Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І дуды вобземлю


Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Што мы можам параіць чалавеку, калі ён ніяк ня можа прыняць пэўнага рашэньня, доўга вагаецца альбо марудна, нібы шчэ раздумваючы, цягне справу да завяршэньня? У такім выпадку можна сказаць: “Дык зрабі ж урэшце так ці гэтак – і дуды вобземлю!” Вельмі энэргетычная фразэма, насамрэч заахвочвае як мага хутчэй завяршыць справу. Гэты выраз мае й сынонімы, ня менш сакаўныя: ужо й па клёцках, дый годзе.

Ужываецца фразэма і ў крыху іншым кантэксьце, калі, прыкладам, у чалавека ляснулі ўсе пляны альбо спадзяваньні. “Аднак жа ў рэдакцыі нічога не рабіў, бо адразу найшло людзей, і падняўся гармідар, і ўсе мае дуды вобземлю”, – пісаў у сваім дзёньніку Кузьма Чорны.

Адкуль жа пайшоў такі вобразны выраз, адпаведны, скажам, расейскаму и дело с концом, украінскаму та й по всьому, ангельскаму and there’s an end to it? Відаць, да яго ўзьнікненьня прычыніўся якісь старадаўні звычай, калі дудары, адыграўшы, прыкладам, на вясельлі, кідалі дуды вобземлю на ўдалае завяршэньне вялікае справы. Тут прыгадваецца расейскае затянуть волынку – значыць, марудзіць з завяршэньнем справы. Гэта дапамагае высьветліць этымалёгію фразы: калі прыняцьце рашэньня далося пакутліва, калі праца выконвалася марудна, як граньне ў дуду, пры завяршэньні такое працы варта й дуды вобземлю!

І пры канцы зьвярну ўвагу на адметнае слова вобземлю. Мы не гаворым – дуды аб зямлю, гаворым – дуды вобземлю ці – яшчэ – вобзем. Канчаткова вырашылі нешта, агоралі карпатлівую працу – дык адзначма гэта, магічна выгукнуўшы: “І дуды вобземлю!” Гучыць, як беларускі Амін.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал) Магія мовы: архіў 2005 (3-і квартал)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG