Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Надзейнай вакцыны супраць “птушынага грыпу” пакуль няма


Сьвятлана Курс, Прага Міжнародныя прадстаўнікі засьцерагаюць, што сьвет недастаткова падрыхтаваны да магчымай пандэміі “птушынага грыпу”. Міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу заклікалі да глябальнага супрацоўніцтва перад пагрозаю. Многія краіны спрабуюць павысіць свае запасы разрэклямаванага антывіруснага прэпарату Tamiflu. Швайцарская фармацэўтычная кампанія “Roche” згаджаецца прадаць ліцэнзію на гэты сродак.

Чыноўнікі і мэдыкі ва ўсім сьвеце лічаць: існуе сур’ёзная небясьпека таго, што штам вірусу “птушынага грыпу” можа зьмяніцца й выклікаць пандэмію ня толькі сярод птушак, але й сярод людзей. Эўразьвяз назваў пагрозу “глябальнай” пасьля таго, як вірус H5N1 быў выяўлены ў птушак у Румыніі й Турцыі. Гэты штам загубіў 60 чалавек у Азіі з 2003 г.

Сябра Эўразьвязу Грэцыя сёньня заявіла, што вірус птушынага грыпу знойдзены на яе тэрыторыі. Цяпер дасьледуць, ці гэта штам H5N1. Урады ў паніцы кінуліся закупляць Tamiflu, разглядаючы прэпарат як адзіную існуючую абарону супраць H5N1. Прадстаўнік Эўразьвязу ў справах аховы здароўя Маркас Кіпрыяну заявіў:

(Кіпрыяну: ) "Антывірусныя прэпараты – гэта першасная прафіляктыка. Мы будзем працаваць, каб стварыць вакцыны і разьмеркаваць іх як найхутчэй пасьля магчымага зьяўленьня прыкметаў пандэміі грыпу”.

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) азначае, што прымяненьне Tamiflu на раньніх стадыях захворваньня падвышае шанцы на выжываньне, калі чалавек заразіўся H5N1. Швайцарская кампанія “Roche” перадала САЗ 3 млн. дозаў у якасьці аварыйнага запасу.

САЗ рэкамэндуе краінам прышчапіць хаця б 25% насельніцтва. Аднак навуковых дадзеных пра Tamiflu яшчэ мала, таму яго ня варта прымяняць без рэкамэндацыяў доктара. Доктар Бэрнардус Гантэр, спэцыяліст САЗ па сувязях з грамадзкасьцю, кажа:

(Гантэр: ) "Мы не рэкамэндуем людзям адразу выкарыстоўваць Tamiflu, яго трэба ўжываць, калі прапіша доктар, бо, як зь любым антыбіётыкам, існуе магчымасьць, што вірусы прыстасуюцца да прэпарату, і гэта можа адбыцца вельмі хутка. Мы ўжо маем зьвесткі, што менавіта гэта адбылося пры лячэньні дзяўчынкі ва Віетнаме”.

Каля 40 урадаў закупляюць запасы Tamiflu. “Roche” ўжо нестае вытворчай моцы. Аднак спачатку кампанія адмовілася прадаць ліцэнзію на вытворчасьць. Гэта прывяло да міжнароднага ціску на швайцарскіх фармацэўтаў, да заклікаў ігнараваць аўтарскія правы і выпусьціць недарагую версію Tamiflu для бедных, якія таксама хочуць жыць.

Пра сваю гатовасьць выпускаць “танны Таміфлю” заявілі фармацэўтычныя індустрыі Індыі, Тайваню, Тайлянду. І сёньня кампанія “Roche” пагадзілася субліцэнзаваць вытворчасьць Tamiflu пры пэўных умовах.

Тым часам галяндзкая фармацэўтычная кампанія “Akzo Nobel” заявіла, што распрацоўвае вакцыну, якая цалкам засьцерагла б чалавека ад птушынага грыпу.
XS
SM
MD
LG