Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаворкі пра ўсходнія адзінаборствы


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск (эфір 16 кастрычніка) Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

(Ягор Маёрчык: ) “Вітаем усіх у праграме “Маладыя галасы”!”

(Вольга Канапелька: ) “Гэтым разам нашы гаворкі прысьвечаныя ўсходнім адзінаборствам”.

ГАВОРКІ ПРА МУАЙ-ТАЙ

(Маёрчык: ) “Пачынаем мы з самага бадай папулярнага баявога мастацтва — з тайскага боксу. (Другі назоў — муай-тай.) У гэтым спорце Беларусі ёсьць чым пахваліцца. Зборная краіны — сярод першых у сьвеце”.

(Канапелька: ) “Даведка “Маладых галасоў”: адзін з самых жорсткіх відаў адзінаборства, узьнік у Тайляндзе болей за 2 тысячы гадоў таму. Муай-тай перакладаецца як “свабодны бой”. Ён адметны сваімі правіламі — можна біць літаральна па ўсім целе: ад галавы да ног”.

(Маёрчык: ) “Воля, закругляйся зь лекцыяй на тэму “тайскі бокс” і пачынай прадстаўляць нашага госьця”.

(Канапелька: ) “Каб быць ляканічнай, скажу так: у “Маладых галасах” трохразовы чэмпіён сьвету Віталь Гуркоў”.



(Гуркоў: ) “Пачаў займацца, бо, як і любому падлетку, хацелася быць моцным. Штогод прыходзіць шмат людзей, і залі нават перапоўненыя. Праходзіць нейкі час, і бальшыня людзей пакідае. І я ня думаў, што буду гэтым доўга займацца. На трэніроўках было шмат хлопцаў. Я глядзеў, што яны мацнейшыя за мяне і ў іх лепей атрымліваецца. І меркаваў, што яны стануць сапраўднымі чэмпіёнамі, што яны ўсё жыцьцё прысьвяцяць тайскаму боксу. Усе гэтыя людзі некуды зьніклі, а я застаўся. І цяпер адчуваю, што на мяне цяпер глядзяць па-іншаму”.

(Маёрчык: ) “Давайце па парадку. Вы прыйшлі ў клюб — і што далей? Як малады чалавек з простага чалавека з вуліцы становіцца спэцыялістам?”

(Гуркоў: ) “На трэніроўках першы час трэба да ўсяго прывыкнуць. Трэба прывыкнуць да атмасфэры. Дзіўна тое, што трапляеш у новы сьвет. Твой трэнэр — гэта ў першую чаргу твой сябра, гэта старэйшы сябра. Зь ім на “вы”, таксама павага, таксама ты атрымаеш сваё пакараньне, калі гэта будзе патрэбна. А духоўнасьць ідзе ад настаўніка, твайго трэнэра. Калі ты шукаеш нешта для сваёй духоўнасьці, ты сілкуесься гэтым духам. А калі ты ходзіш у залю, каб лупіць па мяхах, а хлопцы на раёне цябе за гэта паважаюць... На самай справе сярод такіх байцоў вельмі мала сапраўдных. Гэта толькі паказуха”.

(Маёрчык: ) “Неаднаразова выпадала чуць, што людзі, якія валодаюць усходнімі адзінаборствамі, выкарыстоўваюць свой досьвед не ў зусім сумленных сытуацыях. Гэта тычыцца вулічных боек і высьвятленьня прыватных адносінаў. Ці былі такія сытуацыі ў вас? Умоўна кажучы, узьнікла крытычная сытуацыя: вы стаялі ў чарзе ў шапік, а я падышоў і пачаў патрабаваць 200 рублёў. А вы не падзяліліся. І вось мы дайшлі да сытуацыі, калі зараз пачнецца бойка. Вы будзеце супакойваць сябе, альбо будзеце супакойваць мяне? Вы скажаце, што вы — трохразовы чэмпіён сьвету, што, можа, нам ня варта біцца, і мы разыдземся мірна?”

(Гуркоў: ) “Ды я вам дам 200 рублёў. Скажу: “Бяры ды адчапіся!” А прынцып рэакцыя на рэакцыю — гэта болей па-жывёльнаму. Ён праяўляецца ў больш экстрэмальных сытуацыях. А ў сытуацыі, калі нехта штосьці хоча даказаць... Я сам сабе ўсё даказаў, і я ніколі ня буду канфліктаваць”.

(Маёрчык: ) “Усясьветная практыка: людзі, якія займаюцца ўсходнімі адзінаборствамі, атрымліваюць шмат прапановаў пайсьці працаваць ахоўнікам, у службу бясьпекі, у спэцслужбы. Ці сутыкаліся вы з гэтым? Вы разглядаеце такую магчымасьць?”

(Гуркоў: ) “Прафэсійнае выкарыстаньне — гэта ня праца ахоўніка ці спэцназаўца ў СОБР. Прафэсійнае ўжываньне — гэта імкненьне да вышыняў, каб быць майстрам сваёй справы. На дадзены момант я ня бачу ў гэтым ніякай пэрспэктывы, мне гэта не патрэбна. Я ведаю спартоўцаў, якія працуюць ахоўнікамі, у спэцыяльных падразьдзяленьнях. Але на гэтым заканчваецца твая кар’ера як байца”.

ГАВОРКІ ПРА ДЗЯВОЧУЮ ДЖЫЎ-ДЖЫТСУ

(Канапелька: ) “Ягор, на тваю думку, чаму ўсходнія адзінаборствы такія папулярныя?”

(Маёрчык: ) “Што да спэцыфікі Беларусі, тут трэба вярнуцца мінулае. За савецкім часам баявыя мастацтвы былі пад забаронай. Падчас перабудовы па цэнтральнай тэлевізіі паказалі мастацкі фільм пра манахаў манастыра Шао-Лінь. Наступнымі былі баевікі з удзелам галівудзкіх зорак Бруса Лі, Джэкі Чана і Чака Норыса”.

(Канапелька: ) “Памятаю я гэтыя першыя баявікі і асабліва тое, у якіх умовах іх глядзелі! Звычайна хлопцы-падлеткі, чалавек дваццаць, бралі відэамагнітафон напракат, зьбіраліся на кватэры. І, гледзячы гэтыя фільмы, вывучалі манахаў і ніндзя, а пасьля на школьных перапынках з крыкамі “кі-я!” махалі рукамі і нагамі...”

(Маёрчык: ) “У мяне такое ўражаньне, што ты сама прысутнічала на гэтых відэасэансах. А пасьля сама на школьных перапынках махала рукамі і нагамі і крычала “кі-я”. Прызнавайся!”

(Канапелька: ) “Прызнаюся, што відэасэансы і вельмі часта такія зборы адбываліся ў нашай кватэры, бо ў мяне было два старэйшых браты!”

(Маёрчык: ) “А што наконт маханьня рукамі і нагамі і крыкаў “кі-я”?”

(Канапелька: ) “Я ж табе сказала, што ў мяне было два старэйшых браты, якія маглі за мяне памахаць рукамі і нагамі. У небясьпечнай сытуацыі яны маглі абараніць мяне”.

(Маёрчык: ) “Спадарства, чарговая аўтабіяграфічная зацемка з жыцьця Вольгі Канапелькі сьведчыць пра тое, што баявыя мастацтвы на пасьлясавецкай прасторы заваявалі незьлічоную колькасьць фэнаў. Клюбы, у якіх за грошы прапаноўвалі авалодаць усходнімі адзінаборствамі, множыліся, як спам у электроннай пошце. Воля, а твае браты ў які клюб хадзілі?”

(Канапелька: ) “Згадаць нейкага клюбу не магу. А вось што тычыцца старэйшага зь іх, ён быў сам сабе і настаўнікам, і вучням”.

(Маёрчык: ) “Як гэта?”

(Канапелька: ) “Ён самастойна спрабаваў стаць сапраўдным майстрам! Навыпісваў нейкіх часопісаў, а потым усё практыкаваўся! Каб ты бачыў ягоныя крывавыя рукі, якімі ён дубасіў дрэвы! Проста жах!”

(Маёрчык: ) “У той час, калі брат Вольгі Канапелькі калечыў навакольнае асяродзьдзе, у клюбах разам з хлопцамі займаліся і прадстаўніцы слабога полу”.

(Канапелька: ) “І пасьля гэта ў цябе язык паварочваецца называць дзяўчат слабым полам?!”

(Маёрчык: ) “Выбачаюся: не слабы пол, а самая прыгожая частка чалавецтва”.

(Канапелька: ) “То ж бо то! Глядзі ў мяне!”

(Маёрчык: ) “Я працягну... Гады шлі, мянялася і мода. Пасьля каратэ і дзюдо былі баскетбол і гонкі “Формула-1”. Людзей у клюбах баявых мастацтваў то болела, то менела, але жанчыны заўсёды заставаліся стабільным кантынгентам. Ім авалодваньне прыёмамі было патрэбнае не для таго, каб цешыць свае самалюбства і самасьцьвярджацца, а для самаабароны”.

(Канапелька: ) “Ведай нашых!”

(Маёрчык: ) “Ведаю я вашых... Паколькі Вольга Канапелька ні каратэ, ні ў-шу не займалася, сваімі досьведам яна падзяліцца ня можа. Жаночы погляд на адзінаборствы ад маладой мянчучкі Насьці”.



(Насьця: ) “Я два гады займаюся джыў-джытсу. А чаму займаюся, сама ня ведаю. Захацелася чагосьці такога незвычайнага, праверыць сябе. Мне падалося, што я змагу навучыцца і нават пастаяць за сябе”.

(Маёрчык: ) “Што такое джыў-джытсу? Чым адрозьніваецца гэты стыль ад іншых?”

(Насьця: ) “Джыў-джытсу — гэта клясычны японскі вельмі старажытны стыль адзінаборстваў. Гэта стыль самураяў. Прынцып тут такі — выкарыстоўвай сілу свайго суперніка супраць яго самаго. Калі на цябе нападаюць, ты можаш даць адпор і сам пабіць ворага. Гэта прыгожыя дасканалыя рухі і дасканалыя ўдары. У першую чаргу гэта нешта духоўнае. Перад кожнай трэніроўкай ёсьць духоўны абрад канцэнтрацыі сілы. Гэта сыстэма дыханьняў і паклонаў, гэта ўсхваленьне школы, настаўніка і адно аднаго. Ты нічому не навучысься, калі будзеш думаць, што ўсё залежыць толькі ад твайго цела. У першую чаргу трэба навучыцца кантраляваць рухі і дзеяньні сваім нутром”.

(Маёрчык: ) “Звычайна ўсходнімі адзінаборствамі больш цікавяцца хлопцы-падлеткі, чым дзяўчыны”.

(Насьця: ) “А на самай справе, дзяўчат сярод усіх вучняў каля 10%. Дзяўчатам гэта таксама цікава, бо самаабарона патрэбная. Кожная дзяўчынка хоча паказаць, што яна ня проста слабы пол, што яна моцная і здольная на нешта большае”.

(Маёрчык: ) “Ці здаралася такое, што вы ўжывалі вашы навыкі?”

(Насьця: ) “Так, аднойчы такое здарылася. Вечарам я вярталася з дыскатэкі. Нейкія нецьвярозыя падлеткі, кляса дзявятая-дзясятая, падышлі да мяне і папрасілі цыгарэту. Я сказала, што не палю. Яны не паверылі і пачалі да мяне чапляцца. Адзін зь іх схапіў мяне за валасы... Я нават не магу сказаць, які прыём я ўжыла, гэта было нешта завучанае на памяць. Карацей, аднаму заламала руку, а іншаму патрапіла ў жывот”.

(Маёрчык: ) “Ці зьмяняецца стаўленьне хлопцаў, калі яны даведваюцца пра ваша захапленьне?”

(Насьця: ) “Хлопцы найперш усьміхаюцца, а пасьля кажуць: “Пакажы што-небудзь”. А калі я паказваю, яны крычаць ад болю”.

ГАВОРКІ ПРА ТРАЎМЫ

(Канапелька: ) “Ягор, ты якім відам спорту займаўся?”

(Маёрчык: ) “Адразу скажу, што ўсходнімі адзінаборствамі я не займаўся, а аддаваў вольны час плаваньню і воднаму пола”.

(Канапелька: ) “У вашае камандзе былі выпадкі пашкоджаньня на трэніроўках і спаборніцтвах?”

(Маёрчык: ) “Былі расьцягненьні цягліцаў. А каб што больш сур’ёзнае, то не. Наагул, плаваньне — гэта мірны від спорту, а баявыя мастацтвы — досыць небясьпечная забава. Уяві сытуацыю: два воіны робяць усё, каб перамагчы адно аднаго. Чалавечае цела далёкае ад дасканаласьці, і ў адзін жахлівы момант не вытрымлівае сілы ўдару”.

(Канапелька: ) “І як вынік — зьяўляюцца гузакі, пераломы, вывіхі ды шмат чаго падобнага на іх. Статыстыкі ніхто не вядзе, але самі спартоўцы кажуць, што прыкладна палова зь іх раней ці пазьней атрымліваюць сур’ёзныя пашкоджаньні. Вось вам прыклад — наш госьць Зьміцер атрымаў пашкоджаньне і бліжэйшым часам ня зможа выступаць на рынгу”.



(Зьміцер: ) “Вельмі шмат калецтваў — гэта ламаныя насы, гэта пашкоджаныя калені і локці. Пару тыдняў, і гематомы праходзяць. Паламаныя насы я бачыў у жыцьці, але паламаных рук і ног я пакуль яшчэ ня бачыў. У мяне да сёньня ёсьць мэніск — гэта такі нарост на костцы, які вельмі перашкаджае працы суставаў, ён прыносіць чалавеку вельмі сур’ёзны боль. Цяпер я гэтага ўжо не адчуваю. Мне выпісалі прышчэпкі і вадкасьць, якая зьбіралася ўнутры, рассмоктвалася. Я ня ведаю, на ўсё жыцьцё гэтае пашкоджаньне ці не. Аднак я ўпэўнены, што такіх сытуацыяў можна пазьбегнуць, калі займацца з галавой. Самае горшае — гэта тое, што здарылася з Аляксеем Ігнашовым пару тыдняў таму. Ён чэмпіён сьвету і Эўропы. Яму зрабілі апэрацыю на двух каленях, выдалялі мэніск. Ён павінен быў біцца за выхад у васьмёрку наймацнейшых байцоў сьвету. Я лічу, што гэта самае страшнае — калі ў цябе траўма, і ты ня маеш часу для ўзнаўленьня, і гэта можа прывесьці да вельмі сур’ёзных наступстваў”.

(Маёрчык: ) “А як вашыя бацькі ўспрымаюць траўмы?”

(Зьміцер: ) “Я ніколі не хаваў сваіх траўмаў ад бацькоў, бо яны заўсёды ставіліся да майго выбару вельмі сур’ёзна. Але калі атрымаў гэтае пашкоджаньне, былі нараканьні з боку маці”.

ГАВОРКІ ПРА ІДЭАЛІСТАЎ

(Канапелька: ) “Ягор, а што для цябе самае дзіўнае ў баявых мастацтвах?”

(Маёрчык: ) “Праўду кажучы, маральны бок быў самым вялікім адкрыцьцём, бо некалі на тэлеэкранах мы бачылі адно бойкі з крыкамі “кі-я!”. І толькі пазьней высьветлілася, што адзінаборствы маюць рэлігійныя і культурніцкія карані, што гэта ня толькі набор прыёмаў, але адмысловая гімнастыка для лёгкіх, цырымоніі і нават танцы павагі перад настаўнікам, школай і супернікам. Шчыра шкада, што вельмі часта гэта застаецца па-за кадрам мастацкіх фільмаў і тэлевізійных перадачаў”.

(Канапелька: ) “Так, публіка заўсёды ахвочая да відовішчаў. Беларусь — не радзіма баявых мастацтваў. Тут яны зьявіліся адносна нядаўна, але прыхільнікі ўжо пасьпелі падзяліцца на дзьве няроўныя часткі: адны робяць акцэнт на відовішчнасьць, спартовасьць і такім чынам папулярызуюць адзінаборствы. Іншыя імкнуцца не забывацца і пра выкананьне маральных запаветаў і дасягненьне адпаведнага эмацыйнага стану”.

(Маёрчык: ) “Да ўдзелу ў “Маладых галасах” мы запрасілі колішняга каратыста, а ў дадзены момант выкладчыка аднаго з прыватных ВНУ Яўгена”.

(Яўген: ) “Назапасілася такое расчараваньне не ва ўсіх усходніх адзінаборствах, але ў некаторых. Калі ў цябе пачынае атрымлівацца і цябе пачынаюць прасоўваць на спаборніцтвы, то тады адчуваеш, што досыць, трэба з гэтым закругляцца і сыходзіць, бо прафэсійны спорт — гэта адсутнасьць здароўя. Чаму мастацтва, якое ты практыкуеш, павінна прыносіць некаму шкоду? Мне ня хочацца кагосьці калечыць. Баявое мастацтва і спорт — гэта крыху рознае. Дзе спорт, там і грошы. Шмат у каго з майстроў зьмяніўся акцэнт з самапаляпшэньня і самазьмяненьня, са спазнаньня сьвету на зарабляньне грошай. Я іх не асуджаю, бо патрэбна і такое. Я толькі кажу, што гэта ня мой шлях”.



(Маёрчык: ) “Калі і як вы зразумелі, што гэтая агрэсія — гэта ня ваша?”

(Яўген: ) “Калі я ўдзельнічаў у спаборніцтвах, мы выйшлі біцца з хлопцам. Я ўбачыў, што ён настроены вельмі агрэсіўна. Ён біў максымальна моцна, каб скалечыць мяне ці забіць. Мне ж рабіць тое самае зусім не хацелася. Я абараняўся і не разумеў, навошта яго зьнішчаць тут, на рынгу, дзеля забавы публікі. Майстар мусіць быць узорам культуры. Аднак некаторыя зоркі зьяўляліся звычайнымі людзьмі, якія маглі выпіць і добра пагуляць. Калі ты займаесься баявым мастацтвам, ты мусіш займацца ім штодня. Аднак чалавек мог “філоніць”, а пасьля за месяц пачынаць займацца і выйграваць спаборніцтвы”.

(Маёрчык: ) “На рынгу відаць фізычную частку адзінаборстваў. А як жа духовая і маральная?”

(Яўген: ) “Адзін з галоўных прынцыпаў — не дазваляць сабе слабінкі. Мы дазваляем сабе многае і нават не заўважаем гэтага ў жыцьці. Пасьля некалькіх слабінак наш характар цалкам зьмяняецца і мякчэе. А ў баявых мастацтвах падчас бойкі любая слабінка можа быць лятальнай. Алькаголь і тытунь — гэта вонкавае. Але часта слабінкі ідуць з нутра: пазьней прачнуцца, болей паспаць, болей пакінуць сабе ці не падзяліцца зь сябрам”.

(Маёрчык: ) “Вы згодныя з тым, што ў вас досыць ідэалістычны падыход?”

(Яўген: ) “Згодны. Я гэта прызнаю, але ў мяне ёсьць шмат сяброў, якія лічаць гэтак сама. Праблема ў тым, каб, сканцэнтраваўшыся на маралі і філязофіі, не згубіць ужытковага аспэкту. Я ведаю, што ў Менску ёсьць некалькі закрытых школаў, якія гэта спалучаюць. Адтуль выходзяць добрыя майстры, але яны не займаюцца камэрцыйным спортам”.

(Маёрчык: ) “Тэма нашай праграмы — усходнія адзінаборствы. Мы гаварылі пра тайскі бокс, выслухалі дзявочы погляд на джыў-джытсу, даведаліся пра траўмы, а таксама паразважалі пра ідэалістычнае ўспрыманьня маральнага боку баявых мастацтваў”.

(Канапелька: ) “З вамі былі Вольга Канапелька і Ягор Маёрчык. Водгукі на праграму “Маладыя галасы” можна дасылаць на адрас: moladz@tut.by”.

(Маёрчык: ) На гэтым мы з вамі разьвітваемся. Хутка зноў пачуемся на хвалях Радыё Свабода!”
XS
SM
MD
LG