці яна можа стрэліць… Пытаньне пра “мухі і катлеты” было правільнае, трэба дамовіцца і гэта ўсё аддзяліць”.

Адзін з актывістаў беларускай сацыял-дэмакратыі Ўладзімер Нісьцюк мяркуе, што Канстытуцыйны акт адрывае ўвагу ад іншых больш важных праблем як у Беларусі, гэтак і Расеі.

(Нісьцюк: ) “Гэты акт дасьць падставу разам з выбарамі прэзыдэнта правесьці рэфэрэндум па гэтым Канстытуцыйным акце. І тады можна будзе бачыць, што гэтая кампанія будзе працаваць на карысьць Лукашэнкі, калі ён пагодзіцца з тымі прапановамі, якія яму робіць зараз Расея.” Разам з тым спадар Нісьцюк мяркуе, што аб''ектыўна аб’яднаньне Беларусі і Расеі немагчымае, паколькі нельга спалучыць эканоміку рынкавага сацыялізму і алігархічнага капіталізму:

(Нісьцюк: ) “Казаць пра пэрспэктыву ўтварэньня нейкай агульнай дзяржавы – гэта абсалютна пустая праца, яна нічога не дасьць. Трэба, каб два суседа жылі побач, працавалі, сябравалі рабілі кожны сваю справу, дамаўляліся і сябравалі з усімі іншымі, хто для іх карысны”.

Спадар Нісьцюк не выключае, што ўсё гэта робіцца для таго, каб прэзыдэнтам гэтага Саюзу ці старшынём саюзнага Саўміна пасьля 2008 года стаў цяперашні прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін.

Гл. таксама • Праект Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы амаль гатовы
XS
SM
MD
LG