Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шапялі


Віталь Сямашка, Менскі раён (эфір 17 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

У Шапялі, што на Меншчыне, я прыехаў па гарачых сьлядах: увечары на ўскраіне вёскі згарэла прыватная лазьня — як давялося мне дазнацца, пасьля трэцяга, кажуць, не зусім цьвярозага ў яе заходу. Так што з раніцы першы адрас вандроўкі доўга не выбіраў. Ля папялішча гутару з суседам пагарэльцаў ды сьведкам здарэньня Мікалаем Варданскім.

(Варданскі: ) “Ну, як было… Глядзеў тэлевізар — “Поле чудес” ішло. Чую: лясь-лясь, лясь-лясь. Кажу: кот у дзьверы стукае, ці што… Выходжу, гляджу: агонь гарыць, шыфэр пачаў страляць. Пажарныя прыехалі хвілінаў празь дзесяць — мамэнтам. Яшчэ сьцены, комін стаяць. Сказала гаспадыня — праводку замкнула. Усе суседзі павыскоквалі, каб не перакінулася. Я пастаяў: агонь зьбілі, і пайшоў далей кіно глядзець”.

Шапялёўцам яшчэ пашанцавала: не было ветру, і агонь не перакінуўся на электрычную падстанцыю, што за некалькі мэтраў побач. Мяне ж мацней за пажар уразілі прадстаўнікі нешматлікай, так бы мовіць, тутэйшай працоўнай эліты ў складзе паштавікоў, фэльчара ды прадаўцоў. Тым суботнім ранкам працавала толькі пошта, дзе завіхаліся з купамі сьвежых газэтаў дзьве паштальёнкі і загадчыца Ірына Курловіч. На пытаньне пра колькасьць падпісчыкаў нечакана пачуў ад адной з жанчын:

(Спадарыня: ) “Я нічога ня буду гаварыць вам!”

Спадарыня Курловіч тут жа патлумачыла, што гэта, аказваецца, “рэжымная” інфармацыя, якую, маўляў, ня трэба даводзіць абы-каму. Падчас размовы ўсё-такі высьветлілася: штомесяц у Шапялі прыходзіць 151 экзэмпляр розных выданьняў пры пляне 150. І гэта пры колькасьці насельнікаў менш за шэсьць дзясяткаў у тых жа Шапялях! Так што паштавікі дзеля выкананьня даведзенага з раёну пляну мусяць выпісваць на сябе шэсьць-восем выданьняў. Цікаўлюся:

(Карэспандэнт: ) “Хто канкрэтна даводзіць 150 выданьняў на колькасьць насельніцтва менш за сотню?”

(Курловіч: ) “Нічога я ня буду гаварыць болей!”

(Карэспандэнт: ) “Ірына Барысаўна, а вы заўжды гаворыце толькі пасьля таго, як вам кіраўніцтва дасьць дазвол?”

(Курловіч: ) “Так, я маю права даваць інтэрвію толькі, як папярэджу начальства”.

(Карэспандэнт: ) “Вы баіцеся, што ў сувязі з тым, што Шапялі выміраюць, паштовае аддзяленьне могуць закрыць?”

(Курловіч: ) “Не, не баімся, яго ж хацелі закрыць гады два таму”.

Загадчыца Курловіч яўна недагаворвала. Шэсьць гадоў таму, пасьля далучэньня тутэйшага саўгасу “Буцэвічы” да суседняй гаспадаркі, тут закрылі дзьве фэрмы — на 1000 кароў ды 40 коней, ці не ўдвая з таго часу скарацілася і колькасьць жыхароў. А знаёмы вам Мікалай Варданскі мусіў пайсьці працаваць сьлесарам на сьвінакомплекс у суседнія Вугляны. Але ў часе нашай размовы і ён быў у роспачы: якраз напярэдадні яго звольнілі за ўжываньне алькаголю на працы.

(Карэспандэнт: ) “Коля, не шкадуеш, што звольнілі?”

(Варданскі: ) “Чаму, шкадую. Кожны месяц 200 тысяч выходзіла”.

(Карэспандэнт: ) “У саміх жа Шапялях працы няма?”

(Варданскі: ) “Няма, каапэратывы нейкія паадкрывалі, раней лес рэзалі, паддоны за мяжу пастаўлялі. Цяпер будуюць сушыльны цэх, каб сухія дошкі выходзілі. Калі закончаць, можа і ўладкуюся”.



Тым часам у цэнтры Шапялёў адчыніліся крамы — спачатку камэрцыйная, празь дзьве гадзіны — дзяржаўная. Адна ад адной адрозьніваюцца нават вонкава. Вокны апошняй закратаваныя, за імі чамусьці на месцы, дзе звычайна плякат “Іх шукае міліцыя”, партрэт мясцовага ўчастковага, лейтэнанта Паўла Гарткевіча з апісаньнем месцаў, якія ён абслугоўвае. “Мент мусіць сядзець у турме”, — схапіўшы мой позірк, сьмяецца Мікалай, які таксама выбраўся нешта прыкупіць. Уваходзім у працоўную ўжо камэрцыйную “Краму” з шыльдай, напісанай, адрозна ад дзяржаўнай, па-беларуску. За прылаўкам дзясяты год гаспадарыць Надзея Вуткіна. Сюды пераехала з Казахстану. У выходныя абслугоўвае да ста пакупнікоў, у будні — два-тры дзясяткі, кажа спадарыня Надзея.

(Карэспандэнт: ) “Надзея, за дзесяць хвілін, што мы з табой гаворым, у дзяржаўнай краме не было ніводнага пакупніка, а ў цябе тры. Як сама гэта тлумачыш?”

(Надзея: ) “Залежыць ад тавару, што ў нас у наяўнасьці. Людзі ідуць да нас лепей, бо завозім мы маленькімі партыямі і заўжды сьвежае. І хай на 20 рублёў, а ў нас таньней. Пэнсіянэры лічаць кожную капейку і ідуць да нас”.

(Карэспандэнт: ) “А шапялявых шмат у вас пакупнікоў?”

(Надзея, сьмяецца: ) “Бывае, але не шапялявых, а картавых”.

Паводле кнігі “Памяць”, назоў вёскі, што згадваецца ў пісьмовых крыніцах ад пачатку ХІХ стагодзьдзя, утвораны ад мянушак “шапялявы”, “коснаязыкі”. Але гэтая, агучаная мной інфармацыя, выклікае эмацыйную рэакцыю яшчэ адной пакупніцы — Валянціны Хмуровіч. Тут у яе ня толькі лецішча, але і родавая, некалькі пакаленьняў, хата.

(Хмуровіч: ) “Няпраўда, што наша вёска прыгожая пайшла ад нейкіх шапялявых дурняў! У нас разумныя былі людзі, мая маці працавала настаўніцай, бацька ўпраўляючым — тут была маслабойня. Назва вёскі — я ня ведаю энцыкляпэдыяў, а тое, што мае дзяды і прадзеды расказвалі — пайшла ад графа Шапялеўскага, у яго маёнтак тут быў, людзі на яго працавалі і вельмі любілі. І адзін разумны ўдумаў: як добра было пры графу жыць, грошы плаціў усім. І назвалі, што жыў тут граф Шапялеўскі”.



У цэнтры вёскі — будынак былога шапялеўскага клюбу з вынутымі вокнамі, дзьвярыма, кажуць, разрабаваны ўнутры. Раённыя вэртыкальшчыкі ігнаруюць неаднаразовыя просьбы камэрсантаў выкупіць яго, але і на рамонт грошай ня маюць. Побач з клюбам лецішча ўладальніка менскай выдавецкай фірмы “Каўчэг” Уладзімера Кузьміна. “Каўчэг” выдаў каля сотні кніг беларускіх аўтараў, выпусьціў за сотню найменьняў кампакт-дыскаў ды касэтаў, зь іх каля трох дзясяткаў беларускамоўных — у прыватнасьці, славутых “Песьняроў”, “Палацу”, кампазытара Ігара Паліводы. Была б клюбная пляцоўка, арганізоўваў бы выступы беларускіх артыстаў, са скрухай кажа Ўладзімер. Я застаў яго, між іншым, за традыцыйным для яго на выходныя ў Шапялях чытаньнем прэсы.



(Кузьмін: ) “Вёска мусіць жыць, пакуль ёсьць культура. Трэба арганізоўваць выступы пісьменьнікаў, артыстаў, каб вёска не адчувала сябе кінутай. Моладзі няма дзе сустракацца. Я думаю, што можна было б арганізаваць некалькі канцэртаў летам, вясной, тут жа шмат дачнікаў. Можна было б запрасіць “Неруш”, Надзею Мікуліч, якія б з задавальненьнем выступілі. А праз культуру трэба адраджаць беларускую мову. Днямі быў абраны Аляксандар Мілінкевіч, адзіны кандыдат ад дэмакратычных сіл. Я ведаю пра ягоную адданасьць беларушчыне і Беларусі. За такога кандыдата ў прэзыдэнты я б прагаласаваў”.

Свой невялікі хлеўчык спадар Кузьмін аддаў шэпелеўскаму старажылу — 63-гадоваму Пётру Іванавічу Кандратовічу, былому мэханізатару, які ў 1970—1980-я працаваў у складзе трактарнай брыгады, што базавалася ў вёсцы, дзе і тады не было ні газу, ні водаправоду. Але часы зьмяніліся яшчэ да горшага, наракае спадар Пётра.



(Кандратовіч: ) “Адзінокія людзі без дапамогі. Апрацаваць участак, сена прывезьці, пасеяць — няма на чым. Штосьці тры гады не расьце ў Шапялях бульба, ва ўсіх. Я пятнаццаць мяхоў пасадзіў, дый садзіў не абы-якім насеньнем, угнаяў, а ўбіраў — пяць мяхоў прыбытку. Раней прычэп на тоны 3—4 бульбы з тых пятнаццаці мяхоў браў!”

(Карэспандэнт: ) “Чаму бульба мрэ?”

(Кандратовіч: ) “Каларадзкія жукі батву зьядаюць, сёньня папырскаў, праз два дні ізноў сядзяць. Трава пайшла — “мэрыканкай” завуць. З макрыцай лягчэй ваяваць было. А гэту ня выжнеш ніяк. У калгасе хімпраполку робяць, а тут жа хто зробіць?! Ні аграном, ні заатэхнік не прыяжджаюць. Захварэе парася, хрэн ведае да каго зьвяртацца. Карову пакрыць — быкоў няма. Кароў і ня стала ў вёсцы ўжо, раней было сорак, а цяпер стала дзесяць. А ўзімку бабкі яшчэ здадуць і на вясну застанецца сем-восем. Альбо сам захварэў — куды да ўрача зьвярнуцца? Трэба ў Вішнеўку ехаць. Туды заедзеш, дапусьцім, і два-тры кілямэтры ісьці. А назад тады як?!”

Тым ня менш, у 13-гадовага сына дзядзькі Пётры Рыгоркі ды ў 15-гадовай Натальлі розныя пляны на будучыню.

(Карэспандэнт: ) “У Шапялях застанесься, калі школу скончыш?”

(Рыгорка: ) “Мг, так... Я хачу стаць трактарыстам...”

(Натальля: ) “Калі школу закончу, паеду ў Менск давучвацца”.

(Карэспандэнт: ) “А жыць тут хацела б?”

(Натальля: ) “Каб было б больш народу, весялей, чаму б і не?”

(Карэспандэнт: ) “А колькі аднагодкаў, зь якімі можна сябраваць?”

(Натальля, сьмяецца: ) “Мой аднагодка — адзін хлапец на ўсю вёску! У школу з Шапялёў езьдзяць восем чалавек усіх узростаў”.

Што да палітычных поглядаў, у старога Кандратовіча яны ўкладаюцца ў бясспрэчную для яго тэзу.

(Кандратовіч: ) “Да Лукашэнкі было ўсё развалена. Лукашэнка — нармальны дзядзька, пэнсію своечасова дае. У яго дарадцы благія, вось у чым справа. А што ён адзін зробіць?!”

Іду пехатой кілямэтры тры, і маім вачам адкрываецца пасярод лесу сапраўдная кветачная ааза на 3,5 гектара. На калісьці зьдзічэлым калгасным полі месьцяцца — дайце веры! — дэкаратыўныя саджанцы шыпшыны, глогу, ляшчыны, шаўкавіцы і нават паўднёвага фундуку. Чатырнаццаць гадоў таму сталі фэрмэрамі 56-гадовая Алена Кунаева і ейны брат Алег. Зь фізыкаў па спэцыяльнасьці ды гарадзкіх жыхароў яны незваротна, як самі кажуць, сышлі ў лірыкі, пасяліўшыся тут. На плянтацыі застаў Алену.

(Карэспандэнт: ) “Экзатычнасьцю сваёй прадукцыі бераце?”

(Алена: ) “Ну так, імкнемся несьці прыгажосьць, езьдзім на выставы ў іншыя краіны, каб прывезьці навінкі ў Беларусь. У нас шырокае кола пакупнікоў — ад пэнсіянэраў, што бяруць лекавыя культуры, яблыні новых гатункаў, і заможныя людзі, якім трэба азеляніць катэдж ня горш, чым у заходніх краінах. І будаўнікі, якім трэба азеляніць навакольную тэрыторыю — кожны знойдзе па жаданьні і магчымасьцях”.

Акрамя шасьці чалавек зь сямействаў Кунаевых тут працуюць шэсьць сэзонных рабочых, якія на продаж рыхтуюць штогод да 10 тысяч розных саджанцаў, кажа Алена.

(Алена: ) “На адным квадратным мэтры 400 чаранкоў — і маглі б забясьпечыць усю Беларусь. Штосьці ўнутры нас выбірае нашы дарогі, і вось мы тут. Прыяжджаем у горад — нам там цесна бяз нашых шэпелеўскіх прастораў, бяз нашага нябеснага блакіту і адкрытага паветра”.



Яшчэ ў краме быў запрошаны пагасьцяваць у Валянціны Хмуровіч. Гаспадыня частуе смачнымі салодкімі яблыкамі, хваліцца вялізнымі баравікамі, што гадзіну таму назьбіралі ў лесе. Выкладае адмысловы погляд на будучыню сваёй малой радзімы. Але спачатку дзеліцца ўспамінамі:

(Валянціна: ) “Дзед мой жыў да 1939 году, і ноччу прыйшлі, увялі, і больш яго ня ўбачылі. Вялі сваю гаспадарку, былі як кулакі, працавалі моцна. І бабка засталася з чатырма дзецьмі, адзін на вайне ўмёр. А бабка была, як я, лянівая — люблю гуляць і нічога не рабіць, каб мой муж зь мяне пылінкі здуваў. (Сьмяецца.) Нічога не прыдумшчыца”.

(Карэспандэнт: ) “Валя, Шапялі — апірышча духу, дабрабыту?”

(Валянціна: ) “Віталь, я хлусіць ня буду. Табе, відаць, трэба, каб я сказала, што гэта мая радзіма? Вёска забітая, запушчаная, вады ўлетку няма ў калёнках, калі горача. Для сьмецьця кантэйнэры паставілі і па тры тыдні не вывозяць — усё валяецца. Я не разумею, чаму мы павінны адраджаць гэтыя сёлы, чыя гэта палітыка і хто гэтага хоча?! Да нас у госьці прыяжджаў француз, сябра дачкі, ён быў у шоку — у іх такое толькі на малюнках можна ўбачыць! Мусяць будавацца вялікія фэрмэрскія гаспадаркі, а дрыжаць — калёнкі, сьмецьце... Хай у нас халупкі яшчэ, але цягам часу за 30 кілямэтраў ад гораду мусяць стаць катэджы ў нашых дзяцей. І ня тое што мы выяжджаем на соткі, каб што пасадзіць, выжыць, а каб гэта быў дом адпачынку, як у Францыі!”

Ужо на прыпынку сустракаю Тамару Арцімовіч, якая працуе ацяпляльніцай у краме. Чую яшчэ тое-сёе зь мясцовага калярыту.



(Карэспандэнт: ) “Тома, у цябе дом №1, а якая вуліца?”

(Тамара: ) “А ў нас вуліц няма, а нумары на кожным доме стаяць. На ўсю вёску адзін ліхтар. Вакол адны пэнсіянэры...”

Перад хатай Тамары прыгожы, неабдымна-велізарны клён. Для гаспадыні — прадмет гонару, сымбаль надзеі.

(Тамара: ) “О, нашмат старэйшы за мяне. Я малая была, а ён ужо стаяў. Клён застанецца, а Шапялі, можа, не — ужо людзі павыміраюць...”

(Карэспандэнт: ) “А насельніцтва ад дачнікаў корміцца?”

(Тамара: ) “Дачнікі ад вясковых, то малако, то яйкі, то тварог. Праўда, землі пазайманыя, бур’янам не растуць. Парасстройваліся, што ўжо ня сыдуць”.

(Карэспандэнт: ) “Будзе ня вёска Шапялі, а лецішча Шапялі?”

(Тамара: ) “Канечне, лецішча, канечне...”

XS
SM
MD
LG