Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краскі


Ягор Маёрчык, Краскі, Ваўкавыскі раён, Гарадзеншчына (эфір 20 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

(Маёрчык: ) “А чаму мы не ўваходзім празь дзьверы, а ўлазім праз акно?”

(Вартаўнік: ) “Таму што ў нас няма ключоў”.

Палац-замак выглядае дагледжаным толькі звонку — белыя сьцены, ацалелая вежа з флігелем, ганак з калянадай і каваныя гаўбцы. Усярэдзіне зусім іншая карціна. Рэстаўрацыя яшчэ ня скончаная. Такое ўражаньне, што будаўнікі пайшлі на абед. Вось-вось яны вернуцца і працягнуць тынкаваць сьцены. Але ніякіх працоўных тут няма ўжо некалькі гадоў. Фармальным уладаром будынку — завод ліцейнага абсталяваньня з Ваўкавыску. А насамрэч тут гаспадараць вартаўнікі. Адзін зь іх водзіць мяне па залях. Экскурсіяў яны ня ладзяць, але калі папросіш — усё пакажуць і распавядуць.

(Вартаўнік: ) “Сьцены тут пераробленыя, а столь засталася ад пана, ёй ледзь ня дзьвесьце гадоў. Паркет таксама застаўся ад таго пана. Тут мала аднаўляць трэба, бо шмат працы ўжо зроблена”.



Разам з вартаўніком ідзем па сьцежцы. Сярод дрэваў старога парку відаць іншыя будынкі. У некаторых дзьверы і вокны замураваныя, а ёсьць і такія, дзе зеўраюць дзіравыя дахі і выбітыя шыбы. Трава ўздоўж сьцежкі даходзіць да пояса.

(Вартаўнік: ) “Мы ахоўваем палац і глядзім, каб ніхто туды ня лез. Ёсьць шмат такіх выпадкаў. Некаторыя прыяжджаюць шукаць скарб. Але яны нічога не знайшлі, бо я іх пагнаў”.

(Маёрчык: ) “Яго ў савецкі час неяк выкарыстоўвалі?”

(Вартаўнік: ) “Ад 1947 году тут быў санаторый, пасьля зрабілі лячэбна-працоўны прафілякторый”.

(Маёрчык: ) “І гэтая прыгажосьць — што архітэктурная, што прыродная — і на алькаголікаў добра ўзьдзейнічала?”

(Вартаўнік: ) “Можа быць, і ўзьдзейнічала. Пілі яны з крамы ўсялякую гадасьць, працягвалі сваю справу”.

(Маёрчык: ) “Я чуў такое, што нібыта яго зьбіраюцца аднаўляць?”

(Вартаўнік: ) “Яны зьбіраюцца аднаўляць тры гады — столькі, колькі я тут працую”.

Вёска Краскі знаходзіцца ў Ваўкавыскім раёне Гарадзеншчыны. У савецкі час яна была слынная мэдычнай установай усесаюзнага значэньня — санаторыем для сухотнікаў. Мясцовым жыхарам да гістарычнай спадчыны не было справы. Галоўнае, што лякарня давала ім працу.

Паводле іроніі лёсу, крэўныя бабы Волі захварэлі на сухоты. Але здарылася гэта за часамі, калі лякарню ў Красках ужо скасавалі.



(Вольга: ) “Мы тут доўга не жывем. Я сама адсюль, але мы жылі ў Азэрбайджане і працавалі на небясьпечным заводзе, які прадукаваў шкловалакно”.

(Маёрчык: ) “А чаму вярнуліся сюды?”

(Вольга: ) “Вайна ў Карабаху. Вы не ўяўляеце, што там тварылася!”

(Маёрчык: ) “Доўга там жылі?”

(Вольга: ) “Дваццаць восем гадоў”.

(Маёрчык: ) “Цяжка было перабудавацца з таго жыцьця на беларускі лад?”

(Вольга: ) “У нашай сям’і ўсе захварэлі на сухоты. Пяць месяцаў таму памёр сын, зяць памёр сем месяцаў таму. Яшчэ двое на падыходзе. Яны ўжо ляжаць, і нічога добрага зь іх ня будзе”.

На 99% насельнікі Красак пэнсіянэры. На прыблізную сотню толькі адзін працуе ў калгасе. Да яго мы яшчэ дабяромся, а пакуль пра старых. Яны спраўна атрымліваюць пэнсію, зь яе і кормяцца. На першы погляд, вяскоўцы ўсім задаволеныя. Але як капнеш — вылазяць праблемы. Пры мікрафоне жыхарка Красак, якая прадставілася бабай Валяй.



(Валя: ) “Некалі было радыё. Яно так добра гаварыла! А чаму гэтага цяпер няма?”

(Маёрчык: ) “А прыймач у вас ёсьць?”

(Валя: ) “Няма!”

(Маёрчык: ) “Была цэлая дзяржаўная праграма. Дротавае радыё скасавалі, і вам мусілі выдаць прыймачы”.

(Валя: ) “Не было ў нас такога! І цяпер ёсьць жаданьне слухаць радыё, але нічога не чуваць”.

(Маёрчык: ) “Наагул, як жыцьцё ў Красках?”

(Валя: ) “Натуральна, што цяжка жывецца. Вунь ідзе мужчына, у яго баба калека. Ён усё жыцьцё прарабіў. А хто ім цяпер дапамагае? Той самы сельсавет увагі не зьвяртае. Ён ля хаты некалькі сотак рукамі пасадзіць і выкапае. Баба-калека таксама ў калгасе працавала. Калгас цяпер на іх увагі не зьвяртае. Добра, што ёсьць прыватнікі, якіх можна наняць. Толькі так бульбу і можна выкапаць”.

Што спакайней для нэрваў: мець прыймач і слухаць эфір, альбо жыць бяз радыё? Баба Валя і ейная суседка пэнсіянэрка Валянціна Талерчык адказваюць па-рознаму. Паслухаем спадарыню Талерчык:



(Талерчык: ) “Разурат сільнейшы! Цяпер па прыймачу адкрыта ідуць вульгарызмы. Вось на гарадзенскім радыё абмяркоўваюць, у чым хлопцы апранутыя. Я супраць такога вульгарызму!”

(Маёрчык: ) “Абмяркоўваць такіх тэмаў нельга?”

(Талерчык: ) “Так! Трэба, каб усё гэта было схавана. Я сядзела і думала, што яны гавораць?! Да майго ўсьведамленьня гэта не даходзіла! Я не магу такога перажываць, мяне аж трасе”.

(Маёрчык: ) “Мясцовыя ўлады пэнсіянэрам дапамагаюць?”

(Талерчык: ) “У мяне комін разваліўся, а я сама не залезу. Майстроў няма. Я б іх наняла, каб яны былі. Я ў сельсавеце заяўку пакінула, але ніхто нічога не адказаў. А прэзыдэнта я абажаю! Толькі ў яго мала памочнікаў. А што яны там страйкуюць?! Пры Польшчы ён пастрайкаваў бы! Яго б так запяклі, што ня ведаў бы, куды дзецца. Хай яны прыходзяць у вёску, бяруць вілы і ідуць працаваць. Яны нічога ня робяць, але хлеб гатовы ядуць!”

(Маёрчык: ) “Хто страйкуе?”

(Талерчык: ) “Апазыцыя, хай бы яны ў вёску пайшлі! А вы, можа, самі за апазыцыю? Можа, ад апазыцыі карэспандэнт, а не ад прэзыдэнта? Можа, вы ад апазыцыі прыехалі паглядзець на наша бязладзьдзе?”

(Маёрчык: ) “Але ў вас тут парадак”.

(Талерчык: ) “У галаве ў нас парадак, а тое, што навокал — бязладзьдзе”.

(Маёрчык: ) “Нават калі б я быў з апазыцыі — ці гэта было б дрэнна?”

(Талерчык: ) “А вы яшчэ ў Амэрыку перадасьцё, што ў нас тут беспарадак. Нашто нам такое? Мы самі павінны гэта ліквідаваць”.

А калі пытаньне пра працу сапраўды паставіць рубам, высьветліцца, што падацца ў Красках няма куды. Адзіны на ўсю вёску калгасьнік Віця, на працоўнае месца — мэхдвор — езьдзіць за некалькі кілямэтраў.

Ад тыдзень няголенага спадара крыху патыхае перагарам. Ён эмацыйна абураецца несправядлівасьцю жыцьця. Кажа, што выкладаецца напоўніцу, а мае за гэта сьмеху вартыя грошы.

(Віця: ) “Чалавек адбыў пасяўную па дванаццаць гадзінаў, а яму заплацілі 175 тысяч. А там столькі пылу зьясі! Ні трактару ня бачыш, ні каткоў ня бачыш, а трэба сеяць. Каб мне плацілі, я б свайго месца трымаўся, а так ня хочацца хадзіць на працу”.



(Маёрчык: ) “А чым вы на жыцьцё зарабляеце?”

(Віця: ) “Я пайду дапамагу пэнсіянэру, а ён мяне пакорміць. Навошта працаваць у саўгасе, калі так такога не атрымаеш?”

І зноў я вяртаюся да тэмы жыцьця пэнсіянэраў. Старым нецікава распавядаць пра палац, што на ўскрайку вёску. Для іх гэта паўсядзёнка. Але ім карціць выказацца пра цяжкасьці цяперашняга жыцьця — і тут усе кажуць пра кіраўнічку калектыўнай гаспадаркі. Размаўляю з жыхаром Красак, які адмовіўся прадставіцца. Сваю абачлівасьць дзядок патлумачыў тым, што праўды ў іхнай мясцовасьці ніхто ня любіць, а яму тут яшчэ жыць.

(Спадар: ) “Я хацеў выпісаць 50 кіляграмаў збожжа, але я ня ведаю, зь якога боку да яе падысьці. Летась давалі 100 кіляграмаў на хату. Тады мяне яшчэ пакатавалі, каб я прынёс працоўную, ці я з саўгасу пайшоў на пэнсію”.

(Маёрчык: ) “Той жа Аляксандар Лукашэнка кажа, што пэнсіянэры — гэта першы клопат дзяржавы. Вы гэта адчуваеце?”

(Спадар: ) “На паперы — так. А ў жыцьці... Можа, недзе там і клапоцяцца, а тут свае вынішчаюць. Я прарабіў 44 гады, а што я атрымліваю? 160 тысяч! Я пасадзіў 40 сотак бульбы і зь мяне злупілі 70 тысяч”.

Краскі — вёска, якая памірае. Аднак, нават калі б нікога з жыхароў тут не засталося, каменныя муры палацу так і будуць стаяць пасярод старога парку.



Але ж тутэйшыя лічаць, што можна давесьці будынкі да ладу і адчыніць тут базу адпачынку. І тады жыцьцё Красак упрыгожыцца новымі фарбамі.
XS
SM
MD
LG