Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб пакласьці ў менскі шпіталь В.Леванеўскага з Івацэвічаў везьлі тры дні


Алег Грузьдзіловіч, Менск Тры дні заняло падарожжа вязьня івацэвіцкай калёніі Валера Леванеўскага з Івацэвіч ў менскі турэмны шпіталь, куды яго паклалі на абсьледаваньне і лячэньне. Як зараз пачуваецца лідэр гарадзенскіх прадпрымальнікаў?

Валер Леванеўскі даслаў сваякам ліст з рэспубліканскага турэмнага шпіталя, у якім паведамляе, што ён пачаў курс абсьледаваньня. Пасьля некалькіх галадовак пратэсту Валер Леванеўскі адчуў боль у сэрцы і сьпіне, і адміністрацыя Івацэвіцкай калёніі, дзе ён адбывае пакараньне, пагадзілася на ягоную шпіталізацыю. Між тым ніякіх, паслабленьняў у рэжыме транспарціроўкі хвораму Леванеўскаму дадзена не было. “З Івацэвіч у Менск яго павезьлі 15-га кастрычніка, а ліст ён напісаў 18-га, што прыехаў дзьве гадзіны таму, прыняў душ і толькі-толькі ўладкаваўся. Такім чынам, дарога з Івацэвіч ў Менск заняла тры дні”, – падлічыў сын вязьня Ўладзімер.

(Уладзімер Леванеўскі: ) “Знаходзіцца ён ў нэўралягічным аддзяленьні, у 5-й палаце. Як ён піша, курс лячэньня зойме прыкладна месяц, але калі знойдуць нешта больш цяжкае, то і болей”.

У адміністрацыі менскай калёніі, на тэрыторыі якой знаходзіцца Рэспубліканскі турэмны шпіталь, не камэнтуюць стан здароўя Валера Леванеўскага.

Нагадаем, сёлета тут лячыліся Міхаіл Марыніч і Аляксандр Васільеў, якія, як Леванеўскі прызналі палітычнымі вязьнямі.

***

Валер Леванеўскі будзе знаходзіцца за кратамі яшчэ болей за паўгода. Яго пакаралі двума гадамі турмы за паклёп на прэзыдэнта. Суд убачыў паклёп на прэзыдэнта ва ўлётцы, якую распаўсюдзіў Валер Леванеўскі напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў. “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў адпачываць у Аўстрыю, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”, – было напісана ў гэтай улётцы.
XS
SM
MD
LG