Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Наша ніва”: ці паставяць п’есы нобэлеўскага ляўрэата на беларускай сцэне?


Юлія Шарова, Менск Агляд незалежнага друку

Сёньняшняя “Наша ніва” друкуе вялікі артыкул пра ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Гаральда Пінтэра. Брытанскі драматург беларусам вядомы хіба што па публікацыі ў часопісе ARCHE перакладу ягонага памфлету супраць вайны ў Іраку. Ці магчыма такое, што ягоныя п’есы будуць ставіцца на беларускай сцэне? Драматург Мікалай Халезін кажа, што такіх шансаў мала й праблема нават не ў адсутнасьці перакладу. Са словаў спадара Халезіна, беларускі глядяч у масе сваёй няздольны будзе ўспрымаць Пінтэраву тэатральную мову, бо наш глядач выхаваны на мове савецкага тэатру.

“Брестский курьер” публікуе інтэрвію з Аляксандрамі Мілінкевічам. Пра што газэце распавёў адзіны кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі? Кажа намесьнік галоўнага рэдактара Дзьмітры Паталятаў.

(Паталятаў:) Чым яно цікавае? Я мяркую, некаторымі падрабязнасьцямі хутчэй за ўсё, бо такога кшталту матэрыялы прыйшлі ў розных газэтах, а ў нас ёсьць падрабязнасьці, якіх няма ні ў каго. Пытаньні задаюць: “Скажыце, ці даўно Вы носіце бараду?” Пытаюцца пра радавод, пра продкаў. І ў тым ліку тут ёсьць бліц-інтэрвію зь Інай Кулей, сужэнкай Аляксандра Мілінкевіча”.

Апрача таго, з гэтага інтэрвію можна даведацца, на якой машыне езьдзіць адзіны кандыдат ды шэраг іншых рэчаў, не зьвязаных з палітыкай.

Чутак вакол будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі шмат. Бо практычна кожны жыхар Беларусі ўклаў свае грошы ў гэты праект. Адны кажуць, што будынак бібліятэкі нахіляецца, другія – што правальваецца ў дрыгву, треція – што на будоўлі загінула шмат народу, а чацьвертыя, што бібліятэка стала ўжо “дыямантавай” паводле свайго кошту. “Камсамолка” вырашыла праверыць гэтыя чуткі.

Таксама “Камсамолка” піша пра тое, што ў наступным годзе імпартных цыгарэтаў у Беларусі будзе яшчэ меней. Пакуль камісія Міністэрства гандлю вызначыла квоту ў памеры 1,5 мільярды цыгарэтаў. Звычайна беларускім палёнцым гэтага хапае на паўгода.

У Слоніме нядаўна заквітнела яблыня, паведамляе “Газета Слонимская”. Гаспадары дзялкі цуд прыроды адразу не заўважылі, а між тым відовішча было фантастычнае – белая квецень на галінках дрэва, дзе яшчэ віселі апошнія несарваныя яблыкі. Але на гэтым цуды прыроды ў Слоніме ня скончыліся: там у сярэдзіне восені расквітнелі й далі ягады суніцы. Цяпер застаецца толькі здагадвацца, што стала прычынай такой зьявы.
XS
SM
MD
LG