Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гадавіна з дня забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай


Любоў Лунёва, Менск Год таму трагічна загінула журналістка Вераніка Чаркасава. Яе забілі ва ўласнай кватэры, калі яна зьбіралася на працу. Забойца нанёс 47 удараў нажом. Цела знайшлі позна ўвечары яе сын і айчым. Яны самі выклікалі хуткую дапамогу і міліцыю. Потым іх прызналі падазраванымі. Цяпер яны маюць статус сьведкаў у крымінальнай справе. Сьледчыя дагэтуль не знайшлі забойцу.

На могілкі прыехалі сваякі, калегі і сябры Веранікі Чаркасавай, каб ушанаваць яе памяць. Вераніку пахавалі побач з бацькам. За тры тыдні да сваёй сьмерці яна ўсталявала помнік на ягонай магіле. Такі ж помнік цяпер стаіць і на магіле Веранікі. Калегі журналісткі выдалі кнігу яе некаторых публікацыяў за апошнія дзесяць гадоў.

Адзін са складальнікаў кнігі Аляксандар Старыкевіч, рэдактар газэты “Салідарнасьць”, дзе працавала Вераніка Чаркасава, сказаў некалькі словаў:

(Старыкевіч: ) “Слушна ў свой час казала Жанна Ліцьвіна, што Вераніка сваім целам засланіла ўсіх нас. Мы сёньня ужо ня шмат можам, але і ня так мала. Хаця здаецца, што ўлада супраць нас і грамадзтва абыякавае. Але некаторыя падзеі прадэманстравалі, што ўсё-такі прэса захоўвае пэўную вагу нават у сёньняшніх умовах. Пасьля забойства Веранікі мы ў пэўным сэнсе не далі зьдзейсьніцца другому забойству. Гэта адна з рэчаў, якія мы можам і павінны рабіць”.

Айчым Веранікі Чаркасавай Уладзімер Мялешка выказаў падзяку журналістам за падтрымку яе сям’і.

(Мялешка: ) “Тая жудасная першая ноч… Ад 10 да 12 — той прамежак часу, калі мы яе згубілі… Потым былі тры дні, дзевяць дзён, сорак дзён. Цяпер год… Так, як сам час, так і наша памяць сатканая з нашых пачуцьцяў, не абавязкова выказаных. Мяркуюць не па словах, а па справах”.

Намесьнік старшыні БАЖ Эдуард Мельнікаў выказаўся ад імя ўсіх сяброў арганізацыі:

(Мельнікаў: ) “Гэты год быў для нас, яе калегаў, годам, калі мы ўзважвалі свае магчымасьці. Узважвалі наша месца ў гэтым жыцьці і нашу ролю. Таму што, калі ад нас такім чынам сыходзіць чалавек, прадстаўнік нашай прафэсіі, то гэта прымушае нас задумацца аб тым, якое прызначэньне нашай прафэсіі і якую ролю яна павінна адыграваць у грамадзтве. І што такое наша грамадзтва. Што творыцца, што робіцца — гэта адбітак агульнай сытуацыі, якая вакол нас”.

Маці Веранікі Чаркасавай непакоіцца за свайго ўнука. Ён кепска сябе адчувае. Літаральна днямі выпісаўся са шпіталю. Яна ўпэўнена, што менавіта перажытыя стрэсы, зьвязаныя ў тым ліку з допытамі ў пракуратуры, сталі прычынай пагаршэньня здароўя. Антона днямі зноў выклікалі на допыт. Апроч яго, сьледчы выклікае калег і знаёмых Веранікі Чаркасавай, якіх раней ужо апыталі ў справе. Гэта дае падставы сваякам забітай журналісткі меркаваць, што сьледзтва за год так і ня зрушылася да раскрыцьця забойства.
XS
SM
MD
LG