Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Кобрыня пакаралі пастараў эвангельскіх цэркваў


Альгерд Невяроўскі, Менск Прадстаўнікі Кобрынскага райвыканкаму, пажарнай інспэкцыі і санстанцыі наведалі незарэгістраваныя суполкі цэркваў Хрысьціянаў веры эвангельскай і Эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў. У будынках цэркваў былі выяўлены розныя парушэньні, у тым ліку й пажарнай бясьпекі, і на пастыраў гэтых рэлігійных грамадаў склалі адпаведныя пратаколы. Пакараныя сьвятары перакананыя, што такім чынам улады хочуць прымусіць іх зарэгістраваць цэрквы.

Пастар кобрынскай царквы Хрысьціянаў веры эвангельскай Мікалай Радковіч за парушэньне тэхнікі пажарнай бясьпекі аштрафаваны на 25 тысяч рублёў. Вось што ён распавёў у інтэрвію Беларускай “Свабодзе”:

(Радковіч: ) “Прыйшла камісія, правяралі малітоўны дом. Вогнетушыльнік не такі, тое не такое, тое не такое… Не адпавядае кубатуры — трэба 10 літраў, а там быў 5 ці 8 літраў. Ну і выпісалі штраф. На маю думку, асноўная прычына іх візыту ў тым, што царква не зарэгістраваная. Мы лічым, што такі закон, такая рэгістрацыя нам не падыходзіць. Я думаю, што гэта было ўказаньне зьверху — зь Берасьця ці зь Менску. І таму яны так адзначылі сваю працу, што яны былі, яны прайшлі, яны адзначылі ўсё”.

Пратакол дзяржаўная камісія склала і на пастара незарэгістраванай кобрынскай царквы Эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў Сьцяпана Канавальчука. У яго царкве таксама былі знойдзеныя парушэньні. У інтэрвію інфармацыйнаму цэнтру “Свабода сумленьня” спадар Канавальчук назваў дзеяньні чыноўнікаў “парушэньнем Канстытуцыі, якая гарантуе сабоду сумленьня”. Абодва пастыры сьцьвярджаюць, што падобныя праверкі ў іх цэрквах адбываюцца раз на адзін-два гады, і гэтыя візыты амаль заўсёды заканчваюцца штрафнымі санкцыямі.

Супрацоўнік інфармацыйнага цэнтру “Свабода сумленьня”Станіслаў Акінчыц так пракамэнтаваў гэтыя дзеяньні кобрынскіх чыноўнікаў:

(Акінчыц: ) “Тут улады дзейнічаюць старым савецкім спосабам. Яны чапляюцца да вернікаў. Прычым, гэта робіцца ня ў форме парушэньня іхных правоў, а ў форме менавіта прыдзірак розных службаў. Гэта Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, санстанцыя, яшчэ хто-небудзь. Дэманструючы, што гэта пытаньне нерэлігійнае, а нейкіх там пятых, шостых, сёмых службаў. Пры гэтым дзейнічаюць выбарачна: пад ударам апынаюцца, перадусім, пратэстанцкія цэрквы”.

Праблемы таксама зьявіліся і ў незарэгістраванай грамады Эвангельскіх хрысьціянаў баптыстаў у Берасьці. Днямі улады нават хацелі апячатаць іх царкву на той падставе, што яна знаходзіцца занадта блізка ад жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў. Вернікі пакуль сваю сьвятыню адстаялі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG