Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Незалежныя прафсаюзы заяўляюць аб перашкодах у скліканьні чарговага зьезду і не выключаюць, што ён пройдзе па-за межамі Беларусі


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня Рада Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) разгледзіць пытаньне аб магчымасьці правядзеньня чарговага VI зьезду за межамі Беларусі. У парадку дня таксама пытаньне наконт акцыі пратэсту, якую БКДП плянаваў правесьці ў бліжэйшую суботу на плошчы Бангалор.

На суботнюю акцыю пратэсту супраць ціску на незалежныя прафсаюзы атрыманы афіцыйны дазвол Мінгарвыканкаму. Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода паведаміў старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Суразмоўца, аднак, зьвяртае ўвагу на дадатковыя ўмовы, якімі сталічная ўлада абставіла фармальны дазвол.

(Ярашук: ) “Адной рукою далі дазвол, а другой забаранілі. Абавязалі заключыць дамовы зь шэрагам устаноў, такіх як Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сытуацыях, “Хуткая дапамога”, “Мінскзелянбуд” і іншыя. Трэба аплаціць і прадставіць квіткі да 5 тысяч даляраў”.

Паводле Аляксандра Ярашука, дэмакратычныя прафсаюзы – грамадзкая арганізацыя і ня маюць намеру “разбазарваць” грашовыя ўнёскі сваіх сяброў, напрыклад, на міліцэйскія “паслугі” па прымусу. Таму, па словах прафсаюзнага лідэра, мажлівыя наступныя варыянты дзеяньняў:

(Ярашук: ) “Мы заяўлялі пікет на дзьве гадзіны. І мы не такая багатая арганізацыя, каб плаціць такія грошы. Яны ж выдатна ведаюць, што нам гэта проста не па сілах. Таму мы будзем вырашаць, што рабіць. Ці прымаць рашэньне ісьці на плошчу, альбо скардзіцца ў пракуратуру на тое, што ствараюцца штучныя бар”еры і перашкоды ў дзейнасьці нашай арганізацыі”.

Сказаў Аляксандр Ярашук. Пра ціск на дэмакратычныя прафсаюзы паведамляюць таксама ў рэгіёнах. Андрэй Ханевіч з гарадзенскага аб”яднаньня “Азот”:

(Ханевіч: ) “Палітычная актыўнасьць нашых людзей даволі высокая, але вельмі моцна ціснуць. На працаўнікоў ня так, а на майстраў націскаюць і гавораць: “Ты павінен перайсьці зь незалежнага прафсаюзу ў афіцыйны”.

Васіль Корабаў з Салігорску запэўнівае, што незалежныя прафсаюзы застаюцца на сёньняшні дзень арганізацыяй, сілу якой мусіць прызнаць улада. (Корабаў: ) “У незалежных прафсаюзах Беларусі зараз больш 7,5 тысячы людзей, і мы пакрыху расьцём. Людзі ідуць да нас. Людзі вераць нам”.

Агляд дэмакратычных прафсаюзаў павінен быў зрабіць у лістападзе чарговы VI зьезд. Але зараз, як кажа Аляксандр Ярашук, даводзіцца пераглядаць тэрмін і мажлівасьць скліканьня форуму ў Беларусі.

(Ярашук: ) “Усе нашы звароты, каб адшукаць памяшканьне, пакуль заканчваюцца нічым. Усюды -- адмова. Але ж мы павінны выконваць патрабаваньні свайго Статуту і нарматыўныя акты Міністэрства юстыцыі. Калі мы не правядзем зьезд у адпаведныя тэрміны, як прадугледжана Статутам і нарматыўнымі актамі Мінюсту, то ён можа вынесьці папярэджаньне, а можа нават і зачыніць. Тут дзікунства нейкае. Яны нас будуць папярэджваць, а мы проста ня можам зьняць памяшканьне. Калі так і надалей будзе, то мы будзем шукаць сабе месца за межамі Беларусі. У любым выпадку мы будзем праводзіць зьезд. І калі не ў Беларусі, то за яе межамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG