Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Бэрлін не мусіць ігнараваць падтрымкі беларускага рэжыму Крамлём”


Алена Струвэ, Менск “Супрацоўніцтва Нямеччыны з Расеяй працягнецца, аднак пры гэтым Бэрлін ужо ня будзе ігнараваць факту расейскай падтрымкі рэжыму Лукашэнкі”, — заявіў у інтэрвію “Свабодзе” нямецкі хрысьціянскі сацыяліст, дэпутат Бундэстагу і Эўрапапарлямэнту Бэрнт Посэльт. Спадар Посэльт пракамэнтаваў новыя прызначэньні ў нямецкім урадзе ды выказаў свае меркаваньні адносна магчымых зьменаў у замежнай палітыцы Бэрліна адносна новых суседзяў Эўразьвязу.

Камэнтуючы новыя прызначэньні ў нямецкім урадзе, мясцовыя журналісты і аналітыкі робяць часам супрацьлеглыя прагнозы. Паводле аптымістаў, у выніку стварэньня вялікай кааліцыі адбудуцца тыя пазытыўныя зрухі, якія не былі магчымыя ў зьвязку з канфрантацыяй вялікіх нямецкіх партыяў. Што да пэсымістаў, то яны прадбачаць далейшую стагнацыю, бо большасьць важных міністэрскіх партфэляў па-ранейшаму дасталіся сацыял-дэмакратам. Выказваюцца і наступныя думкі: у параўнаньні зь мінулым урадам, у новым кабінэце значна менш міністраў з гэтак званым палітычным профілем. Якога меркаваньня ў гэтым зьвязку прытрымліваецца баварскі палітык, сябра ХСС Бэрнт Посэльт?

(Посэльт: ) “Магу сказаць, што і ў цяперашнім кабінэце нямала цікавых разумных палітыкаў. Што да лідэра ХСС Эдмунда Штойбэра, які прызначаны міністрам эканомікі, то гэта вельмі яркі палітык. Хутчэй за ўсё, ён будзе старшыняваць у гэтай трохпартыйнай кааліцыі і безумоўна будзе ўплываць на ўсю палітычную палітру. Калі ж гаварыць пра новага міністра замежных справаў сацыял-дэмакрата Франка-Вальтэра Штайнмаера, то ён, сапраўды, крыху чыноўнік, але гэта інтэлектуал зь вялікім палітычным досьведам.

Дарэчы, пакуль яшчэ ня вырашана, хто будзе прызначаны дзяржміністрам і дзяржсакратаром, акрамя таго, чакаецца прызначэньне двух дзяржміністраў у МЗС, у тым ліку адзін зь іх будзе адказваць за пытаньні Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы. Пакуль яшчэ цяжка штосьці прагназаваць, бо кааліцыйныя перамовы яшчэ ня скончыліся, ды і сама вялікая кааліцыя складаецца з розных крылаў, але ўсё ж магу сказаць наступнае: як прадстаўнікі ХСС альбо часткі вялікай кааліцыі мы будзем выступаць за выпрацоўку дакладнай і яснай лініі ў пытаньнях дачыненьняў з краінамі-суседзямі Эўразьвязу, у тым ліку і Беларусьсю”.

(Карэспандэнтка: ) “Паводле некаторых нямецкіх аглядальнікаў, гэтая лінія наўрад ці зьменіцца. Бо беларуская палітыка Бэрліна заўсёды ёсьць другасным фактарам дачыненьняў з Расеяй. Што да расейска-нямецкіх стасункаў, то, вядома, што Ангела Мэркель ухваліла праект новага расейска-нямецкага газаправоду. Стратэгічныя інтарэсы Нямеччыны на супрацоўніцтва з Расеяй застаюцца, такім чынам, ранейшымі?”

(Посэльт: ) “Магу сказаць, што супрацоўніцтва з Расеяй застанецца, але яно будзе без такога экстрэмальнага каханьня, якое існавала дагэтуль. Як заявіла спадарыня Мэркель, каапэрацыі — так, аднак мы пры гэтым мы ня можам заплюшчваць вочы на розныя паталягічныя адхіленьні, якія існуюць у Чачэніі, у расейскай унутранай палітыцы, і зразумела ў расейскай пазыцыі што да афіцыйнага Менску. Нямецкія хрысьціянскія сацыялісты будуць заўсёды артыкуляваць сваё жорсткае стаўленьне да спадара Лукашэнкі і да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. І другі момант: мы за тое, каб Бэрлін вызначыў дыстанцыю ў дачыненьні да Крамля. Безумоўна, нашая каапэрацыя з Расеяй застанецца, гэта неабходна, аднак ёсьць моманты, якіх нельга ігнараваць. Напрыклад, тое, што Масква імкнецца падтрымліваць рэжым Лукашэнкі”.
XS
SM
MD
LG