Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Канстытуцыйны акт” г.зв. "саюзнай дзяржавы" рыхтуецца ў вялікай таямніцы


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Маскве адбудзецца плянаванае паседжаньне сумеснай беларуска-расейскай камісіі ў выпрацоўцы праекта Канстытуцыйнага акту саюза Беларусі і Расеі. Ці вядома, што сабой уяўляе гэты праект Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы?

Гэты дакумэнт рыхтуецца ў вялікай таямніцы. Паводле старшыні расейскай дзярждумы Барыса Грызлова, праца над праектам блізкая да завяршэньня. Напярэдадні ён выказаў пажаданьне, каб абмеркаваньне будучых інстытутаў саюзнай дязржавы перастала быць кулюарным. Аднак сытуацыя пакуль не памянялася. Нават сустаршыням грамадзкай беларуска-расейскай праваабарончай камісіі Савета ў правах чалавека пры расейскім прэзыдэнце не ўдалося азнаёміцца са зьместам праекту. Сустаршыня праваабарончай камісіі генэрал Валеры Паўлаў.

(Паўлаў: ) “На жаль, ніхто не валодае гэтай інфармацыяй і ўзяць яе немагчыма, таму што яна пад васьмю пячаткамі. Толькі вылятаюць асобныя фразы. Інфармацыя нулявая. Нават дэпутаты дзярждумы ня ведаюць, ведаюць асобныя людзі. Не даюць нідзе паглядзець, пачытаць”.

Не адкрываюць гэтай інфармацыі і для прэсы. Паводле заяў асобных дэпутатаў, у акце 8 разьдзелаў і 68 артыкулаў. У ім прапісаны асновы дзяржаўнага ладу саюзнай краіны, акрэсьлены паўнамоцтвы Вышэйшага дзяржсавета, савета міністраў і парлямэнта саюза. Мяркуецца таксама ўвесьці адмысловую пасаду кіраўніка саюзнага ўраду. Старшыня камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, сябра гэтай камісіі, Вадзім Папоў заявіў, што ўвядзеньне пасады прэзыдэнта саюзнай краіны будзе дачасным крокам. Гэтае пытаньне, наагул, цікавіць журналістаў, а не сябраў камісіі. А сам дакумэнт не з’яўляецца канстытуцыяй. Тады, што ж новага будзе ў гэтым дакумэнце?

(Папоў: ) “А чаго вы чакаеце новага? Канстытуцыйны акт павінен узаконіць існаваньне саюзнай краіны. А што вы чакаеце, нейкага новага фармаваньня саюзнай краіны? Новага нічога не будзе. Ёсьць саюзная дамова, у рамках гэтай саюзнай дзяржавы і даручана распрацаваць Канстытуцыйны акт – часовы дакумэнт на пераходны пэрыяд.”

Паводле Вадзіма Папова, акт можа стаць фундамэнтам будучай саюзнай канстытуцыі. Але ці прадугледжваецца ім перадача часткі сувэрэнітэту краіны?

(Папоў: ) “У прэамбуле запісана, што дзяржавы з’яўляюцца самастойнымі правасуб’ектамі на міжнароднай арэне і гэта непахісна”.

Які ж будзе далейшы лёс у гэтага так званага Канстытуцыйнага акта?

Калі сёньня абодва бакі прыйдуць да згоды, то ён будзе вынесены на разгляд Вышэйшага дзяржсавету т.зв. “саюзнай дзяржавы”. Паводле расейскага дэпутата Сяргея Ануфрыева, гэты дакумэнт можа быць прыняты ўжо ў 2006 годзе. Вадзім Папоў заявіў, што Канстытуцыйны акт абавязкова будзе вынесены на рэфэрэндум. Але пасьля ўхваленьня кіраўнікамі Беларусі і Расеі, гэты дакумэнт мусяць ухваліць парлямэнцкія структуры. А потым ужо можна весьці размову пра гэты рэфрэндум. Паводле В.Папова, “гэта яшчэ няблізкі шлях”.

Але што прынясе людзям, звычайным грамадзянам гэты Канстытуцыйны акт? Пытаньне да Вадзіма Папова.

(Папоў: ) “Ну, палезьлі Бог ведае куды. Гэта ўжо прадмет не хвіліннай размовы. Давайце мы пакуль размову з вамі завершым. Гэта прадмет больш доўгай гутаркі, каб вы зразумелі, што ён дасьць вам і іншым грамадзянам абедзьвюх краін”.

Беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў працытаваў вядомыя выказваньні свайго расейскага калегі Аляксея Пушкова.

(Фёдараў: ) “А.Лукашэнку не засталося іншых шляхоў: альбо яму ісьці ў саюзную дзяржаву па расейскіх правілах гульні, альбо ў Гаагу…Я думаю, гэта ўсё зьвязана з тым, што надыходзяць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі і Масква жадае выкарыстаць гэтае становішча, каб націснуць на Лукашэнку, палохаючы яго магчымай чарговай памаранчавай рэвалюцыяй, якая адбудзецца тут”.
XS
SM
MD
LG