Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля рэстаўрацыі ў Чэхіі арган ізноў гучыць у філярмоніі


Іна Студзінская, Менск Учора ўвечары ў Вялікай залі філярмоніі адбыўся першы арганны канцэрт пасьля пяці гадоў рэстаўрацыі інстумэнту. Назва яго сымбалічная – “Новае жыцьцё вялікага аргану”. Выступалі лепшыя беларускія выканаўцы – народны артыст Беларусі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Ігар Алоўнікаў, Канстанцін Шараў, Ксенія Пагарэлая, Уладзімер Неўдах. Гучалі творы Баха, Брамса, Рэгера, Райнбэргера, Янчанкі.

Вялікаму аргану Беларускай дзяржаўнай філярмоніі, як і ёй самой – 42 гады. У 1963-м інструмэнт быў выраблены вядомай чэскай фірмай “Рыгер-Клос” пад кіраўніцтвам славутага арганіста Іржы Райнбэргера. У разабраным выглядзе ў Менск арган даставілі ў шасьці таварных вагонах. Кажуць, званок пра прыбыцьцё яго ў Менск прывёў тагачаснага дырэктара ў стан жаху – ці памесьціцца ў будынку такі вялізны інструмэнт?

А памеры вялікага філярманічнага аргану сапраўды ўражваюць. Тое, што бачаць гледачы з канцэртнай залі, як кажуць, толькі вяршыня айсбэргу, невялікая частка інструмэнту. Усяго ў ім, так бы мовіць, 3 паверхі. Вышыня – 12 мэтраў, шырыня – 15 мэтраў, 4 – глыбіня. 10 паветраных мяхоў, магутныя рухавікі, 6500 мэталічных і драўляных труб. Але, нягледзячы на магутныя габарыты, арган – надзвычай далікатны, адчувальны, пяшчотны інструмэнт, які патрабуе асаблівага клопату.

Некалькі гадоў у філярмоніі цягнуўся капітальны рамонт, і вялікі канцэртны арган вельмі моцна пацяпреў. Распавядае Станіслаў Чарняўскі, галоўны даглядчык інструмэнту, які разам з чэхамі 42 гады таму яго ўсталёўваў і з тае пары трымае ў належным стане

(Чарняўскі: ) “Пыл паўсюль, вельмі шмат бруду. Трэба было ўсе трубкі зьняць, ачысьціць ад пылу, мэханізмы давесьці да асновы, праінтаніраваць, каб трубкі гралі. Потым настройка, рэгуліроўка мэханікі, трэба было магніты падвесьці, мяхі ўплатніць. Вельмі шмат было працы”.

Уявіце сабе – шэсьць з паловай тысяч мэталічных і драўляных труб. Самыя маленькія – вышынёй 1 сантымэтар, дыямэтрам са звычайны аловак, самыя вялікія – васьмімэтровыя ў вышыню, паўмэтра ў дыямэтры. І ўсе трэба было разабраць, пачысьціць, прывесьці ў належны стан, адрэстаўраваць, паставіць на месца. Паслухаем Станіслава Чарняўскага.

(Чарняўскі: ) “Разьмясьціць 6 з паловай тысяч труб, трэба было ўсё зьняць, стэляжы зрабіць, каб раскласьці, дайсьці да мэханізму, з караня пачынаць, адкуль паветра ідзе. Шчылінкі ўжо былі. 42 гады аргану! А ў памяшканьні філярмоніі вельмі дрэнна захоўваецца арган – суха. Трэба, каб вільготнасьць 70% была, а тут вельмі суха, 50%, нават даходзіць да 40%”.

Учора я трапіла, так бы мовіць, у самае “чэрава” толькі што ўсталяванага аргану. Ішлі апошнія прыгатаваньні да канцэрту, апошняя настройка, праверка гуку. Гутару з даглядчыкам аргану Станіславам Чарняўскім.

(Карэспандэнтка: ) “Ну а зараз як вы ацэньваеце стан, як гучыць арган?”

(Чарняўскі: ) “Ну, цяпер нармальна. Давялі яго, настроілі. Усё добра”.

(Карэспандэнтка: ) “Артысты, выканаўцы спрабавалі ўжо граць?”

(Чарняўскі: ) “Ой, канешне! Усе арганісты ўжо прашчупалі, правялі па некалькі рэпэтыцыяў”.

(Карэспандэнтка: ) “А гэта самы вялікі арган у Беларусі?”

(Чарняўскі: ) “Так, самы вялікі”.

(Карэспандэнтка: ) “Але вы ўвесь гэты складаны мэханізм перабралі і ўсе 6 з паловай тысяч трубачак ведаеце?”

(Чарняўскі: ) “Так, літаральна ўсе былі зьнятыя, усе праходзілі праз рукі. Кожнай трубачцы трэба і паветра даць, і каб грала, гучала”.

(Карэспандэнтка: ) “Вось 42 гады вы разам з гэтам арганам. А самі граць на аргане ўмееце?”

(Чарняўскі: ) “Як аматар”.

Станіслаў Чарняўскі абавязкова прысутнічае на кожнай рэпэтыцыі і на кожным канцэрце. Учорашняя прэм’ера прайшла бліскуча, з аншлягам. Праўда, ня ўсім пашанцавала трапіць на першы арганны канцэрт – заля не магла ўмясьціць усіх жадаючых…
XS
SM
MD
LG