Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальны банк Беларусі распачаў продаж дыямэнтаў насельніцтву


Ганна Соусь, Менск Сёньня паступілі ў продаж 1055 дыямэнтаў агульнай масай 250 каратаў. Паводле прадстаўнікоў Нацбанку, кошты на дыямэнты будуць значна ніжэйшыя, чым у ювэлірных крамах.

Нацынальны банк Беларусі апошнія гады намагаецца разьвіваць рынак каштоўных мэталяў і камянёў. Кіраўнік прэсавай службы Нацбанку Анатоль Драздоў тлумачыць для Радыё Свабода, чаму менавіта Нацбанк узяў на сябе такую функцыю, нетыповую для цэнтральных банкаў іншых краінаў, дзе на гэтым рынку працуюць камэрцыйныя банкі.

(Драздоў: ) “Нашая эканоміка не настолькі моцная, ня мае столькі свабодных грашовых рэсурсаў, каб гэта ўзьнікла ў выніку прыватнай ініцыятывы. Таму мы бярэм на сябе функцыю разьвіць гэты рынак, а далей хочам, каб тымі ж дыямэнтамі, мернымі залатымі зьліткамі гандлявалі пераважна камэрцыйныя банкі. Хаця сёньня золатам, платынай і срэбрам гандлююць як камэрцыйныя банкі, так і Нацбанк”.

Гандаль каштоўнымі камянямі лічыцца даволі затратнай працэдурай — патрэбнае неабходнае абсталяваньне для ацэнкі сапраўднасьці і якасьці каштоўных камянёў, а таксама спэцыяліты-ацэншчыкі высокай клясы. Паводле Анатоля Драздова, імёны ацэншчыкаў Нацбанку занесеныя ва ўсясьветны рэестар.

Дыямэнты прадаюцца пакуль толькі ў Менску. Першая партыя адносна невялікая — 1055 камянёў памерам ад 0,05 да 0,8 карата. Для прыкладу, 0,8 карата — гэта камень дыямэтрам каля 6 мілімэтраў. Усе дыямэнты круглыя клясычнай агранкі — 57 граняў, розных клясаў і рознай чысьціні, таму дыямэнт аднаго і таго ж памеру можа каштаваць і 500, і 5 тысяч даляраў. Прадстаўнік Нацбанку Анатоль Драздоў працягвае:

(Драздоў:) “Беларускія дыямэнты надта дорага каштаваць ня будуць. Сырыя камяні мы купляем на аўкцыёнах “Алросы”, гранім у Беларусі на прадпрыемстве “Белгран” і прадаем зь мінімальнай нацэнкай. На тыя дыямэнты, што прадаюцца ў ювэлірных крамах, на думку нашых экспэртаў, цэна вельмі завышаная, гандлёвая надбаўка ня дзесяткі, а сотні працэнтаў”.

Плянуецца, што ў будучыні Нацбанк пачне выкупляць у насельніцтва набытыя дыямэнты, як гэта адбываецца цяпер з залатымі зьліткамі.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч гэтак камэнтуе новы від дзейнасьці галоўнага банку Беларусі:

(Багданкевіч: ) “Канечне, не ўласьцівая цэнтральнаму банку функцыя. Я разумею так, што яна накіраваная на выманьне залішняй грашовай масы ў мэтах недапушчэньня інфляцыі, умацаваньня стабільнасьці нацыянальнай грашовай адзінкі”.

А вось меркаваньне экспэрта аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслава Раманчука:

(Раманчкук: ) “Гэта добры крок у добрым накірунку, калі будзе рынак золата і дыямэнтаў. Але гэта, безумоўна, ня той рынак, аб якім трэба марыць, таму што на гэтым этапе нам патрэбная не манаполія Нацыянальнага банку на рынак гэтых тавараў і такі пільны кантроль дзяржавы, а проста звычайны абарот, які павялічыць ёмістасьць гэтага рынку і ягоную прывабнасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG